Грамадства

«Не сам ШІЗА страшны, а чаканне». Былы палітвязень расказаў пра застрашванні адміністрацыі, медытацыі і спіс кніг ад «топавых сядзельцаў»

«Я за калектыўную адказнасць: падзяліць гэтыя тэрміны», — разважае Ігар. Ён чакаў, што па яго прыйдуць. Доўгі час ён быў актывістам у Беларусі, а потым яго затрымалі і адправілі ў калонію за ўдзел у пратэстах. Ён распавёў «Медыязоне», што ў камеры з аднадумцамі было камфортна (толькі холадна), успомніў, як медытаваў і рабіў ёгу ў ШІЗА і спаў, грэючы ногі ў пакеце «Еўраопт».

СІЗА на Валадарскага. Фота: Радыё Свабода

«Ты пойдзеш і выратуеш сабой астатніх»

Ігар успамінае пачуццё, якое пераследавала яго ўвесь час у зняволенні: страх, што перад вызваленнем яму дакінуць яшчэ адзін артыкул — 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.

— Могуць накінуць, бо «трэба». Усіх палітычных там перыядычна караюць «для парадку». Але і ты можаш там нешта парушыць несвядома: выйсці без робы, а там будзе нейкі ахоўнік не ў гуморы. Сістэма так працуе, што ёсць пакаранні, ёсць мажлівасць некага перавесці на крытую зону, ёсць мажлівасць накінуць яшчэ год, і калонія павінна іх выкарыстоўваць.

Асцярога Ігара не была беспадстаўнай: у адзін з апошніх разоў, калі ён быў у ШІЗА, да яго зайшоў начальнік калоніі і прапанаваў памыць прыбіральні. Ігар адмовіўся. Начальнік прыгразіў 411 артыкулам і пераводам на строгі рэжым.

— Ён так гэта кажа, што ты не ведаеш: ён гэта сур’ёзна ці не сур’ёзна? У моманце ты ўспрымаеш гэта як пагрозу. І ты як бы: «Блін, ну ўсё». Я ў ШІЗА заходжу і думаю: «П*****ц, яшчэ паўгода ён мне наабяцаў». Я яму кажу: «А за што да мяне такая жорсткасць?» — «Ды ні за што. Проста. Ты пойдзеш і выратуеш сабой астатніх».

«Нешта выдаляць з тэлефона — гуляць па правілах». Затрыманне

Ігара затрымалі ў 2021 годзе. Мужчына чакаў, што па яго прыйдуць, але ў той жа час адганяў гэтыя думкі і ніяк не рыхтаваўся да затрымання. Ён не выдаляў фатаграфіі з пратэстаў з тэлефона, бо быў упэўнены, што пры затрыманні не дасць пароль ад смартфона. Да таго ж, як кажа Ігар: «Нешта выдаляць — гуляць паводле правілаў». А гэтага яму не хацелася.

— Але калі затрымалі мяне, то я, шчыра кажучы, трошачкі разгубіўся і на хвіліну страціў самавалоданне. І ён [сілавік] так сказаў: «У вас жа ў тэлефоне нічога няма?» Я кажу: «Канечне, не», адкрыў тэлефон. А там было.

Пры затрыманні сілавікі не ўжывалі да Ігара фізічную сілу і не ціснулі маральна. Ён не перажываў, што апынецца ў калоніі, але ўвесь час баяўся падвесці іншых.

— Людзі сядзяць. А калі людзі сядзяць, то чаму не ты? Гэта неяк несумленна, што Бабарыка сеў, а мы тут гуляем, ямо марозіва і п’ем піва. А ты хацеў, каб ён гэта зрабіў [пайшоў на выбары], ты быў рады таму, што ён робіць. Але ён зараз сядзіць, а ты не. Я ўвогуле за калектыўную адказнасць: узяць, падзяліць гэтыя тэрміны, калі б так можна было.

Пасля затрымання Ігара адправілі на Акрэсціна на 12 сутак. Адразу яго змясцілі ў чатырохмясцовую камеру, дзе сядзелі 18 чалавек. Мужчына кажа, што там было камфортна: у адной камеры сабраліся аднадумцы, якія размаўлялі, смяяліся, падтрымлівалі адзін аднаго. Толькі месца не хапала.

