Прысуджаны да 25 гадоў калоніі за канібалізм валгаградзец з'ехаў на вайну з Украінай
На фронце ён сустрэўся з земляком, асуджаным за расчляненне.
Жыхар Валгаграда Дзмітрый Малышаў, асуджаны на 25 гадоў зняволення з'ехаў на вайну ва Украіну. Мужчыну завербавалі восенню 2023 года, а ў лютым 2024-га ён атрымаў раненне, піша «Настоящее время».
Паводле інфармацыі выдання, Малышаў часта публікуе фатаграфіі з фронту на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». На адной з іх ён разам з Аляксандрам Масленнікавым, — ураджэнцам Волжскага Валгаградскай вобласці, асуджаным за забойства з расчляненнем, згвалтаванне, рабаванне і разбой.
У размове з журналістамі Малышаў заявіў, што пайшоў на вайну «ў імя захавання традыцыйных каштоўнасцяў Расіі».
«Мы з Аляксандрам [Масленнікавым] разам сядзелі і разам падпісалі кантракт з Мінабароны ў кастрычніку 2023 года. Служым у «Шторм V». Ведаў я такіх, хто з калоніі сюды ішоў, каб проста змяніць абстаноўку. Звычайна яны хутка знікаюць. Але я разумеў, навошта я еду і куды я еду. Вось вы як паставіцеся, калі ў школе вашай маленькай дачцэ будуць распавядаць у пачатковых класах, як правільна надзяваць прэзерватыў? Мне ненармальна», — заявіў у размове з журналістамі мужчына.
У 2015 годзе Валгаградскі абласны суд прыгаварыў Малышава да 25 гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у забойстве, падрыхтоўцы да крадзяжу аўтамабіля, незаконным набыцці зброі, а таксама замаху на забойства і крадзеж зброі.
Згодна з рашэннем суда, Малышаў забіў знаёмага гваздадзёрам, затым нажом выразаў яго сэрца і засмажыў яго на патэльні.
Аляксандра Масленікава ў 2017 годзе прызналі вінаватым у забойстве і расчляненні дзвюх дзяўчат і прыгаварылі да 22 гадоў калоніі.
Каментары