Ці з’яўляюцца расейскамоўныя беларусы беларусамі? А ўкраінцы — украінцамі?

Ларыса Масенка: Я думаю, што можам лічыць, тут асноўнае пытанне: як чалавек адказвае, якая яго родная мова. Гэта значыць, калі расейскамоўны ўкраінец ці расейскамоўны беларус адказваюць, што родная мова іх беларуская або ўкраінская ў гэтых выпадках, то тады можна лічыць іх і беларусамі, і ўкраінцамі.

Аднак калі чалавек кажа, што родная мова яго расейская, то гэты чалавек ужо страчаны для свайго народа.

Мы калісьці праводзілі такое, пры падтрымцы міжнародных арганізацый, вялікае апытанне па Украіне ў 2006 годзе. І калі браць Украіну, то атрымлівалася, што 15 % украінцаў ужо лічылі расейскую мову роднай, але яны знаходзіліся пераважна на ўсходзе і поўдні краіны. А так і кіяўляне, значная частка з якіх расейскамоўная, усё адно пераважна адказваюць, што родная мова іх украінская. Паводле такога крытэру ўласна і можна вызначыць, кім чалавек ёсць, і ідэнтычнасць ён мае ўкраінскую, нягледзячы на расейскамоўнасць.

Вінцук Вячорка: У нас сітуацыя, відаць, больш заблытаная. У тым ліку таму, што мы не маем дакладных, пэўных адказаў на пытанне, колькі беларусаў лічаць роднай беларускую мову і што яны ўкладаюць у гэтае паняцце — родная мова. Рэч у тым, што ў міжнароднай сацыялінгвістыцы выкарыстоўваецца цэлая палітра азначэнняў для вызначэння моўнай ідэнтычнасці, моўных паводзін чалавека.

Гэта mother tongue, альбо першая мова, мова маці. Гэта асноўная мова, якой чалавек рэальна найлепш валодае, гэта звычайная штодзённая мова. І гэта моўная ідэнтычнасць — з якой мовай чалавек атаясамляе свой род, сваю будучыню, ну і ў рэшце рэшт сваю нацыянальнасць.

А ў нас раней у перапісах задавалі пытанне «родная мова» без расшыфроўкі, што дазваляла чалавеку ўкладаць у гэтае паняцце ў тым ліку і сваё ўяўленне пра мову ідэнтычнасці. У тым сэнсе, што чалавек мог не гаварыць штодня па-беларуску, альбо прынамсі на літаратурнай беларускай мове, але пры гэтым лічыць беларускую мову роднай, гэта значыць мовай свайго роду, і нават матчынай яе называць, нават калі ягоная маці ўжо з ім не гаварыла па-беларуску.

Гэта ахвяры русіфікацыі савецкай, 60-70-х гадоў, але з ягонай маці ейная маці гаварыла, бабуля яшчэ гаварыла па-беларуску. Ну і такім чынам ёсць перспектыва, што ягоныя дзеці і ўнукі загавораць зноў па-беларуску. І гэта і адбывалася ў нас — вяртанне да беларускай мовы праз пакаленне ці два.

Але вельмі важна, што людзі, якія вярталіся самі і вярталі сваіх дзяцей да беларускай мовы, усведамлялі, што гэта мова іхнага роду.

А вось у апошніх перапісах, ужо пры Лукашэнку, пачалі расшыфроўваць, што значыць родная мова. Маўляў, гэта тая мова, якую чалавек першай засвоіў у сям’і. І аказалася, што права дэклараваць мову ідэнтычнасці ў людзей як бы адабралі.

І адбыўся абсалютна катастрафічны абвал моўнай ідэнтычнасці паміж 1999 і 2009 гадамі, калі былі перапісы, — на 22 %.

Гэта абсалютна нечувана, каб за 10 гадоў так змянілася моўная ідэнтычнасць цэлага народа! Гэта, з аднаго боку, і палітыка лукашэнкаўскай улады, антыбеларуская, а з другога боку гэта вось пазбаўленне людзей права дэклараваць беларускую мову як родную.

