Беларусь хоча адкрыць сумесную з Расіяй вытворчасць на заводзе Stadler
Завод з-за санкцый не можа вырабляць цягнікі, аднак швейцарская кампанія заяўляла, што не пакідае Беларусь.
Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч заявіў, што ўрад хоча адкрыць сумесную з Расіяй вытворчасць на заводзе Stadler пад Мінскам.
Паводле яго слоў, пытанне аб магчымай буйнавузлавой зборцы маторвагоннага рухомага саставу ўжо прапрацоўваецца, піша «Спутнік».
«Стварыць сумеснае нейкае таварыства для таго, каб аднавіць вытворчасць на Stadler… з двума прадпрыемствамі, буйнымі карпарацыямі (з Расіі) гэтае пытанне прапрацоўваецца», — сказаў Ляхновіч на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента.
Віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак заявіў, што Stadler з'яўляецца беларускім прадпрыемствам.
«Упэўнены, што мы будзем і далей ездзіць на рухомым саставе, які будзе вырабляць гэта беларускае прадпрыемства», — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада. Аб'ёмы вытворчасці на заводзе Stadler ў Фаніпалі ў выніку санкцый былі скарочаныя да мінімуму. Так, прадпрыемства не змагло паставіць цягнікі менскай падземцы, у выніку метрапалітэн закупіў цягнік у Расіі.
Пры гэтым у гадавой справаздачы кампаніі паказвалася, што Stadler не збіраецца адмаўляцца ад беларускага завода і плануе аднавіць вытворчасць пасля адмены санкцый. Цяпер завод «працягвае аказваць паслугі па вытворчасці кузаваў і камплектуючых аўтамабіляў, а таксама ў галіне машынабудавання, са строгім захаваннем усіх санкцый».
Каментары