Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў бачаць па начах незразумелыя зялёныя прамяні. Што гэта такое?
Зялёныя прамяні бачылі на розных участках фронту. Адкуль яны ўзяліся і наколькі небяспечныя?
У апошнія дні ў розных пабліках украінскія вайскоўцы дзеляцца паведамленнямі і здымкамі, на якіх відаць прамяні святла зялёнага колеру, якія ўначы свецяць на пазіцыі проста з неба. Часам гэты прамень суправаджае прасоўванне тэхнікі. Усё гэта адбываецца ў абсалютнай цішыні.
Як выявілася, зялёны прамень — вынік працы цеплавізара з камерай і лазерным цэлепазначальнікам Zala Z-16IRQ-V/L, які ўсталяваны на расійскіх беспілотніках (хутчэй за ўсё тыпу Z-16).
Як піша Defense Express, гаворка ідзе пра сур'ёзную небяспеку. Пасля таго, як пэўнае месца будзе падсвечана, трэба чакаць нанясення па ім удару. Лазернае падсвятленне выкарыстоўваюць для навядзення боепрыпасаў з паўактыўнымі лазернымі галоўкамі. Гэта могуць быць як артылерыйскія снарады, так і авіяцыйныя ракеты ды свабоднападаючыя карэктаваныя авіябомбы (КАБы). Дакладнасць навядзення не залежыць ад сродкаў РЭБ, бо снарад ляціць у пункт, які стварае прамень лазера.
Спецыялісты заўважаюць, што звычайна лазерны прамень для асвятлення цэлі нябачны ў аптычным спектры, паколькі спектр яго выпраменьвання знаходзіцца ў інфрачырвоным дыяпазоне. Чаму ў выпадку расійскіх сістэм ён бачны, што з'яўляецца дэмаскавальным фактарам, незразумела.
Гэты недахоп стварае дадатковую небяспеку для асабовага складу, які, пабачыўшы дзіўнае свячэнне, пакідае ўкрыцці, каб лепш яго разглядзець.
Каментары