І яшчэ адзін важны момант. Што значыць — гаварыць па-беларуску? Як я ўжо сказаў, гэта ж не толькі карыстацца стандартнай мовай. Кожны чалавек, які гаворыць дыялектнай мовай, безумоўна, гаворыць па-беларуску. Чалавек, які гаворыць тым, што, як ён усведамляе як змешанай мовай: «Ну знаеце, як мы гаворым. Слова беларускае, слова — польскае, слова беларускае, слова — рускае, слова — беларускае, слова — украінскае…» Гэта залежна ад геаграфіі. Па праўдзе, гэта беларускія дыялекты. Толькі што ў людзей як бы забралі магчымасць прызнавацца ў тым, што яны гавораць па-беларуску — гэта як бы няёмка.

Гэта ў савецкі час закладалася, што гэта няёмка. І гэта зноў і цяпер быццам бы няёмка. А між тым, нават чалавек, які пасіўна валодае беларускай мовай, ну проста яе банальна разумее і добра ёю валодае, ён жа таксама беларускамоўны.

Я да чаго вяду: што нават чалавек, які штодня гаворыць па-расейску, але пры гэтым беларускую мову ведае, валодае, устаўляе нейкія словы, ён патэнцыйна да яе заўсёды можа вярнуцца. Ён патэнцыйна беларускамоўны. І калі якія-небудзь дасужыя сацыёлагі кажуць, што ў нас толькі там 3% ці 5% гавораць па-беларуску, яны гэтай рэчы проста не разумеюць.

Так што, безумоўна, той, хто гаворыць па-расейску, але мае вось гэты фон, гэтую перадгісторыю, безумоўна, ён беларус. І прычым, я так падазраю, з вектарам вяртання да беларускай мовы.

Л.М.: Тут важнае пытанне паднялі, што гэта мова роду, гэта значыць бацькі расейскамоўныя. У нас больш за ўсё русіфікаваныя буйныя гарады, у гарадах шмат насельніцтва, тут адбывалася індустрыялізацыя, прыязджалі, і такі тут быў ужо кацёл русіфікацыі. Тады як невялікія мястэчкі і вёскі заставаліся ўкраінскамоўнымі.

Вось гэтая генерацыя, якая ўжо прыехала ў гарады і русіфікавалася, іх дзеці, ужо для іх украінская мова часта была мовай дзядулі і бабулі; гэта была мова іх роду, мова ўсіх папярэдніх пакаленняў. То, бясспрэчна, у такім значэнні гэта і ёсць іх родная мова.

Я хачу яшчэ сказаць, што ў нашай сітуацыі мы давалі і такое вызначэнне: «родная мова — гэта мова маёй краіны». Я разумею, што родная мова, вы вельмі добра пра гэта сказалі, яна па-рознаму тлумачыцца ў іншых краінах, найбольш распаўсюджана тое, што вы казалі, мова маці.

Так, родная мова — гэта мова маці, з якой дзіця засвойвае гэтую мову. Аднак, улічваючы нашу сітуацыю, тут важна яшчэ, я думаю, трактаваць родную мову як мову майго народа, мову маёй краіны.

Ці правільна ў XXI стагоддзі ўспрымаць ідэнтычнасць чалавека праз мову?

Л.М.: Моўная, этнічная, нацыянальная ідэнтычнасць — усё адно яны вельмі цесна звязаныя. Ва ўсіх краінах, пераважна ў еўрапейскіх краінах, дзяржаўная мова ўсё ж адна; вельмі мала краін двухмоўных. Пра гэта можна казаць асобна, і там пераважна заўсёды існуе канфлікт, таму, бясспрэчна, кожны народ, кожная нацыя, яна вызначае сваю ідэнтычнасць перадусім па мове. Аднак не толькі па мове, але і па культуры, якая створана гэтай мовай, бо ў культуры сканцэнтравана, у ёй выяўлена ідэнтычнасць вельмі выразна. Таму вельмі выразна неабходна распаўсюджваць украінскую ў нас.

Цяпер у нас адбываецца вялікі пералом, вялікі ўзлом у сувязі з Масквой. Вельмі многія людзі нарэшце ўсвядомілі тое, што ніколі не ўспрымалі расейцаў як сяброў. Ведаем гэтую пастаянную савецкую прапаганду пра братнія народы, пра тое, што ўсе раўнапраўныя, і цяпер ужо ўсвядомілі, што Расія — гэта вораг, які знішчаў нас тры стагоддзі. І вось цяпер, калі мы нарэшце вырашылі пабудаваць сваю краіну, калі мы аддзяліліся ад Расіі і будуем незалежную, сваю дзяржаву, яны не змаглі гэтага вытрываць, і пайшлі на нас брутальна, самай брутальнай, самай жорсткай вайной.