Пазней Ігара перавялі ў камеру насупраць. Мужчына мяркуе, што там была ўсталяваная праслухоўка. Сукамернікі былі ўжо не «палітычныя», а «дэбашыры». Ігар кажа, што сярод іх быў адзін, які ўвесь час задаваў правакацыйныя пытанні кшталту: «Ты «Майн Кампф» чытаў?»

Калі Ігар захварэў, то яго з высокай тэмпературай перавялі ў маленькую камеру. Там яму дазволілі ўзяць трохі цёплых рэчаў і выдалі матрац. Калі тэмпература спала, матрац забралі. Але Ігару ўдалося пакінуць сабе трохі рэчаў.

— Было холадна настолькі… Добра, што ў меня быў швэдар і куртка, і мы [з сукамернікам] маглі падзяліцца. У майго сукамерніка нічога не было, усё забралі. Мы спалі апошнія ночы ўдвух на адным ложку і курткай адной накрываліся. А ногі удвух засоўвалі ў торбу ад «Еўраопту».

Два заняткі ангельскай у дзень, адзін — нямецкай + кнігі. СІЗА

Пасля адміністрацыйнага арышту Ігара перазатрымалі па крымінальнай справе — частка 1 артыкула 342 КК — аб грубым парушэнні парадку і перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У СІЗА было прасцей, кажа ён: пачалі прыходзіць перадачы і лісты. Ігар ведаў, што ў той час на Валадарцы сядзела шмат ягоных знаёмых.

— Было так смешна, калі мы атрымліваем газету «Беларусы і рынак», і ведаем, што дырэктар сядзіць у камеры пад намі. А «Беларусы і рынак» усё яшчэ да нас даходзіць, і мы чытаем.

— З пункту гледжання людзей мне пашанцавала і ў калоніі, і у СІЗА: больш-менш адэкватныя ўсе былі. Мы там смяяліся. Быў там хлопец, мой сябар, дык у яго: «Усе мудакі, мала нармальных». А ў мяне наадварот: «Усе нармальныя, і толькі парачка мудакоў». А людзі то былі адны і тыя ж. Галоўнае, як ты гэтых людзей успрымаеш.

Ігар правёў у СІЗА амаль год. «Забіваць час» там дапамагала ў тым ліку чытанне. Па СІЗА «гулялі» спісы з кнігамі, якія рэкамендуюць тыя ці іншыя палітвязні. Ігар памятае, што ў яго быў спіс рэкамендацый ад палітолага і літаратуразнаўца Аляксандра Фядуты і бізнэсоўца Аляксандра Васілевіча.

— На самой справе, гэта вельмі добра працавала. Нешта болей інтэлігентнае я браў са спісу Федуты. Насамрэч найлепшыя кніжкі, якія я прачытаў у СІЗА і якія мне вельмі дапамаглі — напрыклад, «Кніга радасці» Далай-Ламы — гэта менавіта паводле рэкамендацыі Васілевіча.

У СІЗА Ігар заўсёды выходзіў на прагулкі, нават калі было кепскае надвор’е. Некалькіх сваіх сукамернікаў ён навучаў англійскай мове: кожны вечар са сваімі вучнямі Ігар праводзіў практычныя заняткі па падручніку. Яны вывучалі правілы, вымаўленне, новыя словы, а на наступны дзень на прагулцы правяралі пройдзенае. «Удзень на шпацыры я бегаю, а ён адказвае мне на пытанні, практыкуе вымаўленне», — тлумачыць Ігар.

Таксама ў СІЗА Ігар пачаў вывучаць нямецкую мову — дапамагаў адзін з сукамернікаў. Таму дні праляталі хутка: два разы на дзень англійская, адзін раз нямецкая і кнігі.

«Не сам ШІЗА страшны — я там быў некалькі разоў, — а чаканне». Калонія

Ігара асудзілі на 2,5 гады калоніі і этапавалі ў калонію. Там ён атрымаў жоўтую «экстрэмісцкую» бірку. Яшчэ з каранціна супрацоўнікі калоніі пачалі праводзіць з ім гутаркі кшталту: «Ах, гэта ты збіраўся ўладу ў Беларусі змяніць?»

— Да мяне фізічнага ціску не было. Але там былі людзі, да якіх быў гвалт фізічны. Некаторым і шокерам давалі. Але гэты псіхалагічны ціск, што [трэба] пакараць, забраць нешта, у ШІЗА кінуць. І не сам ШІЗА страшны — я там быў некалькі разоў, — а яго чаканне.

