Меркаванні1212

Лявон Вольскі: Дзе рускі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны?

Лявон Вольскі на сайце Будзьма піша пра паслявыбарчыя каментары дэмакратычна-прагрэсіўных расейцаў і параўноўвае іх з рэакцыяй беларусаў на вынікі выбараў 2006 года, 18 гадоў таму. 

Намётавае мястэчка ў Мінску. Сакавік 2006.Фота з Вікіпедыі

Музыка прыгадвае жахлівы холад на Плошчы, паводзіны амапаўцаў (амаль карэктныя), намётавае мястэчка, (не)заспяваныя песні, урэшце — разгром мястэчка і пры гэтым непахісная вера ў немінучую перамогу… Што агульнага і што не так з рэакцыяй расейцаў цяпер, праз 18 гадоў?

Чытаеш у сацсетках пасьлявыбарчыя допісы дэмакратычна-прагрэсіўных расейцаў і ўсьміхаесься. Яны пішуць: «Было шмат укідаў, нас надурылі!». Альбо: «Як бы там не было, але рэальна — большасьць — за яго. Гэтую краіну ўжо не ўратаваць!». Усьміхаесься. Чаго ж тут сьмешнага? Ды нічога. І ўсьмешка гэтая — невясёлая. Проста пазнаеш рэакцыю беларусаў на вынікі выбараў 2006-га, якія адбываліся акурат 18 гадоў таму. Тое самае пісалі ў інтэрнэце — нас надурылі, большасьць — за яго, што цяпер рабіць?

Я выдатна памятаю той час. Калі прачытаў, што гэта адбывалася аж 18 гадоў таму, нават неяк няёмка зрабілася — чамусьці здавалася, што гэта было ня так даўно.

Плошча-2006

Памятаю страшэнны холад на Плошчы (яе пасьля гэтых падзеяў неафіцыйна перайменавалі ў плошчу Каліноўскага), завіруху, якая ні з пушчы ні з поля абрынулася на галовы пратэстоўцаў (нехта казаў, што яе адмыслова на нас наслалі спэцслужбы), ціхароў з камэрамі, якія намагаліся зьняць усіх і кожнага, эйфарыю (здавалася, нас вельмі шмат!), амапаўцаў, якія са сваіх аўтазакаў хадзілі ў прыбіральню ў кавярню каля царквы (туды ж хадзілі і пратэстоўцы). Гэтыя амапаўцы паводзіліся амаль карэктна, адно толькі кідалі зьняважлівыя позіркі на «змагароў» і запыталіся ў аднаго гітарыста ў дрэдах (падчас супольнае мыцьбы рук у прыбіральні): «Што, Боб Марлі — твой кумір?». Гітарыст змоўчаў. На гэтым усё й скончылася.

Памятаю, як выйшаў да мікрафону і заклікаў прагрэсіўную сусьветную музычную супольнасьць зьвярнуць увагу на праблемы са свабодай слова ў Беларусі, у прыватнасьці, на чорныя сьпісы музыкаў (сьмешны, іх заўжды болей цікавіла праблема зьнішчэньня лясоў у Амазоніі!), а потым разам з народам сьпяваў «Трох чарапахаў».

Намётавае мястэчка

Памятаю, як утварылася студэнцкае намётавае мястэчка, і мы штовечар хадзілі туды, каб падтрымаць народ. Прыносілі плыткі, сьпявалі разам з пратэстоўцамі.

Памятаю: я еду па вуліцы Ціміразева і заўважаю тэлефанаваньне зь незнаёмага нумара. Паркуюся.

— Добры дзень, гэта вас турбуе палкоўнік КДБ.

— Добры дзень.

— Тут мяне пытаюць старэйшыя чыны, ці не зьбіраецеся вы граць канцэрт на плошчы?

— Калі будзе магчымасьць, зайграем.

— Навошта?! Няўжо вы не разумееце, у якім кірунку рушыць краіна?

— Шчыра кажучы, не, не разумею.

— Раю вам устрымацца ад гэтых канцэртаў. Вы ж за мяжой таксама папулярныя, так?

— Ну, дзе-нідзе нас ведаюць.

— Вось, можа, там і грайце пакуль?

— Значыцца, на канцэрты ў Беларусі мы можам не разьлічваць, я правільна вас зразумеў?

У адказ палкоўнік нэрвова, на зрыве, зноўку пачаў нешта блытана тлумачыць пра кірунак разьвіцьця краіны і небясьпеку расхістваньня лодкі ў дадзены гістарычны пэрыяд. Размова скончылася.

Заданьне для нецьвярозых хлопцаў

Памятаю, як мы стаялі на вуліцы Энгельса побач з даішнікам, які спыняў кожную машыну, якая там праяжджала (раптам нешта вязе для змагароў?). І тут пад’ехала таксоўка (яе не спынілі), зь яе хістка вылезьлі два хлопцы. Кожна трымаў у руцэ бутэльку ігрыстага віна. Кіроўца выйшаў, дапамог нецьвярозым хлопцам.