І, вядома, цяпер вельмі інтэнсіўна пачаўся пераход на ўкраінскую мову многіх расейскамоўных украінцаў. Трэба сказаць, што гэты актыўны пераход пачаўся яшчэ пасля Рэвалюцыі Годнасці. Пасля таго, як нарэшце быў укаранёны закон «Аб дзяржаўнай мове» ў 2019-м, які дакладна вызначаў, у якіх сферах павінна абавязкова выкарыстоўвацца ўкраінская мова — дзяржаўная мова.

Была таксама створана пасада ўпаўнаважанага па абароне дзяржаўнай мовы, Тарас Крэмень, у яго вялікая каманда маладых людзей. Ён актыўна працуе, туды паступаюць скаргі, напрыклад, калі выкладчык у ВНУ працягвае выкладаць на расейскай мове, то ідзе скарга. І, бясспрэчна, калі не згаджаецца выкладчык выкладаць на дзяржаўнай мове, то яго звальняюць — маюць права звольніць з працы.

Надзвычай актыўна гэты працэс пераходу ўжо пачаўся пасля пачатку вайны.

Гэта значыць, Пуцін і ягонае асяроддзе думалі, што дзякуючы таму, што ўдалося, ужо ў савецкі час, усё ж зрабіць гарады расейскамоўнымі, буйныя гарады на ўсходзе і на поўдні асабліва, то тут усе будуць сустракаць войскі расійскія з хлебам і соллю. Атрымалася зусім наадварот, і цяпер украінцы ўсведамляюць Расію як ворага, усведамляюць тую генацыдную вайну, якая ідзе на знішчэнне ўкраінцаў. У іх пайшоў вельмі моцны супраціў, і многія людзі пераходзяць на ўкраінскую мову цяпер.

В.В.: Вядома, украінская сітуацыя — сітуацыя эпахальнага выпрабавання. З аднаго боку, за ўкраінскую мову заступілася ўкраінская дзяржава, чаму мы, беларусы, можам толькі зайздросціць у цяперашняй сітуацыі. Таму што цяперашняя дзяржава, якая называе сябе Беларуссю, папраўдзе беларускую мову функцыянальна і змястоўна выціскае і вынішчае, у рэшце рэшт даходзіць ужо да гэтага.

З іншага боку, Украіна стала аб’ектам злачыннага нападу, адным з матываў якога была акурат моўная аргументацыя. Што вымусіла схамянуцца ўсе народы, якія акружаюць Расію, і пачаць цяміць, што тая Расія і тая расійскамоўнасць, якую ім навязвалі і якую некаторыя трактавалі як уяўнае багацце, так маўляў, «расейская мова — адна з сусветных», ах, яна, маўляў, мосцік да культурных і навуковых і ўсякіх іншых багаццяў, а выяўляецца гэта мосцік для прыходу агрэсара.

Мне здаецца, што вялікая частка беларусаў, якія ўмеюць мысліць, аналізаваць, нават калі яны раней не задумваліся пра моўную праблематыку, ну таму што і савецкі рэжым, і Лукашэнка, усё рабілі для таго, каб не думалі пра моўную праблематыку, яны пачалі разумець, што, аказваецца, гэта крайне важны ў Еўропе, у нашым геапалітычным рэгіёне чыннік, значэнне якога далёка па-за культуру ў вузкім сэнсе выходзіць. Гэта экзістэнцыяльны чыннік. Аказваецца, вырашэнне моўнага пытання звязана з выжываннем нацыі.

І, вярнуўшыся да пытання, ці цяпер моўная ідэнтычнасць тоесная нацыянальнай — так, я думаю, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі нестабільная, энтрапійная, — моўная, менавіта моўная. І калі ў кароткі перыяд рэальнай незалежнасці і адноснай дэмакратыі першай паловы 90-х за гэтыя 6 гадоў мы паспелі вярнуць беларускай мове статус, мы паспелі прапусціць праз беларускамоўнае навучанне недзе мільён, можа мільёны два школьнікаў, то потым настала рэакцыя моўная, і грамадства так вось выкручвалі-перакручвалі гвалтам, якое толькі-толькі вяртала сабе моўнае самаўсведамленне і функцыянальную моўную нармальнасць.

