Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны назваў ядзерным шантажом анансаваныя змены ў ядзерную дактрыну Расіі
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак назваў ядзерным шантажом і запалохваннем прапанову Уладзімір Пуціна змяніць падыходы да прымянення ядзерных сіл Расіі.
«Акрамя ядзернага шантажу, у РФ больш няма нічога, ніякіх іншых інструментаў запалохвання свету. Гэтыя інструменты не спрацуюць», — напісаў Ярмак у тэлеграме.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк назваў заявы Пуціна «рэпутацыйным дном».
«Чалавек пачынае трохдзённую «спецыяльную ваенную аперацыю», а сёння рукамі, што калоцяцца, з ліста паперы зачытвае наступнае: глядзіце, калі мы будзем правакаваць канвенцыйнай зброяй гэтую вайну, то мы будзем выкарыстоўваць супраць няядзернай дзяржавы ядзерную зброю. Ну гэта абсалютна рэпутацыйнае дно», — сказаў Падаляк.
Па яго словах, улады Расіі не разумеюць, як спыніць вайну: «Відавочна, што Расійская Федэрацыя не разумее, як спыніць тое, што далей будзе працягвацца ў гэтай вайне».
Уладзімір Пуцін 25 верасня правёў нараду Савета бяспекі Расіі па ядзерным стрымліванні, на якой прапанаваў змяніць падыходы да прымянення ядзерных сіл краіны.
У прыватнасці, ён заявіў, што РФ будзе разглядаць магчымасць прымянення ядзернай зброі ў выпадку нападаў беспілотнікаў, самалётаў і іншых лятальных апаратаў, а таксама што Расія пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі.
Каментары