Абмен палоннымі ў фармаце «100 на 100» адбыўся 8 лютага ў Сумскай вобласці Украіны на мяжы з Расіяй.
У межах абмену палоннымі Украіна перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, які ваяваў у падраздзеле «Ветэраны» расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут» і знаходзіўся ва ўкраінскім палоне з 19 верасня 2022 года, піша Радыё Свабода.
«Максім Зязюльчык звычайны вайсковы палонны. Ён прайшоў паводле працэдуры: ваяваў за Расею і ў Расею вярнуўся», — паведамілі Свабодзе ў праекце «Хачу жыць», створаным ва Украіне для расейскіх вайскоўцаў.
У той жа час сярод перададзеных Расіяй украінскіх палонных беларускіх добраахвотнікаў няма.
31 студзеня Украіна ў межах абмену вайсковымі палоннымі перадала Расеі грамадзяніна Беларусі Максіма Запеку.
Ва Украіне ў палоне застаецца яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі — Андрэй Герыловіч. Ён ваяваў у складзе ПВК «Вагнер» і быў асуджаны ва Украіне на 9 гадоў зняволення. Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 года непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці.
Хто такі Максім Зязюльчык
Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Служыў у падраздзеле «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам з 21 ліпеня 2022 году. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазіцыях сіл Расеі ў акупаваным горадзе Ізюме Харкаўскай вобласці.
Батальён «Ветэраны» — падраздзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.
Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці. У час баёў за пазіцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дыслакацыі «Рэдута» ў Ізюме Харкаўскай вобласці.
25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазней расейцы перакінулі гэты падраздзел у Ліманскі раён Данецкай вобласці.
Урэшце 19 верасня 2022 года Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. 18 студзеня 2023 году суд асудзіў яго на 10 гадоў пазбаўлення волі — максімальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачанняў ва ўдзеле ў якасці найміта ў збройным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях (ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэкса Украіны).
Пасля судовага выраку СБУ паведаміла, што Максім Зязюльчык быў агентам КДБ Беларусі — нібыта ў снежні 2020 году ён паступіў на службу ў 2-гі антытэрарыстычны аддзел КДБ на пасаду «выведніка».
Паводле легенды, ён меўся дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, каб сабраць інфармацыю пра ўзоры замежнага ўзбраення, якія атрымліваюць падраздзелы Ўзброеных сіл Украіны ад заходніх партнёраў, а таксама «выведаць планы магчымага ўдзелу расейскіх прыватных кампаній у спробах адхіліць ад улады Лукашэнку». Сабраную інфармацыю ён павінен быў перадаваць у Мінск праз сувязнога.
«Азаронак — ёлупень». Гутарка з палонным беларусам з ПВК «Рэдут» зацягвае і пакідае пытанні
Ва Украіне асудзілі беларуса-вагнераўца. Ён пайшоў на пагадненне аб прызнанні віны і пазбег максімальнага тэрміну
Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму. Просіць абмяняць ваеннапалонных беларусаў на палітвязняў
Каментары