Меркаванні1212

Вольскі: Я там быў досыць экзатычнай постаццю са сваімі доўгімі валасамі і беларускай мовай. А народ быў розны

«Як ты ні круці, але ўсё адно пастаянна выплывае гэтае надакучлівае (і ад гэтага ня меней балючае) пытанне. Так, гэта яно. Пра мову. Як ты яго ні пазбягай, дзе ні хавайся, яно пераследуе, даганяе, непакоіць, апякае…» Лявон Вольскі на сайце «Будзьма» піша пра этапы, якія праходзіла беларуская мова і разам з ёй мы, пра сённяшні стан і перспектывы.

Прывід мовы

Быў такі час, калі лічылася, што па-беларуску гавораць ці то вяскоўцы-калгаснікі, ці творчыя дзеячы — пісьменнікі, мастакі, гісторыкі. Першая катэгорыя размаўляе на «бруднай» беларускай мове, другая — на «чыстай». Мне было васямнаццаць, я з'яўляўся ў нейкім публічным мейсцы (да прыкладу, у кавярні на Траецкім), меў доўгія валасы і гаварыў па-беларуску. Да якой катэгорыі мяне можна было аднесці? Доўгія валасы — значыцца, хіпі. Але вопратка неадпаведная, нехіпанская. Беларуская мова — значыцца, калгаснік. Але доўгія валасы, нефармальны выгляд… Не складаецца. Пісьменнік, мастак? Дык замалады яшчэ.

Народ прызвычаіўся, што беларускамоўныя пісьменнікі-мастакі мусяць быць у пачцівым узросце, з багатым пакручастым пройдзеным шляхам і жыццёвым досведам за плячыма. Карацей, нічога не складалася, народ прызвычаіўся да пэўных стэрэатыпаў, а тут яны парушаліся.

І паўставаў прывід мовы — так-так, тае мовы, якую ты некалі вучыў у сваёй вёсцы, на якой ты ўпэўнена гаварыў да пераезду ў горад. А ў тым горадзе давялося хуценька перавучвацца на іншую, каб ня быць вяскоўцам, селянінам ды калгаснікам. І ты перавучыўся і забыўся, а тут — на табе! Нагадваюць, непакояць, турбуюць… Некамфортна!

Гаворыш па-беларуску — значыцца бээнэфавец

Потым прыйшоў іншы час. З'явіўся іншы, новы стэрэатып: гаворыш па-беларуску, значыцца, ты бээнэфавец! А калі ты бээнэфавец, дык ад цябе нічога добрага чакаць не выпадае. Ты хочаш усё змяніць, а людзі не любяць гэтыя хуткія змены. Ім падаецца: лепей хай будзе як ёсць, абы не было горай!

Аднаго разу я патрапіў на вяселле. Было шмат людзей, як у нас прынята — сваякі, сябры, далёкія сваякі, прыяцелі… Лішне казаць, што я там быў досыць экзатычнай постаццю са сваімі доўгімі валасамі і беларускай мовай. А народ быў розны, хаця большасць складалі гарадскія жыхары ў першым пакаленні (былыя вяскоўцы) крыху за 40. І вось я выпадкова падслухаў размову ў курылцы.

Лявон Вольскі, фота з асабістага архіва

Адзін былы вясковец абурана звяртаўся да купкі слухачоў: «Дак яны ж хочуць, каб усіх перавучыць на беларускую мову! Во чаго яны хочуць гэныя бээнэфаўцы!». І народ абурана нешта мармытаў, маўляў, нічоганькі сабе, зусім ужо зарваліся нацыяналісты гэтыя!

Беларусізацыя і адкат назад

Потым быў кароткі час беларусізацыі. Большасць (як, дарэчы, і заўсёды) ставілася да маёй беларускай станоўча, але знаходзіліся й агрэсіўныя асобы, маўляў, чаго вы мяне прымушаеце гэтую мову вучыць, я яе не праходзіў у школе, бо сын вайскоўца! Зрэшты, такіх было мала. Але шуму ад іх магло быць шмат!