Паступова, з праблемамі, але ўсё ж такі працэс ішоў. А потым менавіта гвалтам пачаўся гэты разварот. І дык вось цяпер, на вялікі жаль, дзяржава не дапаможа. Гэта пытанне ўсведамлення самой нацыі, самога грамадства, саміх нашых элітаў, ці мы вернемся да беларускамоўнасці ці, калі не вернемся, то не факт, што мы застанемся ўжо ўвогуле як нацыя, як дзяржава, ці застанемся мы на мапе свету. Вось гэты экзістэнцыйны выклік, калі ён будзе ўсвядомлены, успрыняты большасцю нашага народу, тады ён нам дасць шанец выжыць.

Л.М.: Найгоршае, што адбылося ў Беларусі — гэта тое, што не змаглі ўтрымаць дзяржаўны статус беларускай мовы, тое, што ўдалося Украіне. Калі прыйшоў Лукашэнка да ўлады, то ў 1995 годзе, калі не памыляюся, былі ўнесеныя змены ў Закон аб мовах у Беларусі, і была расейская нароўні з беларускай абвешчаная дзяржаўнай мовай. Вядома, гэта развязала рукі русіфікатарам, каланізатарам.

Вельмі крыўдна, што прыйшоў да ўлады праз розныя маніпуляцыі, фактычна падман народа, такі персанаж, як Лукашэнка. Бо Лукашэнка, ён жа пагарджае беларускай мовай, ён жа выказваўся так, што ёсць толькі дзве вялікія мовы — руская і англійская, а беларуская вельмі бедная, на ёй нельга выказаць ні тэхнічныя, ні нейкія іншыя, няма тэрмінаў, і гэтак далей. З такім прэзідэнтам, дык якая можа быць моўная палітыка?

У нас таксама відавочная гэтая саветчына, калі найлепшая эліта, якая адстойвала ўкраінскую мову, была адпраўленая ў лагеры, і дастаткова моцная прайшла русіфікацыя. Ужо ў 1970-х гадах, асабліва пры Шчарбіцкім, калі ён вывеў украінскую мову нават з афіцыйнага ўжывання, з партыйнага.

Ужо ў часы незалежнасці ў нас вельмі негатыўную ролю адыграў Леанід Кучма, потым яшчэ горшым прэзідэнтам быў Януковіч. […] Але з 2014 года ў нас пачалося значна мацнейшае ўсведамленне каштоўнасці ўкраінскай мовы і ўкраінскай культуры, а цяпер гэта адбываецца надзвычай актыўна, што наогул вельмі важна для таго, каб усё ж адрадзіць мову і Беларусі, вярнуць уласнае, не адрадзіць, а вярнуць, надзвычай важна прапагандаваць сваю культуру.

Краін-білінгваў у свеце больш, чым тых, дзе ўзаконеная адна мова. Ці пагражае беларускай і ўкраінскай мовам суседства з расейскай?

Л.М.: У нас часта не ўлічваюць розніцу паміж індывідуальным двухмоўем, індывідуальным білінгвізмам і дзяржаўным двухмоўем. Гэта значыць калі чалавек валодае дзвюма мовамі, а цяпер часта і трыма, нашы вучні і студэнты цяпер актыўна вучаць яшчэ і ангельскую мову, у гэтым нічога дрэннага няма, наадварот.

Аднак надзвычай негатыўная з'ява — гэта дзяржаўнае двухмоўе, асабліва такое як якое склалася ў нас, у постімперскай прасторы, гэта значыць калі ўсё насельніцтва Украіны і Беларусі гэтак жа абавязкова павінна было вывучыць расейскую мову ў савецкі час, без яе нельга было зрабіць кар'еру. Гэтая мова выцясняла мясцовыя. Гэта значыць, гэта той білінгвізм, які нават замежныя навукоўцы вызначаюць: гэты стан няўстойлівай раўнавагі, калі ўвесь час паміж гэтымі дзвюма мовамі адбываецца канфлікт, паколькі адна мова хоча выцесніць іншую са сваёй тэрыторыі, родную. Гэты канфлікт пасля вырашаецца альбо перамогай адной з моў, альбо распадам дзяржавы на дзве часткі, гэта адбываецца, напрыклад, у Бельгіі.

Я, на жаль, не магу пагадзіцца і з тым, што большасць краін двухмоўныя, я не ведаю ў рэшце рэшт як у свеце, там Азія, Афрыка, але калі браць Еўропу, то наадварот, там вельмі мала краін, дзе дзяржаўнае двухмоўе.

З 47 еўрапейскіх краін, калі лічыць і Расію, і закаўказскія краіны, і Турцыю, то ў 41 краіне толькі адна дзяржаўная мова. Там, дзе дзве мовы, там ужо часта існуе вельмі моцны канфлікт, такі як у Бельгіі, дзе фламандцы з аднаго боку, а з другога боку валонцы, якія размаўляюць на французскім дыялекце. 

Потым хачу назваць Швейцарыю, нам прарасійскія сілы вечна прыводзяць гэты прыклад, «што вы, значыць, супраць двухмоўя, калі ў Швейцарыі тры, нават чатыры мовы», там яшчэ рэтараманская, невялікая паводле аб'ёму мова. Аднак гэтыя людзі зусім не ведаюць сітуацыю: гэтая краіна падзелена моўнымі межамі, у нямецкамоўным кантоне толькі свая мова, у французскім — толькі французская, у італьянскім — італьянская, і для таго, каб атрымаць грамадзянства Швейцарыі, я ведаю, што ва ўсякім разе некалькі гадоў таму там быў такі закон, што там трэба пражыць не менш за 12 гадоў у кантоне і здаць экзамен на веданне гэтай мовы, не толькі экзамен, але і тое, што ты засвоіў мясцовы лад мыслення. Разумееце, гэтыя размовы пра тое, што нічога страшнага ў дзяржаўным двухмоўі няма, нічога не вартыя.

Я яшчэ хачу Фінляндыю ўспомніць, гэта таксама адна з нямногіх краін, дзе дзве мовы: і шведская дзяржаўная, і фінская. Раней у мінулым шведская выцясняла фінскую, у гарадах вельмі мала людзей гаварылі на фінскай мове, затым яны правялі вельмі актыўную палітыку дзяржаўную, вярнулі фінскую мову і многія шведы адтуль з'ехалі. Увялі як дзяржаўную шведскую мову толькі ў 1919 годзе, таму што ў Расіі тады пачаўся бальшавіцкі пераварот, ён вельмі пагражаў і Фінляндыі, яны замахваліся на гэтую краіну, тады аб'ядналіся ўжо ўнутры фінская і шведская эліты. Яны ўжо супраць уласна гэтай магчымай савецкай экспансіі, гэта значыць таму, хоць там шведаў, здаецца, 7% у Фінляндыі.

Гэта значыць, калі спасылаюцца то на Швейцарыю, то на Бельгію, то заўсёды трэба дакладна ведаць сітуацыю гэтых краін.

В.В.: Дарэчы дабаўлю, што ў Фінляндыі ёсць шведскамоўны рэгіён, Алянскія выспы, дзе сапраўды рэальна бальшыня шведскамоўная. Яны аточаныя морам, і гэтая шведскамоўнасць не пагражае моўным размываннем асноўнаму моўнаму масіву.

І я б яшчэ болей звузіў рэгіянальны падыход. Мы — Цэнтральна-Усходняя Еўропа, а для Цэнтральна-Усходняй Еўропы дзяржаўная двухмоўнасць — увогуле экзотыка. Адзіны вынятак — гэта, на вялікі жаль, лукашэнкаўская Беларусь.

Мы сталі адзінай постсавецкай, і шырэй, цэнтральна-ўсходнееўрапейскай краінай з дзвюма дзяржаўнымі мовамі — і вынік не прымусіў сябе чакаць.

Ужо ў 2007 годзе ЮНЕСКА ўключыла беларускую мову ў сваю страшную Чырвоную кнігу моваў, якім пагражае знікненне.

Таму што адсотак людзей, якія ў наступных пакаленнях пераймаюць мову ад бацькоў ці ў школе, знізіўся да небяспечнага ўзроўню. Пакуль што мы як бы на першым узроўні тады былі, у 2007 годзе, а цяпер, можа, ужо і на другой ступені гэтай ЮНЕСКАўскай пагрозлівай чумной кнігі, так сказаць.

