Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»
Акадэмік, пракуроры, суддзі, гендырэктары — шмат вядомых людзей прайшлі праз «Віцьбу-3». «Свабода» расказвае пра «ўзорна-паказальную» калонію, дзе цяпер адбываюць пакаранне 140 палітвязняў.
Ад гарбачоўскага ЛПП да папраўчай калёніі
У 1985 годзе пасля вядомага гарбачоўскага ўказу аб барацьбе з п’янствам у гарадскім пасёлку Віцьба, што за 9 кіламетраў ад абласнога цэнтру, з'явіўся лячэбна-працоўны прафілакторый. У 1992 годзе ЛПП ператварылі ў выхаваўча-працоўную калонію для непаўналетніх. Але падлеткаў там было зусім мала і з лютага 2005 года тут знаходзіцца папраўчая калонія «Віцьба-3» агульнага рэжыму для дарослых.
Пасля таго, як у 2007 годзе закрылі менскую ПК-1, што знаходзілася на вуліцы Кальварыйскай, «Віцьбу-3» вырашылі пераўтварыць у паказальную «чырвоную зону» для «першаходаў». І цяпер «Віцьба» лічыцца «элітнай» і ўзорна-паказальнай — там адбываюць пакаранне былыя чыноўнікі і супрацоўнікі праваахоўных органаў (міліцыянты, следчыя, суддзі, пракуроры), карупцыянеры, а таксама іншаземцы.
У 2011 годзе на тэрыторыю «Віцьбы» са старога рэспубліканскага турэмнага шпіталя пераехала псіхіятрычнае аддзяленне. Цяпер тут таксама працуе псіхіятрычная лякарня, куды прывозяць зняволеных пацыентаў з усёй Беларусі.
Калонія невялікая. У «Віцьбе» адбываюць пакаранне каля 1 тысячы асуджаных. Для параўнання — у Бабруйскай калоніі каля 3,5 тысячы зняволеных.
Знакамітыя вязні
У «Віцьбе-3» адбываў пакаранне намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў, які «адмазаў» матацыкліста, што здзейсніў ДТЗ, у якім загінула дзяўчына. Архіпаў нібыта атрымаў хабар ад бацькі таго маладзёна — залаты злітак і бутэльку дарагога каньяку. Пакаралі пракурора 6 гадамі калоніі, але адседзеў ён толькі паўтара. Вызваліўся праз памілаванне ад Лукашэнкі.
У гэтай калоніі таксама сядзеў акадэмік, былы дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі. Яго асудзілі ў 2019-м на 7,5 года зняволення ў гучнай справе медыкаў. Праз паўтара года акадэміка Бялецкага таксама памілаваў Лукашэнка.
Сядзеў у «Віцьбе-3» і былы кіраўнік «Мотавэла» Аляксандар Мураўёў. Летась ён выйшаў на волю.
Зараз за кратамі ў гэтай калоніі знаходзяцца былы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын, якога асудзілі ў 2020 годзе на 12 гадоў за хабар; гомельскі суддзя Юры Жораў, які атрымаў 13 гадоў за хабар; намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільеў (14 гадоў, таксама за хабар — памерам 250 тысяч даляраў).
141 палітзняволены
Першыя палітвязні ў «Віцьбе-3» з'явіліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Там адбывалі пакаранне былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, а таксама тагачасны кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін. Пасля выбараў 2010 года ў «Віцьбе» пабывалі таксама кандыдат на прэзідэнты Андрэй Саннікаў, грамадскі актывіст Аляксандр Атрошчанкаў, анархіст Ігар Аліневіч.
Цяпер у гэтай калоніі і СІЗА, бадай, самая вялікая колькасць палітзняволеных — 141 чалавек. Сярод іх шмат вядомых людзей: адвакат і сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак, палітык Андрэй Дзмітрыеў, журналіст Дзмітры Наважылаў, былы пракурор Яўген Бабак, былы следчы Яўген Юшкевіч, дзіцячы пісьменнік Дзмітры Юртаеў, актывіст Максім Вінярскі.
Паўгода таму ў «Віцьбе» змяніўся начальнік — замест палкоўніка Аляксея Старавойтава калонію ўзначаліў Філіп Стурчанка, які раней працаваў начальнікам рэжымнага аддзела Дэпартамента выканання пакаранняў Віцебскай вобласці.
Паводле былога зняволенага Андрэя, які вызваліўся восенню 2023 года і пагадзіўся пагутарыць са «Свабодай» на ўмовах ананімнасці, з прыходам Стурчанкі правілы і парадкі сталі больш жорсткімі.
«Раней за дробнае парушэнне можна было абысціся пазачарговым дзяжурствам, а калі з'явіўся Стурчанка, за самую малую правіну людзей адпраўляюць у ШЫЗА. Ускладнілася літаральна ўсё: перасоўванне па калоніі, працэс атрымання лекаў (сваякі не могуць перадаць ці прыслаць імпартныя прэпараты, лекарам загадана прызначаць толькі айчынныя), з'явілася яшчэ шмат іншых перашкод. Раней Стурчанка працаваў у СІЗА і з сабой прынёс адтуль самае горшае», — лічыць Андрэй.