Потым пачаўся адкат назад. І нават не назад, не да савецкага стандарту — творчая эліта і вяскоўцы размаўляюць па-беларуску, астатняя маса — па-расейску. Не.

За савецкім часам творчая эліта — гэта былі недакранальныя асобы. Паўбагі. Небажыхары. Барадулін, Быкаў, Гілевіч… Недатыкальныя аўтарытэты.

У новым часе аўтарытэт застаўся толькі адзін — першая асоба дзяржавы, астатнія — так, абы-што, дробязь.

Паступова гэтым учорашнім аўтарытэтам перакрылі шляхі да дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі — усіх гэтых радыё-тэлевізіяў-газэтаў, перасталі публікаваць у дзяржаўных часопісах. Дый беларускамоўная яшэ з савецкіх часоў тэлевізія зрабілася спрэс расейскамоўнай.

Размова па-беларуску сталася прыкметаю апазіцыйнасці — усе ж паўсюль гавораць па-расейску, а чаго ты, такі разумны, рэжаш па-беларуску? Гэта ж не проста так? Цяпер ужо адсылкі да творчае эліты не спрацоўвалі — гэтая эліта таксама асацыявалася з апазіцыйным рухам — Быкаў, Барадулін… Яны ж не падтрымліваюць уладу і той шлях, па якім ідзе краіна, праўда? Ну, вось.

«Сарамлівая недабеларусізацыя»

А потым быў кароткі перыяд «сарамлівае недабеларусізацыі», калі можна было насіць вышыванку (вышымайку) і Пагоню на грудзёх. Гэта нават (неафіцыйна) віталася. Бо кіраўніцтва дзяржавы хацела даць зразумець Пуціну, што ў нас тут не ўсё яшчэ спрэс расейскае і, калі правесці рэферэндум тыпу крымскага, дык усе прагаласуюць за Расею, не! Мы, калі што, маем такую-сякую самасвядомасць і нацыянальную сімволіку, якая, хоць і адрозніваецца ад дзяржаўнае, але таксама важкая, грунтоўная і гістарычная. Вось. Так што не думайце, што ўсё так проста!

Некаторыя наіўныя беларусы ўспрынялі гэта як разварот уладаў да ўсяго беларускага і пачалі святкаваць перамогу. Зарана пачалі.

Краіна абсурду

Ясна, што сарамлівая недабеларусізацыя не магла трываць доўга (хоць яе й негалосна падтрымлівалі нешматлікія патрыятычна настроеныя асобы з кіраўніцтва) і пасля векапомных выбараў 20-га яна цалкам згарнулася. Ня буду тут распавядаць пра «апазіцыйныя шкарпэткі» ці то пікетаванне на гаўбцы праз скрынку ад тэлевізара LG, вы і без гэтага ведаеце ступень абсурду, у які пагрузілася краіна.

Цяпер ужо гаварыць па-беларуску на вуліцы ці то ў якім публічным месцы (кавярні ці рэстарацыі) — папросту небяспечна.

Бо твая беларуская цяпер — гэта наўпроставая прыкмета не тое што апазіцыйнасці — антыдзяржаўнасці! — і якаясьці празмерна пільная бабуля ці то дзядок-адстаўнік могуць на цябе данесці куды трэба, а з гэтага «куды трэба» выбрацца вельмі цяжка, вы ж ведаеце.

Паступова ўсё беларускамоўнае й проста беларускаарыентаванае прыроўніваецца дзяржаваю да «экстрэмісцкага». Трымаць дома кнігу Бахарэвіча (ці то Дуніна-Марцінкевіча!) небяспечна, бо нейкія ўладныя знаўцы прызналі гэта «экстрэмісцкай літаратурай», а з турэмных бібліятэкаў цалкам «павыкарчоўвалі» літаратуру на беларускай мове. Відаць, на ўсякі выпадак.

Чаго там разбірацца, які ў гэтага аўтара верш экстрэмісцкі, а які — не, лепей адразу выкінуць усё беларускамоўнае. Прынамсі, за гэта не пакараюць. А за тое, што недаглядзелі — могуць. Дык што лепей?

Цікава, што ўсім гэтым займаюцца тыя самыя людзі, пра якіх гаварылася вышэй, якія (самі ці то іхныя бацькі) вучыліся ў беларускіх школах, гаварылі ў сваіх вёсках і г.п. па-беларуску, вучылі на памяць вершы Купалы ды Багдановіча (а нехта — і Барадуліна!), а вось як пераехалі ў горад, дык на гэтую «мову пейзанаў» давялося забыцца. Ды што там забыцца — выдзерці з сябе з каранямі. Выкарчаваць. Бо хто ж з так званых «сілавікоў» ці то чыноўнікаў хоча, каб яго асацыявалі з (крый Божа!) апазіцыянерам? Антыдзяржаўнікам? Экстрэмістам? Ніхто. Сітуацыя значна радыкальнейшая за тую, што склалася ў 70-х — 80-х гадах мінулага стагоддзя, калі проста не хацелі быць «калгаснікамі».

І што? Катастрофа? Гамон? Непапраўная сітуацыя? Незваротныя змены?

Ды не, даражэнькія, я так не думаю.

Усё адно на падкорцы ва ўсіх нас нашая мова запісаная, будзе іншы час, іншая ўлада, іншая дзяржава — і ўсё стане на свае мейсцы.

Калі ўжо за савецкімі часамі яна не знікла (а былі ўсе ўмовы для гэтага!), калі за апошнія трыццаць гадоў негалоснага змагання ўладаў з ёй не памерла (а магла!), дык ужо не загіне. Акрыяе, абудзіцца і зажыве вечна! Як Беларусь.

Каментары12

  • Інтэрнэт
    14.02.2024
    Потым быў кароткі час беларусізацыі. Большасьць (як, дарэчы, і заўсёды) ставілася да маёй беларускай станоўча, але знаходзіліся й агрэсыўныя асобы, маўляў, чаго вы мяне прымушаеце гэтую мову вучыць, я яе не праходзіў у школе, бо сын вайскоўца! Зрэшты, такіх было мала. Але шуму ад іх магло быць шмат!/
    О, і зараз такія трапляюцца, у інтэрнэце. Воні ад іх шмат.
    Напрыклад, сумнавядомы блогер, сын вайскоўца і расіянкі Бычковой, Виталий Кондратенко (блогер Вирус, Феникс) і яго лепшая сяброўка Елена Васильева (Менавіта), якая хутчэй за ўсё таксама з вайсковай сям'і, і дакладна мае родзічаў у Расеі.

    Якім толькі брудам яны не палівалі і да сіх пор паліваюць беларускамоўных беларусаў! Крыюць беларускамоўных расейскім матам.
    Іх мала, але шуму і бруду ад іх шмат у інтэрнэце.
  • За зянона !
    14.02.2024
    Без мовы не будзе беларусаў.
    Беражыце нашу мову !
    У побыце і з сябрамі яе выкарыстоўвайце !
  • Тутэйшы
    14.02.2024
    За размовы на беларускай у мянтоўнях ды турмах збіваюць.

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян1

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Усе навіны →
Усе навіны

На Камароўцы паўсюль прадаюць грыбы. Цэны на баравікі шакуюць5

Суд у ЗША разглядае справу аб бабрысе, якая не хоча жыць у дзікай прыродзе1

Абвешчаныя нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы1

У Мінску банкрутуе фірма, якая развівала сетку бургерных ад Цімаці4

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян1

«За выхадныя на «Малінаўцы» прадалі ўсяго некалькі аўто». Як беларускі аўтарынак жыве без расіян

Галоўнае
Усе навіны →