Прывяду прыклад не з нашага еўрапейскага рэгіёну, але з Еўропы — Ірландыя. Там дзве дзяржаўныя мовы — ірландская і ангельская. Сітуацыя тыпалагічна чымсьці падобная да беларускай, таму што ангельская мова ў параўнанні з расейскай куды больш статусная, яна сусветная мова. І вось гэтае двухмоўе дзяржаўнае, пры тым, што ірландскі ўрад дбае пра сваю мову, пры тым, што там ёсць праграмы яе аднаўлення, усё роўна не дае вярнуць ёй ключавыя сферы бытавання штодзённага.

А з другога боку, ёсць Уэльс, які хоць не незалежная дзяржава, а складнік Вялікабрытаніі, як ні дзіўна, там адзіная дзяржаўная мова валійская. Ангельская мова там не мае статусу. Ну пры тым, што ўсе яе ведаюць, але статусу не мае. І за XX стагоддзе, крок за крокам, валійская мова пачала вяртацца ва ўжытак.

Так што мы маем перад вачыма трагічны беларускі і трывожны ірландскі прыклады, каб зразумець, што гэтага нельга рабіць. Агітатары за двумоўе, двуязычнікі кажуць, што «никто не имеет права заставить человека разговаривать у себя в семье»… Глупства!

Дзяржаўнасць мовы азначае тое, што дзяржаўны чыноўнік абавязаны карыстацца гэтай мовай, што дзяржава абавязаная бараніць правы гэтай мовы, што я, як беларускамоўны, маю права ў любую дзяржаўную ўстанову звярнуцца па-беларуску, і яны мне па-беларуску адкажуць. І толькі.

Для сітуацыяў складаных, такіх як беларуская, можа быць пераходны перыяд. Ну, скажам, вось у Казахстане, да якога ёсць пытанні пра яго дэмакратычнасць, але дзяржаўны статус казахскай мовы нейкі час суправаджаўся так званым афіцыйным, але недзяржаўным статусам мовы расейскай, і паступова, спакваля, упэўнена яны ідуць да сітуацыі паўнавартаснага, усюдыіснага бытавання найперш казахскай мовы.

Так што прыпісваць людзям, якія выступаюць за беларускую мову як адзіную дзяржаўную, нейкія памкненні да гвалту, да прымусу — гэта папросту скажае рэчаіснасць. У 1990-м годзе, калі было прынята рашэнне аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, прымаліся вельмі мяккія тэрміны: 5-6, для юрыспрудэнцыі нават 10 гадоў, — поўнага пераходу на беларускую мову, маючы на ўвазе падрыхтоўку кадраў, тэрміналогію, адпаведныя кнігі, пераклад заканадаўства. Калі б не гэты папулісцкі пераварот 94-га года, у нас бы цяпер была сітуацыя, блізкая да ўкраінскай. Так што гэтую навуку трэба засвоіць і не паўтараць памылак.

Л.М.: Прагнозы адносна гібелі моў вельмі рэдка спраўджваліся; усё роўна, беларускі народ мае супраціў, мае здольнасць да супраціву — ён гэта паказаў. Тое, што ўсе беларусы паўсталі супраць дыктатара, але на жаль, сілавыя структуры вельмі моцныя, падпарадкаваныя, і задушылі гэта, але адзінае, на што я звярнула ўвагу, што відавочна яшчэ не да канца беларусы ўсвядомілі ролю Расіі.

Мне здаецца, трэба яшчэ і зразумець, што Расія — гэта вораг, які хоча паглынуць Беларусь, вось гэта на масавым узроўні. Вось вы, свядомая інтэлігенцыя, павінны рабіць усё магчымае, каб неяк данесці гэта да людзей.

Калі пачалася вайна, многія ўкраінцы адмовіліся ад расейскай мовы. Беларусы пачынаюць рабіць тое самае. Колькі часу спатрэбіцца, каб мова пачала панаваць, а не быць адно толькі зброяй?

Л.М.: Яшчэ праблемы застаюцца, яшчэ і ў нас ёсць нямала людзей, якія не пераходзяць, і на гэтай глебе ў нас часам яшчэ і канфлікты адбываюцца, але ўсё роўна гэты працэс, бясспрэчна, ідзе. Я думаю, што пасля вайны ніхто ўжо, хто перайшоў на ўкраінскую, не вернецца да расейскай мовы, што на працягу пакалення-двух ужо вернуцца да сваёй мовы, да мовы свайго роду, да сваёй роднай мовы ўкраінскай, і яна зойме тое становішча, якое заслугоўвае. Я веру, што так будзе і ў Беларусі, адзінае, што гэта зойме больш часу.

Што тычыцца мовы, я веру ў тое, што беларусы маюць магутную культуру, маюць гісторыю вельмі цікавую; нагадаю, што мы разам былі ў Вялікім Княстве Літоўскім, і карані, і сувязі з Літвой нам трэба ўмацоўваць. 

В.В.: Думаю, зрэшты, не проста думаю, а бачу той патэнцыял, які быў набыты ці адноўлены маладзейшымі пакаленнямі беларусаў, якія прайшлі моўнае і нацыянальнае адраджэнне 90-х гадоў. Гэта тыя сем’і, якія дамагаліся для сваіх дзяцей дашкольных устаноў, садочкаў, школаў з беларускай мовай навучання.

І гэтыя людзі, якія паспелі зачапіцца за тое адраджэнне, былі асноўнай рухальнай сілай рэвалюцыі 2020 года. Для іх беларуская мова — гэта бясспрэчная каштоўнасць, яны яе, што называецца, не баяцца. Яны яе любяць і яны ёю функцыянальна валодаюць. А што ж да агульнай атмасферы, то вельмі цікава было назіраць, як гэтыя плошчы, гэтыя двары 2020 года, якія былі месцамі такога стыхійнага паяднання жыхароў, гарызантальнага грамадства, пераходзілі на беларускую мову, як яны прасілі: арганізуйце нам лятучыя курсы беларускай мовы, і сам я на такіх курсах выкладаў. Як рок-гурты альбо іншыя выканаўцы, музыкі, дагэтуль расейскамоўныя, прайшоўшы гэтыя рэвалюцыйныя двары, рабіліся беларускамоўнымі, мянялі свой рэпертуар на беларускамоўны.

І медыя: некаторыя з іх, раней прынцыпова расейскамоўныя «ну, мы же должны дойти до слушателя», цяпер заводзяць у сябе беларускамоўныя старонкі і паступова, спакваля на беларускую мову ўсё ж такі пераходзяць. Гэта значыць, ёсць медыйная інфармацыйная прастора беларускамоўная, не дзяржаўная абсалютна, без ніякай надзеі на лукашэнкаўскую дзяржаву.

З другога боку, калі раней былі пэўныя ілюзіі ў людзей, ну яшчэ ў савецкі час, што нацыянальнае адраджэнне магчымае і пры савецкім таталітарызме, і былі такія настроі, праўда маргінальныя, і ўжо пры лукашызме, што галоўнае — не палітызаваць пытанне з беларускай мовай, не рабіць беларускую мову атрыбутам апазіцыі, і каб яе такім чынам не душылі. Усё, прайшлі ўжо гэтыя часы ілюзіяў.

Цяпер, калі чалавека за маўленне па-беларуску могуць проста затрымаць дзеля праверкі на вуліцы, і калі мы ведаем дакладна пацверджаныя факты, што асабліва жорстка да схопленых, да палонных людзей ставіліся за іхнюю беларускамоўнасць. Калі мы бачым, як пад корань вычысцілі ўсе грамадскія арганізацыі, медыя, якія займаліся беларускай мовай. Як за прыгожае беларускае слова пачынаюць крымінальныя справы ці адміністрацыйны пераслед.

Так, нядаўна да аднаго блогера дачапіліся і да адной фірмы ў сувязі з тым, што яны ўжылі ў рэкламе беларускае слова «падабайка», па-ўкраінску «подобайка» — замест, канешне, ісконна рускага слова «лайк». Але паколькі гэта беларускае слова, значыць, і фірма падазроная, і блогер той, які ў рэкламе зняўся, падазроны. Чорна-белая сітуацыя.

Альбо мы — беларускамоўныя і свабодныя, альбо мы трацім беларускую мову, ідзём у «рускі мір» — і застаемся рабамі.

Чытайце таксама:

«Беларусь для мяне — краіна кантрастаў». Малады паляк з беларускімі каранямі самастойна вывучыў мову і піша песні па-беларуску

«Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

«Мы» — гэты найперш «мы», а не «анты-яны». Ці павінна нацыянальная ідэя зводзіцца да адмежавання?

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6