Грамадства

Самая брудная і самая жорсткая. Што вядома пра калонію, дзе трымаюць Аляксандрава, Бабарыку, Кузнечыка, Лосіка, Пачобута

Наваполацкую калонію ўзмоцненага рэжыму № 1 называюць самай бруднай з экалагічнага пункту гледжання і самай жорсткай што да рэжыму. Зараз там трымаюць Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка, Андрэя Кузнечыка і іншых вядомых палітычных вязняў. Пра гэту калонію піша Радыё Свабода.

Гісторыя Наваполацкай папраўчай калоніі № 1 узмоцненага рэжыму непасрэдна звязаная з гісторыяй самога горада. У 1958 годзе недалёка ад Полацка вырашылі пабудаваць буйны прамысловы комплекс — Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Было абвешчана пра Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю. Побач з карпусамі НПЗ «камсамольцы-дабравольцы» пабудавалі для сябе часовае жытло — баракі. Пазней іх ператварылі ў папраўчую калонію №10, яе называлі «дзясяткай».

Жыццё паводле «вараўскіх законаў»

Асноўным кантынгентам зоны ў тыя часы былі лютыя крымінальнікі, удзельнікі так званых АЗГ (арганізаваных злачынных груповак), асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы: рабаўніцтвы і забойствы. У 2009 годзе ў ёй адбывалі пакаранне 2032 чалавекі пры норме 1500. 21% — за наўмысныя забойствы, 24% — за рабаўніцтвы і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Сярэдні тэрмін пакарання па калоніі быў 9,2 года.

«Дзясятка» лічылася так званай «чорнай зонай», якая жыла па «паняццях», дзе кіравалі «сматрашчыя» і «воры ў законе» кшталту ўраджэнца Грузіі, які кіраваў арганізаванай злачыннай групоўкай у Берасці, Вахо Хобскага і іншых (адзін з іх быў у калоніі і забіты). У Наваполацак звозілі рэцыдывістаў з іншых калоній, тут заўсёды кіравалі свае», — успамінае тагачасны сядзелец, злодзей-рэцыдывіст Мікалай (імя змененае. — РС), які агулам адседзеў каля 20 гадоў і «матаў тэрмін» у трох папраўчых калоніях Беларусі.

Пасля падзеяў 2010 году ў наваполацкую «дзясятку» ўпершыню змясцілі палітычных зняволеных: былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, анархіста Ігара Аліневіча, Мікіту Ліхавіда, Алеся Кіркевіча. Апошні напісаў пра сваю адседку кнігу «Сем месяцаў у беларускай турме» і ў 2013 годзе атрымаў літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча.

2014 годзе калонію расфармавалі і зрабілі з яе лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП № 8), дзе прымусова лячылі алкаголікаў, выкарыстоўваючы іх рабскую працу на шкодных вытворчасцях. Аднак працягвалася гэта нядоўга, ужо ў 2017-м «у мэтах аптымізацыі крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС» установе вярнулі статус папраўчай калоніі, прысвоіўшы нумар 1. Раней ён належаў калоніі на вуліцы Кальварыйскай у цэнтры Менску, якую закрылі.

Пасля 2020 года ў Наваполацкую калонію № 1 перавялі адбываць пакаранне шэраг вядомых апанентаў рэжыму. Тут трымаюць Віктара Бабарыку, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля, журналістаў Андрэя Аляксандрава, Ігара Лосіка, Андрэя Кузнечыка, Андрэя Пачобута, медыямэнэджара Канстанціна Залатых. А былога супрацоўніка КДБ Аляксея Храловіча і былога вайскоўца Дзяніса Ўрада нядаўна з гэтай калоніі перавялі ў Магілёўскую крытую турму № 4.

Рэжым «інкамунікада»

Былога праціўніка Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зняволення. З ім пасля красавіка 2023 году няма сувязі; хутчэй за ўсё, Бабарыка знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Іншым асуджаным кантактаваць з ім забараняцца, на працу яго не водзяць. Паводле шэрагу паведамленняў, летась у красавіку Віктар Бабарыка быў моцна пабіты і трапіў у наваполацкі шпіталь.

Журналіст Свабоды Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, таксама адбывае пакаранне ў ПКТ. Сувязі з ім няма з 20 лютага 2023 года (тады бацькі атрымалі апошні ліст ад сына). Ліставанне, перадачы, спатканні з ім забароненыя. Нават так званай «атаваркай» на адну базавую Ігар скарыстацца не можа — усе сродкі з ягонага рахунку спісваюць нібыта на пагашэнне запазычанасці.

Журналіста Андрэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, днямі змясцілі ў ШЫЗА.

«Цягам 8 месяцаў у яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго», — напісала ў фэйсбуку ягоная жонка Аксана.