Бізнэсовец Аляксандр Кныровіч, якога асудзілі паводле эканамічнага артыкула, правёў у «Віцьбе-3» амаль тры гады (з 2018-га па 2021-ы). Ён кажа, што асабліва жорсткага стаўлення да зняволеных з боку персаналу не заўважаў.
«На маіх вачах ніводнага выпадку пабіцця зняволеных не было. Мяне часцяком крытыкуюць за тое, што я ў інтэрв'ю журналістам называю «Віцьбу» «танным санаторыем». Але праўда, рукапрыкладства і бязмежжа там я ня бачыў.
Так, у любым калектыве трапляюцца сволачы. І сярод персаналу былі такія. Бачыў, як людзей ставілі на холад у дворык на даволі працяглы час», — успамінае былы вязень.
Другі былы зняволены «Віцьбы», які адбываў пакаранне паводле непалітычнага артыкула і нядаўна вызваліўся, у размове са «Свабодай» расказаў пра адзін выпадак жорсткага пабіцця вязня ў сакавіку 2021 году. У той перыяд туды пачалі завозіць першых палітзняволеных. Па словах суразмоўцы, адзін з «палітычных» у нейкім дакуменце насупраць свайго прозвішча напісаў «незаконна асуджаны» і сказаў, што яго затрымлівалі такія ж злачынцы, як супрацоўнікі калоніі. Намеснік начальніка «Віцьбы» ў рэжымна-аператыўнай працы Дзяніс Федчанка ў адказ загадаў «выкарыстаць спецсродкі».
Як сцвярджае былы вязень, «палітычнага» жорстка пабілі і пасадзілі на 27 дзён у ШЫЗА. А потым вадзілі ў душ аднаго пад канвоем, каб іншыя вязні не бачылі сляды біцця на целе.
ШЫЗА і ПКТ для палітычных
Пра свае ўражанні ад ШЫЗА «Віцьбы» «Свабодзе» расказаў таксама былы палітзняволены Дзмітры Фурманаў.
«У «Віцьбе» я прабыў пяць дзён у карантыне і 48 — у ШЫЗА. У атрад трапіць не паспеў, бо вызваліўся. У ізалятар мяне адправілі за тое, што захацеў азнаёміцца з правіламі ўнутранага распарадку. Тэрміны знаходжання пастаянна падаўжалі. Пад’ём у ШЫЗА а 5-й раніцы.
Халодная бетонная клетка, нары бетонныя, якія «адшпіляліся» толькі на ноч. Матрац і пасцельная бялізна «не паложаны», верхняе адзенне і тэрмабялізна таксама. У камеры яшчэ былі металічныя стол і зэдлік, прыкручаныя да падлогі. Саграваўся толькі фізічнымі практыкаваннямі, прысяданнямі. Успамінаю жудасны холад», — падзяліўся Дзмітры Фурманаў.
У «Віцьбе-3» адбываюць пакаранне і некалькі «знакавых асобаў», у тым ліку і адвакат, сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак, якога асудзілі на 10 гадоў.
З лютага 2023 года сувязі з ім няма, лісты родным не прыходзяць — палітзняволены знаходзіцца ў так званым рэжыме «нікамунікада».
Паводле інфармаваных крыніц, Знака ўжо амаль год трымаюць у ПКТ.
Невыкананне плану
У «Віцьбе», як і ва ўсіх папраўчых установах, ёсць свая прамысловая зона: швейная вытворчасць, дрэваапрацоўка і разбіранне металу. Зняволеныя працуюць 6 дзён на тыдзень у дзве змены.
«Швейная вытворчасць — гэта жах: памяшканне не ацяпляецца, пыльнае, бруднае. Там шыюць розныя гаспадарчыя прылады кшталту насадак для швабраў, спецвопратку для прадпрыемстваў. Не так даўно быў вялікі заказ для Менскага заводу шасцерняў.
Шыюць у вялікай колькасці таксама форму для расейскіх вайскоўцаў. Часцяком зняволеныя працуюць звышурочна, да гадзіны ночы, калі заказ вялікі і не паспяваюць адшываць. Грошай нам не плацілі зусім», — успамінае былы вязень Андрэй.
Па яго словах, у дрэваапрацоўчым цэху зімой мінусавая тэмпература. Там вырабляюць паддоны і канструкцыі для перавозкі шкла, а таксама пілуюць дровы.
«Вельмі цяжкая праца на разбіранні металу. З кабеляў і правадоў трэба выцягваць метал. З інструментаў даюць толькі лязо і малаток. Пальчатак, масак, акуляраў не выдаюць. Нормы вялікія — 30 кг алюмінію, 10 кг медзі альбо свінцу. За невыкананне плану складаюць рапарт, за тры рапарты трапляеш у ШЫЗА. Плацяць за цяжкую працу капейкі. Адзін былы палітвязень расказваў, што за адзін месяц яму заплацілі 1 рубель 2 капейкі, за другі — 80 капеек.
Ёсць яшчэ свая пякарня. Але хлеб той есці немагчыма — нейкая глейкая, ліпкая маса», — кажа Андрэй.
Стадыён і камп'ютарны клас
Паколькі «Віцьба» лічыцца ўзорна-паказальнай, там ёсць стадыён, спартовая зала, камп'ютарны клас. На думку Аляксандра Кныровіча, «Віцьба», напэўна, лічыцца найлепшай у краіне, таму што ўсе астатнія — суцэльная бяда.
«Але гаварыць пра нейкія выдатныя ўмовы не выпадае. Вось уявіце сабе старую сельскую школу і такі ж варты жалю школьны стадыён. Вось прыкладна такі стадыён у калоніі. Так, непалітычныя зняволеныя могуць займацца там спортам.
Што тычыцца спартовай залі, то гэта агароджаная прастора на свежым паветры, дзе ёсць дапатопныя штангі, «бліны». Хто сябе добра паводзіць, могуць пацягаць гэтыя жалезкі. На маёй памяці новы начальнік аддзела выканаўчага працэсу паспрабаваў зрабіць рамонт на стадыёне, але грошай у яго было так мала, што нічога, па сутнасці, не змянілася.
З'явілася некалькі трэнажораў для «воркаўту», якія робіць МАЗ. Гэта проста паказуха. Усё гэта настолькі ўбога. Асабліва калі бачыш, у якіх умовах утрымліваюць у Нарвегіі Брэйвіка», — Аляксандар Кныровіч не хавае іроніі.
Па яго словах, у калоніі таксама ёсць адмысловая адукацыйная класа, у якой 6 камп'ютараў. Але яны састарэлыя, аднекуль спісаныя, мяркуе былы зняволены.
«Гэтыя камп'ютары выкарыстоўваюцца ў мэтах навучання (нібыта ёсць магчымасць для атрымання вышэйшай адукацыі). Калі была пандэмія і забарона на спатканні, некаторым вязням дазвалялі карыстацца скайпам для сувязі са сваякамі. І таксама камп'ютары выкарыстоўваюцца для судоў па відэасувязі», — кажа Кныровіч.
Засакрэчаная статыстыка
Толькі за апошні год у «Віцьбе-3» памерлі двое палітзняволеных — 63-гадовы Мікалай Клімовіч у траўні 2023 году і 50-гадовы Вадзім Храсько ў студзені 2024-га. Колькі наагул вязняў памерла ў гэтай калоніі за апошнія гады, невядома. З 2015 года статыстыка пра смяротнасць у месцах пазбаўлення волі замоўчваецца, хаця раней яе публікавалі.
Аляксандар Кныровіч успамінае як мінімум пра дзве смерці зняволеных, якія адбыліся ў калоніі за час ягонай адседкі. Паводле суразмоўцы, аднаму чалавеку стала кепска на працы.
«Ён ледзь дайшоў з прамысловай зоны да кантрольна-прапускнога пункту. Кажа: «У мяне адымаецца левая частка цела, пусціце ў медчастку». Яму адказалі: «Не паложана! Ідзі працуй». Чалавек дайшоў да цэха, упаў і памёр на месцы. Яму было каля 50 гадоў.
Натуральна, ніякія дактары, ніякія кантралёры за яго смерць не адказалі. Аб праверках і пакаранні вінаватых нічога ня чуў», — успамінае Кныровіч.
Праваабаронца Леанід Судаленка прабыў у «Віцьбе-3» паўтара года. Ён таксама згадвае пра смерці ў калоніі: адзін чалавек памёр ад анкалагічнай хваробы, другі лёг спаць і не прачнуўся. Сам Судаленка расказвае, што ледзь не памёр за кратамі ад каранавірусу. У лютым 2022 года ў калоніі была ўспышка COVID-19, ён захварэў, тэмпература паднялася да 40 градусаў, было цяжка дыхаць. Да доктара палітвязня так і не дапусцілі, ахоўнікі кожны дзень давалі яму нейкую таблетку.
«Я трызніў 20 дзён паміж жыццём і смерцю і цудам застаўся жывы», — расказаў ён.
У «Віцьбу» рэгулярна пастаянна прыязджаюць праверкі, якія не знаходзяць ніякіх парушэнняў, нягледзячы на раптоўныя смерці зняволеных. Так, у траўні 2023 году ў карантыне «Віцьбы» памёр 63-гадовы Мікалай Клімовіч. А летам прыязджалі прадстаўнікі Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі, потым прадстаўнікі іншай камісіі, па памілаванні. Ніякіх парушэнняў, праблем ніводная не заўважыла. Скаргаў ад асуджаных не паступала.
У наваполацкай калоніі прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове
«Калі ён ішоў у прыбіральню, ведала ўся калонія, бо пра гэта апавяшчала сігналізацыя». Былы зняволены расказаў пра Віктара Бабарыку
Свая крама, паспяховая вытворчасць, чытанне кніг праз відэасувязь. Што вядома пра калонію, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч
Каментары