Вось пра што быў забаронены артыкул пра Лукашэнку ў «Маскоўскім камсамольцы» — які выдалілі пасля просьбы з Мінска
Артыкул быў змешчаны на сайце «Маскоўскага камсамольца» ўчора вечарам і называўся «Аляксандр Лукашэнка будуе Савецкі Саюз, які мы страцілі».
Артыкул быў выдалены з сайта «Маскоўскага камсамольца», але ў інтэрнэце захавалася копія. Зрэшты, нічога абуральнага ў тэксце няма.
«У Беларусі праходзяць урачыстасці: юбілей нязменнага кіраўніка краіны, якога пяшчотна называюць бацькам, — Аляксандра Лукашэнкі. У пятніцу, 30 жніўня, яму спаўняецца 70 гадоў. Апошнім часам Аляксандр Рыгоравіч быццам бы стаў нават задумвацца наконт пенсіі.
«Вы павінны прывыкаць да таго (я вас распесціў трошкі), што прэзідэнт будзе іншы. Не, я не кажу, што заўтра я вас кіну, паслязаўтра і іншае. Але ўсякае ў жыцці бывае. Вы павінны прывыкаць да таго, што я не вечны, як і ўсе вы», — заявіў ён у пачатку жніўня гэтага года падчас наведвання аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна. Але ўсё ж, хутчэй за ўсё, гэта какецтва. Выбары прэзідэнта Беларусі павінны адбыцца ў ліпені 2025 года [не пазней за ліпень 2025 года — НН], а пра намер у іх удзельнічаць Лукашэнка заявіў яшчэ ў лютым 2024-га.
У чым сакрэт яго палітычнага даўгалецця?
«Нашы суайчыннікі стварылі сабе вобраз Еўропы па савецкіх фільмах пра Шэрлака Холмса. Там утульна, чыста і ўсе законапаслухмяныя. Але, сутыкнуўшыся з еўрапейскімі рэаліямі, расіяне не захацелі адмаўляцца ад мары. І яна ўвасобілася ў вобразе Беларусі», — лічыць расійскі палітолаг, намеснік дырэктара Цэнтра палітычных тэхналогій, прафесар ВШЭ Аляксей Макаркін. Расіяне прыязджаюць у суседнюю дзяржаву і бачаць там узор еўрапейскай мары — утульна, чыста і ўсе законапаслухмяныя. А тыя, хто ніколі не быў у Беларусі, сутыкаюцца з яе аграрнай прадукцыяй у крамах. Яна даступная і нагадвае савецкае мінулае.
«І расіянам няма справы да парушэнняў правоў грамадзян і адсутнасці дэмакратыі. Наадварот, яны лічаць, што Лукашэнка цалкам правільна ўсё робіць — падтрымлівае сельскую гаспадарку і прамысловую вытворчасць, супрацьстаіць міграцыі і не дае разваліцца дзяржаве».
«Лукашэнка ўмела стварае вобраз савецкага кіраўніка калгасу, клапатлівага і патрабавальнага, які гарой за Расію», — мяркуе Макаркін.
Але гістарычна Лукашэнка прайшоў праз складаныя перамены адносін з Расіяй. Так, у 90-я ён успрымаўся як альтэрнатыва Ельцыну, і тады беларускі лідар быў за інтэграцыю ў саюзную дзяржаву, дзе разлічваў стаць кіраўніком.
«З прыходам Уладзіміра Пуціна Лукашэнка зразумеў, што ўзначаліць Саюзную дзяржаву не зможа, і страціў усякую цікавасць да аб'яднання. Ён да гэтага часу зацягвае працэсы стварэння адзінай валюты, бо ведае, як можна доўга цягнуць у гэтых пытаннях».
«Але Лукашэнка свой выбар зрабіў у 2020 годзе, калі ніхто, акрамя Расіі, не мог яму дапамагчы», — мяркуе эксперт. Палітыка шматвектарнасці і падлашчвання з Захадам, прадстаўленне сябе міратворцам і пасярэднікам у стасунках з Расіяй скончыліся пасля выбараў 20-га года. Тады ён стаў для Захаду нелегітымным прэзідэнтам. А яго рашэнні пасля пачатку СВА [вайны ва Украіне — НН], у тым ліку аб размяшчэнні ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, канчаткова пазбавілі яго магчымасці манеўраваць.
«У наступным годзе ў Беларусі пройдуць чарговыя выбары прэзідэнта. І, па ўсёй верагоднасці, Лукашэнка вылучыць зноў сваю кандыдатуру», — мяркуе Аляксей Макаркін. Лукашэнка кажа, што сыдзе, калі будзе спакойна і бяспечна. А які ўжо тут спакой.
«Лукашэнка толькі спрабуе ўплываць на расійскі інфармацыйны парадак дня, — кажа расійскі палітолаг, намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэй Суздальцаў. — Яго феномен заключаецца ў тым, што ён канвертаваў нашы цяжкасці апошніх 20 гадоў у падтрымку сваёй улады і датацыі для сваёй дзяржавы.
Беларусь атрымала ўжо 250 мільярдаў даляраў датацый, хоць мы там нічога амаль не маем, кітайцы больш маюць, чым мы. Лукашэнка праводзіў сепаратныя перамовы з Украінай, як высветлілася ў ліпені, што прывяло да негатыўных наступстваў для нас на фронце. Бо яны дазволілі зняць украінскія войскі з беларускай мяжы і перакінуць іх у Сумскую вобласць.
З украінскага боку ваюе полк беларусаў [Полк Каліноўскага — НН], а з нашага іх добраахвотнікаў не відаць. Усё, што патрабуецца для фронту ад іх прамысловасці, яны нам прадаюць за кошт нашага ж бюджэту. Так што ніякія беларусы нам не браты. Яны глядзяць на нас як на рэсурсную базу. Лукашэнку патрэбныя парты і нафтагазавыя радовішчы. І мы іх яму, вядома, аддамо».
46% апытаных у 2023 годзе расіянаў, паводле звестак даследаванняў ТАА «Інфарм» для фонду «Грамадская думка», палічылі, што стасункі паміж Расіяй і Беларуссю становяцца лепшымі. Прычым 17% упэўненыя, што гэта адбываецца праз цесны кантакт лідараў нашых краін. А 10% — што з-за падтрымкі Беларуссю СВА. Таксама 10% мяркуюць, што справа ў паляпшэнні гандлёва-эканамічных сувязяў. І толькі 3% звязваюць паляпшэнне ўзаемаадносін краін з сяброўскай палітыкай, якую праводзіць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым 59% апытаных станоўча ставяцца да беларускага лідара, з іх 16% звязалі сваё стаўленне да Лукашэнкі з сімпатыямі да яго асабістых якасцяў.
«Лукашэнка вытканы з супярэчнасцяў, і, адпаведна, стаўленне расіянаў да яго — супярэчлівае, — мяркуе доктар гістарычных навук Дзмітрый Громаў.
— Расіяне, асабліва кансерватыўна настроеныя, бачаць у Беларусі Лукашэнкі «Савецкі Саюз, які мы страцілі», гэта значыць краіну, у якой захаваліся прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная абарона. Беларусь успрымаецца як найбліжэйшы саюзнік, як краіна, якая захавала з Расіяй найбольш дружалюбныя адносіны. У той жа час многіх раздражняюць нязгодлівасць беларускага лідара, яго няўменне весці дыялог з уласным народам, імкненне вырашаць унутраныя пытанні шляхам рэпрэсій».
Беларускі ж палітолаг Аляксей Дзермант упэўнены, што Аляксандр Лукашэнка аднолькава блізкі як беларусам, так і расіянам: «Ён блізкі людзям перш за ўсё тым, што ён сам выхадзец з народа, не з нейкай элітнай сям'і, не з наменклатуры, ён чалавек з вёскі, ад зямлі, ад сахі, ад касы, які доўга падымаўся на вяршыні ўлады дзякуючы сваім талентам, а не сувязям. І, напэўна, людзі гэта адчуваюць і давяраюць яму. Акрамя таго, у сусветнай палітыцы ён заваяваў сабе імя тым, што праводзіць незалежную палітыку, не мяняе прынцыпы, не прагінаецца пад дыктат Захаду і пры гэтым захоўвае традыцыйныя сувязі, саюз з Расіяй. І гэта выклікае ў многіх адабрэнне яго палітыкі».
Каментары