Больш за год правёў у калоніі № 1 блогер Аляксандар Кабанаў, які цалкам адбыў пакаранне і нядаўна вызваліўся.

«Калонія — гэта ШІЗА, з якога я не вылазіў. Любога палітычнага ў калоніі робяць злосным парушальнікам рэжыму… Прыходзяць да цябе і кажуць: «У цябе гузік расшпілены і ты не павітаўся, на цябе будзе акт». Потым прыходзяць і кажуць: «У цябе ў тумбачцы не прыбрана, будзе акт». Трэці раз прыходзяць: «У цябе не 2 тысячы цыгарэт, а 2 тысячы і адна — будзе акт».

Усё, ты злосны парушальнік рэжыму. І ты раптоўна становішся асабліва небяспечным… Праз пяць дзён у калоніі на мяне ўжо было пяць актаў і па адным з іх мяне ставяць мыць унітазы. Мыюць унітазы ў калоніі людзі з нізкім сацыяльным статусам. Калі ты ідзеш на такое, то аўтаматычна сам становішся чалавекам з нізкім статусам. Гэта адзін з інструментаў ціску на зняволеных. Я, натуральна, адмаўляюся і трапляю на 30 дзён у адзіночку ў ШІЗА. А пятай ранку пад’ём, а шостай — сняданак, аб адзінаццатай — абед, а чацвёртай — вячэра. І ўсё», — расказваў «Свабодзе» Аляксандар Кабанаў.

Паведамленні пра смерці і катаванні

У пачатку 2021 году стала вядома аб некалькіх смерцях асуджаных, якія адбывалі пакаранне ў Наваполацку — 25-гадовага Андрэя Дубіка і 27-гадовага Аляксея Жука. Дубік, асуджаны за збыт наркотыкаў, памёр у карцары. Турэмны лекар паведаміў сям’і, што іх сын наклаў на сябе рукі.

«Адзін чалавек меў СНІД і рак, ён памёр. Другая смерць, я лічу, на руках адміністрацыі. Быў вязень, які страціў здароўе, у першую чаргу псіхічнае, у калоніі. У яго былі праблемы з галавой. Каб з ім не займацца, яго закрывалі ў ШІЗА. Ён не надта цяміў ужо, таму спаў на бетоннай падлозе, падхапіў запаленне лёгкіх. Яго павезлі ў раённую лякарню, але ўжо не ўратавалі. Каб яго ні кідалі ў ШІЗА, то ён бы выжыў», — узгадвае былы сядзелец калоніі Аляксей.

Па інфармацыі праваабаронцаў, зняволеныя часта паведамляюць аб выпадках катаванняў у ШІЗА і ПКТ, якімі нібыта асабіста кіраваў былы начальнік калоніі, падпалкоўнік Андрэй Пальчык.

У канцы сакавіка 2023 году праваабаронцам стала вядома, што палітвязень Ігар Лосік, які ўжо амаль год знаходзіцца ў ПКТ, спрабаваў прычыніць сабе фізічную шкоду. Тады Ігара адправілі ў ШІЗА. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а потым парэзаў сабе рукі і шыю.

Зрабіць спробу суіцыду ў ШІЗА калоніі спрабаваў экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў, якога тройчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Па яго словах, у апошні раз умовы ў камеры былі настолькі невыноснымі, што ён не вытрымаў і станком для галення парэзаў вены. Кабанаву ў шпіталі наклалі 68 швоў.

Расейца Мікалая Хрола, асуджанага на 6 гадоў, у 2021-м моцна пабілі, зламалі ключыцу і не лячылі. У выніку ключыца не так зраслася і ўпіраецца ў горла, а правая рука непрацаздольная. Пры гэтым вязня прымушалі цягаць бярвёны.

Па словах былога зняволенага калоніі, яе вязень Віталь Малахоўскі тройчы ўскрываў вены з дапамогай металічнай лыжкі. Такім чынам ён пратэставаў супраць свавольстваў адміністрацыі.

«Навагодні экспрэс»

Адміністрацыя наваполацкай калоніі мае свае традыцыі. Адна з іх — «Навагодні экспрэс», — расказаў былы вязень Аляксей.

«На Новы год камеры ШІЗА запаўняюць на 100%, там недзе каля 80 месцаў. У звычайны час там напаўняльнасць камер 20-30%. Іх традыцыю я лічу формай катавання. Бо многія людзі чакаюць, нават у калоніі, Новага года, стараюцца неяк яго адзначыць. Тут жа людзей кідаюць на гэты тэрмін у ШІЗА з самых надуманых прычынаў», — кажа ён.

Суразмоўца расказвае, што найстрашнейшая для зняволеных камера ў ШІЗА — № 13. Там значна халадней, чым у іншых.

«Туды больш ліюць хлёркі, нібыта для дэзінфекцыі. Але гэта больш для здзекаў. Адзін канвойны выліў хлорку ў камеру са словамі: «З Новым годам!»», — кажа былы вязень. За гады знаходжання ў калоніі Аляксей зрабіў выснову, што тых, хто на Новы год трапляе ў камеру № 13, абавязкова пазней перавядуць у «крытую турму».

У ВК-1 была даволі багатая і разнастайная бібліятэка — пра гэта ў сваіх лістах часта пісаў Андрэй Кузнечык, які знаходзіў там шмат літаратуры і перыёдыкі на беларускай мове. З восені 2023 года беларускія кніжкі, а таксама кнігі на замежных мовах пачалі з бібліятэкі прыбіраць.

Самая брудная

Размяшчаецца папраўчая калонія № 1 на вуліцы Тэхнічнай, 8, у Прамысловым раёне Наваполацка. З усіх бакоў яна акружаная трубамі і звалкамі буйных хімічных прадпрыемстваў — «Нафтана» і «Паліміра». Да таго ж бальшыня вытворчасцяў на так званай «прамзоне» шкодная, з цяжкімі ўмовамі працы.

Самай шкоднай працай вязні называюць выпальванне драўнянага вугалю. Зняволеныя спальваюць дровы ў металічных бочках без доступу кіслароду, дыхаюць дымам, сажа ўядаецца ў скуру. На такую працу ў лістападзе 2022 года былі перавялі Віктара Бабарыку, ён вымушаны быў працаваць па 9 гадзін 6 дзён на тыдзень. Знаходзіўся на вуліцы бяз доступу ў бытавое памяшканне, падымаў цяжары, нягледзячы на проціпаказанні па стане здароўя, паведамляў тады тэлеграм-канал зняволенага палітыка. 

Да гэтага Віктар Бабарыка працаваў апальшчыкам у пякарні, укладчыкам хлебабулачных вырабаў і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў памяшканні без вентыляцыі, дзе тэмпература паветра большая за +30. Для яго падбіралі адмысловыя брыгады, куды ўваходзілі толькі «правераныя» адміністрацыяй людзі, якія ішлі на супрацоўніцтва з аховай турмы.

Яшчэ адна шкодная вытворчасць — атрыманне медзі са старых кабеляў і дратоў, якія прывозяць з тэлекамунікацыйных прадпрыемстваў. Кабелі трэба ачысціць ад ізаляцыі і дастаць металічную сарцавіну. Паліць аплётку нельга, але часам употай яе паляць уначы, каб не відаць было чорнага дыму. Участак знаходзіцца ў вялікім цэху, дзе зімой вельмі холадна. З інструментаў — толькі адмысловы нож з кляймом, у кожнага свой. Пальчатак і фільтраў не выдаюць.

Перабіранне пластыкавых гранул, сартаванне пакетаў і выраб поліэтыленавай плёнкі — таксама шкодная праца. Пакеты са смеццем прывозяць у калонію ў вялікіх цюках. Зняволеныя выкідаюць з пакетаў рэшткі прадуктаў і прыбіраюць налепкі, каб у пластыку не заставалася іншародных часцінак. На ўчастку стаіць жудасны смурод.

Пластыкавыя гранулы асуджаныя перабіраюць за спецыяльным сталом — сартуюць па колерах сумесь дробных чорных і белых «пацерак». Па іх словах, гэтая праца нудная і аднастайная. У памяшканні вельмі душна. За шкоднасць на вырабе поліэтыленавай плёнкі і перабіранне пластыкавых гранул вязням даюць малако.

На дрэваапрацоўчай вытворчасці пілуюць дровы, вырабляюць паддоны, прыбіраюць пілавінне. Праца фізічна цяжкая, цэлы дзень на вуліцы. На дрэваапрацоўцы працуе журналіст Свабоды Андрэй Кузнечык — 6 дзён на тыдзень, як і ўсе палітычныя.

Ёсць у Наваполацку і швейная вытворчасць: вязні шыюць працоўныя робы, фуфайкі, спецвопратку. Нядаўна быў вялікі заказ на некалькі тысяч камізэлек для вайскоўцаў. Гэтая праца лічыцца крыху лягчэйшай, ды і ўмовы лепшыя — людзі працуюць у памяшканні.

Цяжкая праца і ў сталоўцы: пад’ём а 4-й раніцы, заканчэнне а 21-й гадзіне.

Па словах былых сядзельцаў і праваабаронцаў, звычайныя «крымінальныя» зняволеныя ў наваполацкай калоніі працуюць 3 дні на тыдзень, з 8 да 17 гадзін. У «палітычных» шасцідзёнка і толькі адзін выходны ў нядзелю. Часам палітвязняў прыцягваюць да працы і ў святочныя дні.

Кіраўнік адміністрацыі вырас у адным двары з Ігарам Лосікам

З 2017-га па сакавік 2023 году калоніяй кіраваў падпалкоўнік Андрэй Пальчык. Нарадзіўся ён 3 сакавіка 1981 года ў Баранавічах. Палітзняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік у дзяцінстве жыў у адным доме з Пальчыкам — у Паўночным раёне Баранавічаў, на вуліцы Наканечнікава, 33.

Па інфармацыі арганізацыі былых сілавікоў BelPol, за час службы Пальчык меў шмат вымоваў і дысцыплінарных спагнанняў. У 2013 годзе ён атрымаў вымову за «ўступленне ў адносіны з асуджаным П». У 2016 годзе Пальчыку зрабілі афіцыйную заўвагу, у 2019-м зноў вымову — за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў».

У 2017 годзе Пальчык згубіў службовае пасведчанне, яму выдалі дублікат. 20 траўня 2015 году тагачасны начальнік калоніі атрымаў штраф за перавышэнне хуткасці. Пальчык знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.

Дакладная прычына звальнення Андрэя Пальчыка невядомая, у 2023-м яго накіравалі працаваць начальнікам калоніі-пасялення, так званай «хіміі». Гэта можна лічыць паніжэннем па службе.

Паводле былога вязня Аляксея, адной з прычын звальнення Пальчыка стала відэа на YouTube, якое запісаў былы зняволены Аляксандар Кабанаў з іншым былым вязнем.

«Відаць, вышэйшаму кіраўніцтву не спадабалася, што не ўдалося ўтаіць факты здзекаў і катаванняў, таму гэта магло быць адной з прычынаў, што Пальчыка знялі, — сказаў Аляксей у нядаўнім інтэрв'ю Свабодзе.

Яшчэ адной прычынай звальнення магла быць крымінальная справа на супрацоўніка калоніі Пятрова, які пабіў звычайнага зэка і пазней атрымаў тэрмін.

Часовым выканаўцам абавязкаў начальніка калоніі пасля Пальчыка прызначылі Вячаслава Журко (раней ён быў намеснікам у аператыўнай і рэжымнай працы. — РС). Аднак яго не зацвердзілі на пасадзе. Менавіта пры ім у красавіку 2023 год адбыўся інцыдэнт з Віктарам Бабарыкам, якога з калоніі даставілі ў наваполацкую лякарню з фізічнымі пашкоджаннямі. На пачатку траўня 2023 году начальнікам калоніі прызначылі Руслана Машадзіева.

«Калі Пальчык любіў здзекавацца з людзей, то Машадзіеў без эмоцый выконвае ўсё, што яму даручана. Нешта стала лепш, нешта горш стала, але ў масе — трохі лепш усё-ткі пасля Пальчыка, для нас сталі больш празрыстымі правілы гульні», — кажа былы вязень.

Паводле інфармацыі BelPol, Руслан Машадзіеў нарадзіўся 26 верасня 1981 года. Кар’еру пачынаў з начальніка аддзела калоніі № 10, працаваў у ЛПП-8 на той жа пасадзе. У 2017 годзе яго павысілі да намесніка начальніка калоніі, летась — да начальніка. Двойчы быў жанаты, першая жонка Наталля працуе таксама ў сістэме МУС, ёсць дачка Карына. У другім шлюбе ў Машадзіева нарадзіўся сын Марат.

Цяперашні начальнік наваполацкай калоніі да 2019 года неаднаразова наведваў Еўропу, бываў у Літве, Латвіі і Польшчы. Цяпер ён таксама пад санкцыямі Еўразвязу.

Паводле інфармацыі праваабарончых арганізацый, зараз у Наваполацкай калоніі трымаюць каля 150 палітзняволеных. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод усіх установаў Дэпартаменту выканання пакаранняў Беларусі.

@nashaniva У беларускай турме памёр яшчэ адзін палітычны вязень #беларусь #новостибеларусь #беларусьновости #политзаключенные #бобруйск #навіныбеларусі #милициябеларуси #нашаніва ♬ Sad Music - Max-Music

Каментары

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

Вальфовіч расказаў пра новую ідэю прызыву з запасу12

Тэйлар Свіфт узначаліла рэйтынг самых багатых жанчын-музыкантаў

МНС папярэдзіў пра туман

Журналіст: Трамп, пакінуўшы Белы дом, размаўляў некалькі разоў з Пуціным5

Былы ўдзельнік ад Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» адкрыў у Канадзе танцавальную студыю6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →