Тут вучыліся Патрушаў і Тозік. Што за напаўсакрэтная ўстанова, якая рыхтуе кадры для КДБ
Не самы заўважны будынак у Менску ў стылі сталінскага ампіру па вуліцы Змітрака Бядулі, 2 — гэта Акадэмія нацыянальнай бяспекі Беларусі. Установа, якая моцна адрозніваецца ад іншых ВНУ для сілавікоў. Такіх, як Акадэмія МУС ці Вайсковая акадэмія. У гэтую ўстанову, якая наўпрост падпарадкоўваецца КДБ, паступаюць іншым чынам. «Свабода» расказвае пра яе падрабязней.
Львоўская перадгісторыя
27 снежня 1946 году ў Львове стварылі спецыяльную школу, каб рыхтаваць аператыўны склад для органаў дзяржаўнай бяспекі. Некаторы час установа выпускала кадры з сярэдняй юрыдычнай адукацыяй.
У 1954-м школу перанеслі ў Магілёў, а з 1956 году на яе базе пачалі рыхтаваць кадры з вышэйшай адукацыяй. Яшчэ праз 5 гадоў школа пераехала ў Менск, дзе пазней, згодна з пастановай Савету міністраў СССР, стала Вышэйшымі курсамі КДБ СССР пры Савеце міністраў. На курсах тады навучалі год, паступіць можна было з вышэйшай адукацыяй і двухгадовым стажам практычнай працы.
З 1988 году курсы перайшлі на новую праграму, цяпер тут вучыліся 18 месяцаў і атрымлівалі дыплом аб спецыяльнай вышэйшай адукацыі.
Ужо ў 1992-м курсы перадалі ў юрысдыкцыю КДБ Беларусі, яны атрымалі назву Вышэйшых курсаў. У красавіку 1994 году рашэннем Вярхоўнага Савету Беларусі Вышэйшыя курсы КДБ перарабілі на Інстытут нацыянальнай бяспекі Беларусі. А 10 кастрычніка 2022 году паводле ўказу Лукашэнкі замест Інстытута з'явілася Акадэмія нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Асаблівы адбор
Найперш, гэта не ўніверсітэт кшталту Акадэміі МУС, куды паступаюць адразу пасля школы. У Акадэміі нацыянальнай бяспекі вучаць на базе вышэйшай адукацыі, то-бок сюды трапляюць ужо пасля вучобы ў ВНУ. Таксама трэба мець досвед службы ў войску.
Як выглядае механізм паступлення, «Свабодзе» расказалі ў арганізацыі былых сілавікоў BelPol.
Найперш кадры будучых супрацоўнікаў шукае сам КДБ. Гэта робяць праз ваенкаматы, праз ВНУ, праз дзяржаўныя прадпрыемствы.
«Чалавек не павінен быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, а яго блізкія родзічы не павінны быць прыцягнутыя па сур’ёзных артыкулах. Сярэдні бал навучання павінен быць не меншы за 7 па 10-бальнай сістэме. Таксама станоўчыя характарыстыкі. Гэтыя кандыдаты здаюць і фізічныя іспыты: падцягванне, адцісканне, залік па бегу. Там агульнавайсковыя крытэрыі. Таксама людзі здаюць псіхалагічныя тэсты і праходзяць паліграф», — расказваюць у BelPol.
Пасля таго як чалавек праходзіць гэты этап праверкі, ягоныя даныя накіроўваюць ва ўпраўленне кадраў КДБ. Пасля гэтага будучыя супрацоўнікі КДБ, як правіла, паступаюць на службу ў Камітэт дзяржбяспекі ў якасці курсантаў і ідуць вучыцца ў акадэмію.
«Асноўнае прызначэнне гэтай акадэміі — падрыхтоўка аператыўных супрацоўнікаў КДБ. Гэта выведка, контрвыведка, барацьба з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю ды іншае. Але ў КДБ ёсць і іншыя напрамкі дзейнасці», — расказалі «Свабодзе» суразмоўцы.
Праграма навучання
Існуюць дзве асноўныя праграмы, па якіх навучае Акадэмія нацбяспекі.
Першая — базавая, для людзей пасля ВНУ і вайсковай службы. Другая — для людзей, якія ўжо паступілі на службу ў КДБ і маюць афіцэрскае званне, эканамічную ці юрыдычную адукацыю. А таксама досвед працы па спецыяльнасці ці службы ў іншых сілавых органах.
Спярша базавыя курсы, для людзей, якія толькі прыйшлі, доўжыліся 1 год, а для афіцэраў — 5 месяцаў. Цяпер базавая праграма складае 2 гады, а кароткую праграму падоўжылі да 9 месяцаў. Пасля года вучобы курсанту прысвойваюць званне лейтэнанта.
«Па базавай праграме навучаецца прыкладна 200 чалавек. На скарочаных курсах — прыкладна 40. Яшчэ існуюць курсы прапаршчыкаў для КДБ. Гэта кіроўцы ды ахова. Курсы цягнуцца каля 2 месяцаў, і на іх вучыцца каля 30 чалавек. Існуюць таксама курсы павышэння кваліфікацыі для афіцэраў КДБ. Там вучаць кіраўнікоў спецслужбы, а таксама нейкіх спецыфічных спецыялістаў. Там каля 15—20 чалавек», — кажа суразмоўца.
Калісьці ў Акадэміі рыхтавалі супрацоўнікаў для Памежнага камітэта, але пасля адкрылі Інстытут памежнай службы. Па звестках суразмоўцаў Свабоды, там могуць навучацца на асобных курсах мытнікі, ідэолагі ці супрацоўнікі Дзяржкантролю.
Таксама ў гэтай акадэміі ёсць ад’юнктура. То бок там вучаць і людзей з навуковымі ступенямі.
На пачатку 2000-х у Акадэміі нацыянальнай бяспекі была і пяцігадовая праграма. На яе паступалі ў асноўным дзеці дзейных супрацоўнікаў КДБ. Яны навучаліся ў іншых ВНУ і ў Акадэміі спецдысцыплінам. На гэтай праграме было няшмат людзей. Па звестках крыніцы «Свабоды», пасля 2008 года праграму дакладна прыбралі.
Як вучацца
Выкладаюць у Акадэміі былыя і дзейныя супрацоўнікі КДБ. Будынак ахоўваецца.
«Таксама гэта могуць быць пенсіянеры іншых сілавых структур. Цывільных асобаў сярод выкладчыкаў, хутчэй за ўсё, няма. Гэта вайсковы аб’ект, дзе ёсць КПП, дзяжурная служба і ўзброеная ахова. Асобам, якія там вучацца, выдаюць пропускі, а афіцэры скарочаных праграмаў заходзяць па сваіх пасведчаннях», — кажа суразмоўца з BelPol.
Усе курсанты жывуць на тэрыторыі акадэміі. Гэта пакоі на некалькі чалавек, не казарма. У акадэміі ёсць спартовая зала, трэнажорка, зала для сілавых адзінаборстваў, стралковы цір для стральбы з караткаствольнай зброі. Таксама ёсць сталоўка і буфет.
Дыплом аб вышэйшай адукацыі выдаюць людзям, якія скончылі 2 гады навучання. Тым, хто вучыўся на кароткіх курсах, даюць пасведчанне аб іх завяршэнні. Вывучаюць замежныя мовы, крымінальнае права, міжнароднае права, крыміналістыку. Сярод грамадазнаўчых дысцыплінаў — паліталогія, кіраванне. Таксама выкладаюць псіхалогію.
«Асноўны кірунак — спецдысцыпліны. Фактычна гэта агентурная дзейнасць.
У акадэміі здаюць залікі і экзамены, ёсць курсавыя работы. Расказваць іншым асобам, пра што там вучаць, нельга. Нельга праносіць прыстасаванні, якія маюць камеры ці дыктафоны. За парушэнне правілаў могуць пазбавіць допуску да сакрэтаў, што вядзе да звальнення з КДБ», — расказвае суразмоўца.
На час навучання ўсе, хто вучыцца, носяць вайсковую форму. Выкарыстоўваюцца вайсковыя статуты.
З акадэміі могуць выгнаць, такія выпадкі ёсць, кажа суразмоўца. Аднак гэта здараецца вельмі рэдка. У асноўным — за парушэнне дысцыпліны.
«Усе аператыўныя супрацоўнікі КДБ мусяць прайсці або доўгія, або кароткія курсы ў гэтай акадэміі», — кажа суразмоўца.