Ігар кажа, што кожны раз, калі камусьці дадавалі тэрмін па 411 артыкуле, пра гэта аб’яўлялі па гучнай сувязі на праверцы. З калонак гучала: «…осужденному Иванову по статье 411 Уголовного кодекса…». Як толькі ўключаліся гэтыя калонкі, усе разумелі, што хтосьці з’едзе на строгі рэжым. А ўключаліся яны часта, кажа Ігар.

— Ты на сябе адразу прымерваеш, што і з табой гэтаксама можа быць. Ты сустракаеш кагосьці з атраду, дзе далі 411-ы, і пытаеш: «А за што далі?» Ну і там: «Ды ён проста бурэў». Ну і ты: «Ага, далі за нешта, не проста так». І пачынаеш сябе супакойваць: «Ён нешта зрабіў, а ты не». Але кожны раз ты чакаеш, што некаму трэба ехаць на строгую альбо на крытую, і ім трэба кагосці адправіць.

У калоніі і ШІЗА Ігару дапамагалі медытацыі. Лепш за ўсё медытаваць атрымлівалася менавіта ў штрафным ізалятары. Там жа беларус практыкаваў ёгу.

Пакуль не сеў у аўто, дзе былі блізкія, думаў, што яго вядуць на перазатрыманне. Вызваленне

Ігар не будаваў планаў на вызваленне, каб кантраляваць эмоцыі. Пражываў кожны дзень і намагаўся адганяць думкі, што хутка выйдзе на волю. Бо калі нешта пойдзе не так, расчараванне будзе нашмат большым.

— Плюс яшчэ сядзім неяк у медпункце, і тут знаёмы: «О, дык ты хутка выходзіш? А чуў, што там перазатрымліваюць? Людзі выходзяць, і іх адразу затрымліваюць». І ты: «Бля, ну…». А яшчэ нейкія чуткі хадзілі, што [журналіст Аляксандр] Івулін выйшаў, а яму далі [артыкул] за здраду дзяржаве. Не ведаю, адкуль гэты чуткі былі, але ты сядзіш і чакаеш, што і ў цябе такая гісторыя будзе.

Да машыны, на якой палітвязня сустракалі блізкія, яго праводзілі двое аператыўнікаў. Пакуль Ігар не сеў у аўто, ён думаў, што яго вядуць на перазатрыманне. Гэтае пачуццё цягнулася і далей: першыя два тыдні ён чакаў, што яго зноў затрымаюць. Пасля Ігар выехаў з краіны, але разуменне таго, што цяпер ён свабодны чалавек, не прыйшло дагэтуль.

— Таму што людзі там усё роўна сядзяць. Я мог атрымаць 10 гадоў, а атрымаў 2,5. Чалавек рабіў самвыдат і атрымаў 4 гады. Проста таму, што так пайшла яго справа. Маю актыўнасць прынялі проста як актывісцкую. А яго — як экстрэмісцкую, хоць рабілі мы прыкладна адно і тое ж.

Ігар кажа, што дагэтуль успамінае шмат каго з тых, хто быў з ім у калоніі. Уяўляе, чым у гэты момант займаецца той, каму далі 5 год, а чым той, каму прысудзілі больш за 10. Ігар абзвоньвае сваякоў палітвязняў, размаўляе з імі, падтрымлівае. І дагэтуль не ведае, што рабіць з думкамі і ўспамінамі пра зняволенне і калі яны адпусцяць.

— Я не ведаю, як гэта можа адпусціць, калі там сядзіць, напрыклад, Андрэй, якому засталося год адседзець, а ён наогул нічога не рабіў. Сяргей, які выйшаў на карагод паглядзець, і яму 5 год далі. Коля, у якога толькі дзіця нарадзілася, а яму 10 гадоў прысудзілі. Часам я забываю пра гэта, радуюся жыццю, а потым: «Як так? Яны сядзяць, а ты нічога не робіш». І гэта складаней, чым сядзець. Пакуль ты там сядзіш — твая роля ў гэтым агульным працэсе зразумелая. Ты робіш пэўную справу, бо камусьці трэба сядзець.

А калі выходзіш… Нешта робіш, падтрымліваеш блізкіх, але ўвесь час думаеш, а што ты яшчэ можаш зрабіць? Ці ты не можаш зрабіць на адзін крок болей?

Каментары

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі1

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

У Расіі вагнеравец задушыў сяброўку дротам ад зарадкі: яму здалося, што яна яго вярбуе на карысць Украіны

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →