Усяго летась у Беларусі зарэгістравалі шлюб 56 044 пары, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Лічба супастаўная з 2022 годам: тады за 12 месяцаў зарэгістравалі 57 901 новую сям'ю. Што тычыцца разводаў, то ў 2023-м іх аформілі 33 962 разы. Паказчык крыху ніжэйшы, чым годам раней: тады скасавалі афіцыйныя стасункі 33 980 пар, піша Onliner.by.
Сярэдні ўзрост людзей, якія ўпершыню ўступаюць у шлюб, за год практычна не змяніўся. Для жанчын гэта 26,5 года, для мужчын — 28,8 года.
Часцей за ўсё пары растаюцца з 5-га па 9-ы год шлюбу: на гэтыя гады прыпадаюць 26,1% разводаў. Трохі радзей спыніць адносіны наважваюцца з 1-га па 4-ы год шлюбу — 25% пар, якія разводзяцца. А вось першы год сумеснага жыцця не перажываюць крыху больш за 3% маладых.
Сем'і без агульных дзяцей распадаюцца часцей за астатніх — на іх прыпадае 41,1% усіх разводаў. На пары з адным дзіцем — 36,9% скасаваных шлюбаў, на сем'і з двума дзецьмі і больш — 21,9%.
Белстат таксама падзяліўся статыстыкай па заключэнні шлюбу з замежнымі грамадзянамі. Часцей, чым з іншых краін, акрамя саміх беларусак, мужчыны выбіраюць нявест з Расіі, Украіны, Казахстана, Літвы і Латвіі. У той жа час беларускія нявесты заключаюць шлюб з грамадзянамі Расіі, Украіны, Літвы, Турцыі і Туркменістана.
Каментары