Вайна

«Мы збіраем іх, як IKEA». Украіна пры дапамозе заходніх тэхналогій сама стварае дроны, якімі атакуе Расію

Украіна выкарыстоўвае заходнія тэхналогіі і фінансы для нанясення сотняў далёкіх удараў па тэрыторыі Расіі. І гэта нягледзячы на тое, што саюзнікі з НАТА па-ранейшаму адмаўляюцца даваць Кіеву дазвол на ўдары па Расіі боепрыпасамі, якія пастаўляюцца імі — у асноўным праз боязь эскалацыі, піша Бі-бі-сі.

Пажар на нафтабазе ў Пралетарску Растоўскай вобласці. Фота: Planet labs

Украіна актывізавала свае далёкія ўдары па тэрыторыі Расіі на працягу апошніх некалькіх месяцаў, запускаючы дзясяткі беспілотнікаў адначасова па стратэгічных цэлях — авіябазах, нафтасховішчах, складах боепрыпасаў і камандных цэнтрах.

Украінскія кампаніі вырабляюць сотні дронаў-камікадзэ ў месяц, іхні сабекошт у разы меншы, чым у аналагічных беспілотнікаў на Захадзе. Прадстаўнікі адной з гэтых кампаній расказалі Бі-бі-сі, што іхнія дроны наносяць значныя страты расійскай ваеннай эканоміцы пры адносна невялікіх выдатках.

Дрон AQ 400 Scythe выраблены з дрэва. Ягоная далёкасць палёту — 750 км. Фота: Terminal Autonomy

Кампанія Terminal Autonomy была заснаваная менш чым паўтара года таму. Цяпер яна вырабляе ў месяц больш за сотню беспілотнікаў вялікай далёкасці AQ400 Scythe з далёкасцю палёту 750 км і сотні беспілотнікаў меншай далёкасці AQ100 Bayonet. Гэтыя дроны робяцца з дрэва і збіраюцца на былых мэблевых фабрыках ва Украіне.

Франсіска Сэра-Марцінс, былы інжынер аўстралійскай арміі, стварыў кампанію разам з украінскім сузаснавальнікам пры фінансавай падтрымцы ЗША. Гэта адна з як мінімум трох кампаній, якія цяпер масава вырабляюць дроны ва Украіне.

Сэра-Марцінс называе гэтыя дроны «па сутнасці лятучай мэбляй — мы збіраем яе, як IKEA». На зборку фюзеляжа ідзе каля гадзіны, яшчэ паўгадзіны — на ўстаноўку электронікі, рухавіка і выбухоўкі.

Кошт дрона Bayonet — некалькі тысяч даляраў, а расійская ракета СПА, якая выкарыстоўваецца для абароны ад яго, можа каштаваць больш за мільён даляраў.

Фота: Terminal Autonomy

Эфектыўнасць дронаў звязаная не толькі з іх таннасцю. Palantir, буйная амерыканская кампанія па аналізе вялікіх масіваў даных, адной з першых стала дапамагаць Украіне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Яна пачала з перадачы праграмнага забеспячэння для павышэння хуткасці і дакладнасці артылерыйскіх удараў. Цяпер яна дала Украіне новыя інструменты для планавання далёкіх удараў дронамі.

Брытанскія інжынеры з Palantir сумесна з украінскімі калегамі распрацавалі праграму для генерацыі і нанясення на карту найлепшых маршрутаў дасягнення цэлі. Palantir дае зразумець, што не ўдзельнічае ў ваенных аперацыях, але дапамагае навучыць больш за тысячу ўкраінцаў выкарыстанню свайго праграмнага забеспячэння.

Бі-бі-сі азнаёмілася з прынцыпамі працы ПЗ. Выкарыстоўваючы патокі даных, праграма можа будаваць картаграму, на якой адлюстраваныя расійскія сістэмы СПА, радары і радыёэлектронныя глушыцелі.

Канчатковы прадукт падобны да тапаграфічнай карты. Чым шчыльнейшыя контуры ліній, тым мацнейшая супрацьпаветраная абарона. Лакацыі ўжо былі вызначаныя Украінай з дапамогай камерцыйных спадарожнікавых здымкаў і сігнальнай разведкі.

Луіс Мослі з кампаніі Palantir кажа, што праграма дапамагае Украіне абысці расійскія сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і супрацьпаветранай абароны, каб дабрацца да цэлі.

«Разуменне і візуалізацыя таго, як гэта выглядае на ўсёй прасторы баявых дзеянняў, вельмі важныя для аптымізацыі гэтых місій», — гаворыць ён.

Выкананне далёкіх удараў беспілотнікамі каардынуецца разведвальнымі службамі Украіны, якія працуюць ва ўмовах сакрэтнасці. Але Бі-бі-сі сталі вядомыя некаторыя дэталі з іншых крыніц. У ходзе адной місіі могуць быць запушчаныя дзясяткі беспілотнікаў — да 60 на адну цэль.

Атакі ў асноўным здзяйсняюцца ноччу. Большасць беспілотнікаў збіваюцца. Цэляў дасягаюць часам усяго 10%. Некаторыя беспілотнікі нават збіваюцца па дарозе дружалюбным агнём — уласнымі сродкамі СПА Украіны.

Украіне прыйшлося распрацаваць спосабы барацьбы з расійскімі электроннымі перашкодамі. Беспілотнік Scythe кампаніі Terminal Autonomy выкарыстоўвае візуальнае пазіцыянаванне — пракладае курс і апазнае мясцовасць з дапамогай штучнага інтэлекту. Удзел пілота ў гэтым выпадку не патрабуецца.

Праграмнае забеспячэнне Palantir пракладае аптымальныя маршруты.

Па словах Сэра-Марцінса, запуск вялікай колькасці беспілотнікаў — гэта ключ да таго, каб перагрузіць і знясіліць расійскую супрацьпаветраную абарону. Таксама важна, каб беспілотнікі былі таннейшыя за ракеты, якія спрабуюць іх збіць, або цэлі, якія яны спрабуюць паразіць.

Прафесар Джасцін Бронк з Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў (RUSI) гаворыць, што атакі беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння з боку Украіны ставяць Маскву перад дылемай. Хоць у Расіі шмат сродкаў супрацьпаветранай абароны, яна ўсё адно не можа абараніць усё.

Прафесар Бронк падкрэслівае, што далёкія ўдары Украіны паказваюць простым расіянам, што «дзяржава не можа абараніць іх цалкам і што Расія ўразлівая».

Украінскія беспілотнікі заўважаліся на адлегласці больш за 1000 км ад мяжы з Украінай. Іх збівалі над Масквой. Але асноўная ўвага надаецца вайсковым аб'ектам. За апошнія некалькі месяцаў былі нанесеныя ўдары па пяці расійскіх авіябазах.

Прафесар Джасцін Бронк гаворыць, што нанясенне ўдараў па расійскіх авіябазах пакуль што з'яўляецца адзіным эфектыўным спосабам, якім Украіна можа адказаць на расійскія кіраваныя авіябомбы. Гэта прымусіла Расею перамясціць самалёты на больш аддаленыя базы і зменшыць частату нападаў.

Украіна відавочна лічыць, што можа дамагчыся большага з дапамогай дальнабойнай заходняй зброі. Але пакуль саюзнікі не згаджаюцца на просьбы Кіева. У Вашынгтоне і Берліне ўсё яшчэ захоўваецца страх, што гэта можа яшчэ больш уцягнуць Захад у канфлікт.

Але гэта не перашкаджае заходнім кампаніям і фінансістам дапамагаць Кіеву.

Украіне, перакананай у тым, што перанос вайны на тэрыторыю Расіі — гэта ключ да перамогі, па-ранейшаму даводзіцца спадзявацца на ўласныя сілы.

Франсіска Сэра-Марцінс таксама лічыць, што заходнія вытворцы ўсё яшчэ «цалкам не гатовыя» да вядзення вайны высокай інтэнсіўнасці — яны вырабляюць значна менш зброі далёкага радыусу дзеяння пры значна больш высокім кошце. Паводле яго слоў, Украіне проста трэба «шмат неідэальных, але працоўных сістэм».

Бі-бі-сі паразмаўляла з адной украінскай кампаніяй, якая ўжо распрацоўвае новую крылатую ракету, прынамсі ў 10 разоў больш танную, чым брытанская ракета Storm Shadow. Нягледзячы на асцярогі Захаду, Украіна плануе ўзмацніць удары па Расіі.

«Тое, што вы бачыце цяпер, — гэта нішто ў параўнанні з тым, што вы ўбачыце да канца года», — кажа Франсіска Сэра-Марцінс.

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →