У кандыдата ў прэзідэнты ЗША ў галаве знайшлі паразіта. Ён мог з'есці частку мозгу
Незалежны кандыдат у прэзідэнты ЗША ў сваёй кампаніі робіць стаўку на моцнае здароўе. Але 12 гадоў таму Роберт Фрэнсіс Кенэдзі расказваў у судзе пра чарвяка ў сваёй галаве.
У паказаннях падчас шлюбаразводнага працэсу Кенэдзі расказваў, што ў яго ёсць кагнітыўныя праблемы і праблемы з памяццю. Ён наведаў некалькіх неўролагаў, прайшоў шэраг абследаванняў. Лекары не знайшлі пухліны, але затое ўбачылі на здымку дзіўную пляму, піша The New York Times.
Спецыяліст патлумачыў Кенэдзі, што гэта можа быць чарвяк, які з'еў частку мозгу і памёр проста ў галаве. Тады ж юрыст і палітык пакутаваў ад атручвання ртуццю, якое выклікае падобныя сімптомы. У судзе Кенэдзі скардзіўся, што праблемы з памяццю негатыўна паўплывалі на ягоную здольнасць зарабляць грошы.
Прэс-сакратар кампаніі Кенэдзі расказаў выданню Business Insider, што палітык мог заразіцца паразітам падчас паездак па Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі ў рамках праграм па абароне навакольнага асяроддзя. Пры гэтым у штабе Кенэдзі сцвярджаюць, што праблема з паразітам была вырашаная 10 гадоў таму, і зараз з палітыкам усё выдатна. Сам кандыдат у прэзідэнты таксама нядаўна расказваў прэсе, што праблем з памяццю ў яго цяпер няма.
Аднак журналісты даведаліся, што ў палітыка і члена вядомай палітычнай дынастыі ёсць іншыя праблемы са здароўем: яго некалькі разоў шпіталізавалі праз фібрыляцыю перадсэрдзяў, гэта значыць парушэнні сардэчнага рытму. Аднойчы лекары былі вымушаныя выкарыстаць дэфібрылятар, каб вярнуць рытм у норму.
Пры гэтым іронія сітуацыі ў тым, што адным з ключавых тэзісаў перадвыбарнай кампаніі Кэнэдзі з'яўляецца ягонае моцнае здароўе. Піяршчыкі 70-гадовага палітыка фармулююць кантраст паміж Кенэдзі і ягонымі супернікамі — 81-гадовым прэзідэнтам Джо Байдэнам і 77-гадовым экс-прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Роберт Фрэнсіс Кенэдзі-малодшы — сын былога генпракурора ЗША Роберта Фрэнсіса Кенэдзі і пляменнік былога прэзідэнта Джона Кенэдзі. Юрыст, экаактывіст і адзін з лідараў антыпрышчэпачнага руху планаваў удзельнічаць у праймерыз Дэмакратычнай партыі, аднак усё ж вырашыў балатавацца ў якасці незалежнага кандыдата.
Рэйтынгі паказваюць, што Кенэдзі не зможа скласці канкурэнцыю кандыдатам ад дэмакратаў і рэспубліканцаў, аднак ён здольны паўплываць на вынік выбараў у ключавых штатах, якія вагаюцца.
Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 5 лістапада.
Каментары
ну. а кажуць, што ў іх блату няма. ці гэта іншае?