Хто вучыўся ў Акадэміі нацбяспекі і хто ёю кіруе цяпер
Некаторыя выпускнікі вышэйшых курсаў КДБ — такі статус раней мела акадэмія — займалі высокія пасты ў эшалонах беларускай улады. Напрыклад, яе скончыў Урал Латыпаў, які ў розныя часы працаваў міністрам замежных спраў Беларусі, памочнікам Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы, кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта.
Таксама тут вучыўся Анатоль Тозік, колішні намеснік прэм’ер-міністра Беларусі ва ўрадзе Міхаіла Мясьніковіча. Вышэйшыя курсы КДБ у Менску канчаў сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў. Ён жа ўзначальваў расійскую ФСБ з 1999 па 2008 год.
Асноўны орган, якому падпарадкоўваецца Акадэмія нацыянальнай бяспекі, — КДБ Беларусі. З 2021 года Акадэмію ўзначальвае Валянцін Платонаў, яе кіраўніка прызначае асабіста Лукашэнка. Па звестках BelPol, Платонаў нарадзіўся ў Днепрапятроўскай вобласці Украіны, у Крывым Розе. Працаваў у цэнтральным апараце КДБ, на 2016 год займаў пасаду намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі.
У красавіку 2022 году Валянцін Платонаў меў званне палкоўніка, але начальнік акадэміі — гэта генеральская пасада. Суразмоўцы «Свабоды» кажуць, што магчыма, яму далі гэтае званне, але засакрэцілі.
Паводле звестак BelPol, родная сястра Платонава Надзея замужам за грамадзянінам Бахрэйна Насерам Ібрагімам Насерам Алі з 2006 года. Амаль не жыве ў Беларусі і зрэдку сюды прылятае. У Бахрэйне нарадзілася пляменніца Платонава, яна мае грамадзянства гэтай краіны. Па словах былых супрацоўнікаў сілавых структур, калі ў чалавека сваякі жывуць за мяжой, яму амаль немагчыма трапіць на службу ў КДБ. Аднак калі ён ужо служыць і ягоны сваяк выехаў, то яго ўжо не звольняць. Таксама ў правілах дакладаць пра ўсе кантакты з іншаземцамі, расказалі суразмоўцы Свабоды.
Маці Платонава Тамару ў 2000 годзе судзілі. Суд Барысаўскага раёну прызначыў ёй штраф па крымінальным артыкуле «Падман пакупнікоў і заказчыкаў».
Намеснік начальніка акадэміі — Генадзь Краско, ён доктар навук. Паходзіць з Бешанковіцкага раёна. Школу Краско скончыў на выдатна, яму нават прапаноўвалі паступаць без іспытаў у Полацкі ўніверсітэт. Аднак ён абраў Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава і паступіў на факультэт беларускай філалогіі і гісторыі.
Пасля дыплому ўладкаваўся на працу ў той жа ўніверсітэт на кафедру. Вядома, што да 2005 году Краско яшчэ не служыў у КДБ. У 2010 годзе стаў кандыдатам навук. У 2020-м Краско атрымаў ступень доктара гістарычных навук. У акадэміі ён адказвае за навуковую частку. Мае навуковыя працы на тэму гісторыі беларускага КДБ. У 2017 годзе Краско, будучы ўжо кандыдатам гістарычных навук, пісаў навуковую працу па тэме «Прычыны і асаблівасці арганізацыйнага развіцця савецкіх органаў дзяржбяспекі (на прыкладзе Беларускай ССР)».
Генадзь Краско меў жонку, але развёўся.
Што цяпер з Акадэміяй
Паводле інфармацыі BelPol, ад жніўня мінулага году Акадэміі выдзелілі дадатковыя 20 мільёнаў рублёў на будоўлю новага корпуса. Там маюць быць вучэбныя і адміністратыўныя будынкі, а таксама новы інтэрнат на 150 месцаў.
Мінгарвыканкам выдзеліў участак пад філіял акадэміі побач з касцёлам Святога Роха, у раёне вуліц Залатая Горка — Чырваназорная. Гэта новы, дадатковы факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.
«Калі ён ішоў у прыбіральню, ведала ўся калонія, бо пра гэта апавяшчала сігналізацыя». Былы зняволены расказаў пра Віктара Бабарыку
Галасуй не галасуй. Споведзь былых дэпутатаў пра тое, як Лукашэнка прызначаў іх у парламент
Супрацоўнікаў БДУ абавязалі справаздачыцца перад кіраўніцтвам пра кантакты падчас замежных паездак
Каментары