— Ну, што, — сказаў кіроўца, — з Богам, хлопцы!

— Гэх, даруй мне, мама! — закрычэў адзін зь іх.

І няцьвёрдай хадою яны пашыбавалі ў бок намётавага мястэчка, трымаючы бутэлькі над галовамі, як сьцягі. Плошча была залітая лёдам, яны коўзаліся, падалі, але ўпарта ішлі. Відаць, выконвалі заданьне.

Разгром намётавага мястэчка і вера ў перамогу

Памятаю, як мне патэлефанаваў адзін вядомы пісьменьнік і прапанаваў:

— А давай мы заўтра ўвечары прыйдзем у намётавае мястэчка і застанемся там на ноч! Будзем чытаць вершы, прозу, сьпяваць песьні. Падтрымаем людзей! Зьбіраецца досыць вялікая кампанія, ты як?

— Натуральна, я згодны!

— Тады заўтра ўсё ўдакладнім і скаардынуемся.

Ня ведаю, пачуў палкоўнік нашыя словы ці не, але ранкам мястэчка разграмілі. Зьнесьлі намёты, запакавалі хлопцаў і дзяўчатаў у аўтазакі…

Потым прапагандысты паказвалі пустыя бутэлькі, шпрыцы й прэзэрватывы, якія былі знойдзеныя ў намётах. Памятаю, як усе горка сьмяяліся — быў жудасны холад, нават проста знаходзіцца на плошчы Каліноўскага цягам дзьвюх-трох гадзінаў было цяжка, мы ўшчэнт замярзалі, што ўжо казаць пра тых, хто там знаходзіўся ўвесь час! Якія там прэзэрватывы!

Музыкі — яны заўсёды крыху дзеці. Нібыта і разумееш, што мірным пратэстам тут нічога ня вырашыць, але ўсё адно глядзіш на шматтысячны натоўп, на людзей, якія гатовыя стаяць да канца, і верыш у немінучую перамогу. Ну, можа, ня зараз, можа, наступным разам…

Дзе рускі бунт?

І вось — мінула ўжо 18 гадоў. І ў Расеі прайшлі выбары, і народ у адзіным парыве абраў адзінага магчымага кандыдата, і для кагосьці гэта — стабільнасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, а для кагосьці — руйнаваньне надзеяў і фрустрацыя. І вось гэтыя — са зруйнаванымі надзеямі — пішуць у сацсетках: болей няма сілаў, трэба зьяжджаць, на нас наплявалі, гэтую краіну ўжо нічога не ўратуе…

І — дзіўна! — сілаў хапае толькі на гэта. На допісы. Дык а дзе ваш пратэст? Дзе Плошча? Дзе намётавае мястэчка? Дзе рускі бунт, бязьлітасны і бессэнсоўны?

Дай адказ.

Не дае адказу.

Каментары12

  • Kate
    20.03.2024
    Усе заклікі да расіян і спадзяванні на расіян настолькі наіўныя, што нават не смешныя. 
  • бабруйчанін
    20.03.2024
    Любы кіпіш верхал на рф на карысць Беларусі Калапс кіравання хаос на рф адзін з чыннікау змен у рБ і Шанец дзля Беларусі..Таму на мой погляд " снабісткая поза" аляпаудзенна суседзкая ні на карысць..Двухдзенны пук прыгожага меу больш уздзеяння разгубленнасці рф чым вызваленне Херсона..Болей двіжухі " рознай" разнавектарнай на рф го..да )) Гєта як перад " Гразой" усе сціхла..
  • Kraf
    20.03.2024
    Не дай Бог увидеть русский бунт, бессмысленный и беспощадный: Из повести (гл. 13) «Капитанская дочка» (1836) А. С. Пушкина (1799— 1837). 
    Не знал что это Пушкин

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе2

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас візіту на Корсіку Папа Францішак асвяціў піцу ФОТАФАКТ

Што за загадкавыя дроны раямі лётаюць над ЗША?2

Самага дарагога ўкраінскага футбаліста злавілі на допінгу

Сілавікі не знайшлі абразы Вольгі Бондаравай у выказваннях блогера Vadimati2

Міністр адукацыі: Мы выпускаем удвая больш айцішнікаў, чым трэба6

«Літве патрэбная іміграцыя» — новы літоўскі прэм’ер-міністр20

У цэнтры Гродна скралі ногі Дзеда Мароза. За пошук злодзея абвясцілі ўзнагароджанне

Банкір з атачэння Януковіча, які хаваўся ад следства ў Беларусі, з'ехаў у ЕС

У Камянецкім раёне дрэва ўпала на 200-гадовую царкву1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе2

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Галоўнае
Усе навіны →