Памёр былы дэпутат Вярхоўнага Савета Мікалай Лабко. Афіцыйныя некралогі змаўчалі пра адзін важны факт
Былы кіраўнік Баранавічаў і дэпутат Вярхоўнага Савета прагаласаваў за незалежнасць Беларусі ў 1991 годзе.
Былы дэпутат памёр 22 лютага 2024 года пасля цяжкай працяглай хваробы.
Мікалай Лабко нарадзіўся 5 мая 1948 года ў вёсцы Клепачы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Але вырас ён у Баранавічах, дзе ў 1967 годзе скончыў тэхнікум лёгкай прамысловасці. Спачатку працаваў слесарам Баранавіцкага баваўнянага камбіната, але пасля пайшоў будаваць кар’еру па партыйнай лініі.
Працаваў інструктарам, а пазней загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Баранавіцкага гаркама КПБ, пасля інструктарам, намеснікам загадчыка аддзела Брэсцкага абкама КПБ.
У 1985 годзе Мікалай Лабко вярнуўся ў Баранавічы другім сакратаром гаркама КПБ. Вяршыняй яго працы ў партыйных органах стала кіраўніцтва горадам. У 1988 годзе Лабко быў прызначаны старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама і гарадскога Савета народных дэпутатаў адначасова. Афіцыйныя выданні называюць гэты час «няпростым і бурным» і адзначаюць камунальныя поспехі былога кіраўніка Баранавічаў. Кіраваў горадам ён аж да 1995 года, пасля чаго ўзначаліў Баранавіцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
У 1990 годзе Мікалай Лабко быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Былы дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі Сяргей Навумчык прыгадаў свайго калегу:
«Ён уваходзіў у спачатку камуністычную, а потым пракебічаўскую групу «Беларусь», хаця пры гэтым не быў «ястрабам».
Стэнаграма пайменнага галасавання 25 жніўня 1991-га сведчыць, што па ўсім пакеце законапраектаў аб Незалежнасці (працэдура складалася з некалькіх паслядоўных галасаванняў) Лабко галасаваў «За».
«Тут мы сутыкаемся з парадоксам: многія з тых, хто ад пачатку і да канца свайго дэпутацтва быў спачатку за камуністычную ідэю, а потым за Расію, пад ціскам дэпутатаў БНФ і Плошчы прагаласавалі за Незалежнасць. І вось менавіта гэтым сваім галасаваннем і застануцца ў гісторыі, яно, так бы мовіць, акупіла іх палітычныя грахі, былыя і будучыя», — тлумачыць Навумчык.
Між тым, у некралогах у дзяржаўных выданнях пра гэтае лёсавызначальнае галасаванне нічога не гаворыцца, як зрэшты, не згадвалася пра яго і ў некралогах іншых памерлых «наменклатурных» дэпутатаў, хоць, на думку Навумчыка, «гэта быў самы галоўны іх палітычны ўчынак у жыцці».
«Красамоўнае стаўленне прамаскоўскага рэжыму да Незалежнасці», — падсумоўвае былы дэпутат Апазіцыі БНФ.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары