Кат ці ахвяра ўнутраных разборак? Супрацоўніка наваполацкай калоніі адправілі за краты за перавышэнне паўнамоцтваў
Справа Ігара Пятрова — адна з нешматлікіх, дзе супрацоўніка калоніі асудзілі за гвалт над зняволеным.
33-гадовы Ігар Пятроў мае звычайную біяграфію правінцыйнага міліцыянта. Ён родам з Полацка, але апошнім часам жыў у суседнім Наваполацку. Вучыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У 2014-м, пасля заканчэння ўніверсітэта, Пятроў паступіў ў міліцыю і да снежня 2014-га давучваўся на афіцэра.
Пасля гэтага яму прысвоілі званне лейтэнанта і прызначылі начальнікам атрада ў наваполацкі лячэбна-працоўны прафілакторый №8.
У 2016-м ён даслужыўся да старшага лейтэнанта. А праз год яго перавялі ў папраўчую калонію №1 у Наваполацку на пасаду начальніка атрада.
На мяжы 2022-га і 2023-га Пятрова арыштавалі. Яго абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў — ён пабіў вязня.
Справу на наглядчыка завялі па ч.3 арт. 426 — «учыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, нададзеных ёй па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннямі пацярпелага або прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў».
Наколькі вядома «Нашай Ніве», у чэрвені Ушацкі суд даў Пятрову шэсць гадоў калоніі. У той жа час па інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязням, прысуд быў 4 гады калоніі і 13 тысячаў рублёў штрафа. А сам Пятроў цяпер сядзіць у калоніі «Віцьба».
Але, здаецца, не ўсё так проста. За здзекі з Вітольда Ашурка, пасля якіх ён памёр, нікога не асудзілі і не пакаралі. Нічога не адбылося і пасля смерці іншых палітвязняў — Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна.
«Прывозілі ў калонію. Ужо ў кайданках»
«Я здзівіўся, калі даведаўся, што Пятрова арыштавалі. Тое, у чым яго абвінавацілі, адбываецца ў калоніі пастаянна, — дзеліцца былы вязень калоніі №1. — Чалавека ставяць на расцяжку і б'юць па нагах, каб іх расцягнуць у розныя бакі.
Пятроў зрабіў тое самае, і ў зняволенага здарыўся разрыў сухажылля, так казалі. Адбылося тое ў сталоўцы з пажылым мужчынам. Пасля вязня забралі ў турэмную лякарню. Зняволены неўзабаве выйшаў па сканчэнні тэрміну, сваякі напісалі заяву, і Пятрова адхілілі ад працы, а пасля арыштавалі. Прывозілі ў калонію ўжо ў кайданках на следчыя дзеянні.
Незадоўга да гэтага ў ПК-1 быў «разбор палётаў», маўляў, хто ёсць хто, і супрацоўнікаў нават вадзілі на паліграф. Там такая атмасфера, што не толькі зэкі даносяць, але і супрацоўнікі пастаянна стукаюць», — кажа былы вязень.
Пасля таго, як арыштавалі Пятрова, звольнілі і яшчэ людзей. Кажуць, што некаторых за палітыку, хто неяк выказваўся ці ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў».
«Бывалыя казалі, што добры мужык»
Былы вязень апісвае характар Пятрова:
«З аднаго боку, ён быў высакамерны са зняволенымі. Усе, хто сядзеў у ПК-1, ведаюць, што ў яго быў забабон пра чысціню галення. Мог напісаць рапарт, нават калі чалавек чыста і гладка выгалены, але нешта яму не спадабаецца. І калі чакалі Пятрова з праверкай, то ўсе ведалі, што трэба ледзь не скуру сашкрэбсці. Мог выклікаць чалавека з шэрагу і пальцам нават правесці. Асабліва ад гэтага пакутавалі людзі, у якіх чорны волас.
Але ёсць і іншы бок. Напрыклад, калі я толькі прыехаў у калонію, яшчэ ў «каранціне», то няшмат ведаў пра тое, як там што працуе. Начальнік калоніі, Пальчык, адразу паставіў мяне «на ўнітазы» — гэта ганебны абавязак, які аўтаматычна пераводзіць у нізкую касту. Дык вось, калі Пятроў мяне вёў на працу, адразу сказаў мне, што я «папаў», даў асадку і лісток: «Пішы адмову». Нават не пытаўся, ці ведаю я, ці не, да чаго гэта прывядзе.
З Пятровым можна было дамовіцца, шмат у якіх выпадках ён ставіўся па-людску. Да прыкладу, ідзеш у лазню памыцца, а яна раз на тыдзень, і баішся, што не паспееш на адзнаку па прафілактычным уліку. Падыходзіш да Пятрова, тлумачыш сітуацыю, і ён кажа, што нічога страшнага.
З адметнага — Пятроў адносна лаяльна ставіўся да палітвязняў. Ён ім не рабіў подласцяў. Пры мне нават даваў аднаму з палітычных добрую характарыстыку. Хадзілі чуткі, што ён нават спрабаваў некаторых з іх адстаяць, калі іх збіраліся «закрываць» у ШІЗА.
Любіў выклікаць людзей на гутаркі. Ён распытваў, чаму мяне пасадзілі. У асабістых размовах не выказваў сваіх палітычных поглядаў, хоць на публіку заўжды маляваўся «патрыётам» і хваліў Лукашэнку. Выклікаў ён на такія гутаркі і палітычных, у тым ліку, казалі, Віктару Бабарыку — топ-вязня калоніі.
Бывалыя зняволеныя тады казалі, што, маўляў, няважна, што ён чапляецца да галення, затое «Пятроў нармальны мужык».
Збег абставін ці помста?
Былы вязень кажа, што збіццём вязняў у калоніі займаліся «кантралёры» — так называюць ахоўнікаў. Афіцэры, накшталт Пятрова, звычайна ў такім не ўдзельнічалі. Садыстам ён называе былога начальніка калоніі Андрэя Пальчыка.
«Ён даваў загады на збіццё і сам біў людзей. І палкамі, і нагамі, і рукамі. На яго куды толькі не пісалі скаргаў тыя, хто выйшаў, і нічога. Але фактычна яго ў выніку адправілі на паніжэнне начальнікам калоніі-пасялення, хоць яму прарочылі пасаду ва ўпраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС».
Былы палітвязень мяркуе, што калі б збіты Пятровым вязень не выйшаў неўзабаве на волю, крымінальнай справы за збіццё не завялі б.
«Каля сталовай ПК-1 ёсць тры паштовыя скрыні — адна з лістамі начальніку калоніі, адна з лістамі звычайнымі, на волю, і трэцяя — пракурору. Дык вось я не памятаю выпадкаў, каб увогуле з гэтай «пракурорскай» скрынкі нешта выходзіла на волю, лісты выкідаюць, а тым, хто скардзіцца, ствараюць праблемы».
Але мужчына не выключае, што Пятрову маглі за нешта адпомсціць — не за тое, за што фармальна асудзілі. Бо супрацоўнікаў, якія абыходзіліся з асуджанымі яшчэ больш жорстка, не каралі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары