Каханне і сэкс11

«Усё здарылася, мы далікатна развіталіся, і я сышоў». Беларусы расказалі пра свой досвед сэксу па-сяброўску 

Выданне CityDog.io спытала сваіх чытачоў, ці былі ў іх адносіны ў фармаце сяброўства с прывілеямі, або friends with benefits. Проста кажучы: ці быў у вас сэкс з сябрам ці сяброўкай? Вось чатыры гісторыі — як з жаночага боку, так і з мужчынскага.

 Фота: Myron Standret / vecteezy.com

Вольга (29 гадоў): «Ён хацеў адносін, але я не была да іх гатовая»

Адносіны ў фармаце friends with benefits у Вольгі пачаліся каля года таму, калі яна жыла ў іншай краіне (спойлер: ужо скончыліся).

Пачалося ўсё з таго, што дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым партнёрам праз агульнага знаёмага ў бары. Аказалася, што маладыя людзі жывуць побач. У канцы вечара хлопец узяў у Вольгі нумар тэлефона — на тым і разышліся. Праз нейкі час хлопец напісаў і прапанаваў сустрэцца.

— На трэцяй ці чацвёртай сустрэчы мы проста сядзелі ў яго, размаўлялі, слухалі музыку, гулялі ў карты — і нічога не адбывалася. Для мяне гэта было дзіўна, таму што адчувалася, што цяга ёсць у абодвух, — расказвае Вольга. — У нейкі момант я стала збірацца дадому, але ён мяне затрымаў: так мы ўпершыню пацалаваліся і заняліся сэксам — абодвум спадабалася.

Пасля трэцяга сэксу я вырашыла з ім пагаварыць і адразу пазначыла, што ніякіх адносін у нас быць не можа. Я ў той момант перажывала разрыў з іншым хлопцам, і не было эмацыянальных сіл на нешта новае — але задавальняць свае фізічныя патрэбы я была не супраць. Таму, калі яму такі фармат падыходзіць, мы можам працягваць, а калі не, то лепш усё скончыць. Аказалася, што ён хацеў са мной адносін, таму пасля маіх слоў настрой у яго сапсаваўся. Але ж пагадзіўся працягваць.

Мы вызначылі пэўныя правілы. Напрыклад, наша камунікацыя праходзіла выключна ў WhatsApp, ніякія іншыя сацсеткі не выкарыстоўваліся. На спатканні мы таксама не хадзілі —сустракаліся толькі ў яго (ну і, можа, пару разоў у мяне). Плюс ніякіх сумесных фота і відэа.

Нейкай пэўнай перыядычнасці ў нашых сустрэч не было: часам мы бачыліся ледзь не праз дзень, а часам і раз на два-тры тыдні. Нам падабалася бавіць час разам, заўсёды было пра што пагаварыць. То-бок нашы сустрэчы не абмяжоўваліся толькі сэксам. Мы маглі вячэраць разам, глядзець кіно, гуляць у настолкі і г. д.

Месяцаў праз пяць ён прызнаўся мне ў каханні. Я да таго моманту сваё меркаванне не змяніла і ўступаць у адносіны не планавала. Таму мы працягнулі бачыцца ў ранейшым фармаце. А скончылася ўсё месяцы праз тры і даволі банальна — я проста з’ехала з краіны.

Часам мы ўсё яшчэ перапісваемся, але вельмі рэдка — я сама не ініцыюю, таму што ў гэтай камунікацыі няма сэнсу.

У цэлым я б сказала, што нашы сустрэчы былі прыемнымі і бяспечнымі для нас абодвух. Магчыма, яго чаканні не сышліся з рэальнасцю, але я з самага пачатку была з ім сумленнай. Таму застацца ў такіх адносінах, якія, магчыма, яму не надта падыходзяць, было яго ўласным выбарам.

Андрэй (32 гады): «Першапачаткова нават спрабавалі ствараць звычайныя адносіны»

У Андрэя сэкс па сяброўстве здарыўся летась. Са сваёй партнёркай ён пазнаёміўся ў клубе. Маладыя людзі пачалі камунікаваць і першапачаткова нават спрабавалі ствараць звычайныя адносіны.

— Але ў мяне з гэтым праблемы, — кажа хлопец. — Таму мы з ёй пагаварылі, і я растлумачыў, што ў мяне, хутчэй за ўсё, у нармальныя адносіны не атрымаецца. Так мы дайшлі да таго, што паспрабуем нешта накшталт friends with benefits.

Сустракаліся адзін-два разы на тыдзень, часта некуды выбіраліся разам, ездзілі за горад на выхадныя і г.д. — і падчас гэтых паездак паводзілі сябе хутчэй як пара, чым як сябры. Ды і ў цэлым у нас былі даволі шчырыя адносіны. Мы падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся сваімі хваляваннямі.

У паўнавартасныя адносіны нашы сустрэчы не перараслі чыста з-за мяне: па-першае, з-за маіх праблем з адносінамі (над якімі я цяпер працую, але яшчэ ў пачатку шляху), а па-другое, я не адчуваў нашага супадзення на ўсе 100%. Хоць дзяўчына потым прызнавалася, што ўсё ж спадзявалася, што гэта камунікацыя перарасце ў нешта большае.

Агулам нашы сустрэчы доўжыліся каля 6 месяцаў. Але разрыў, па сутнасці, быў запланаваны першапачаткова — я збіраўся з’язджаць на працяглы тэрмін. Уласна, на гэтым усё і скончылася, хоць перыядычна перапісваемся да гэтага часу.

Мікалай (25 гадоў): «Было крыху ніякавата, але і заднюю ў такой сітуацыі даваць не хацелася»

У Мікалая сэкс па сяброўстве здарыўся зусім нядаўна — 1 студзеня. Хлопец расказвае, што ў яго ёсць даўняя сяброўка, з якой ён знаёмы ўжо гадоў з 10. Звычайна маладыя людзі проста перапісваюцца: дзеляцца сваім жыццём, праблемамі і радасцямі. Бачацца рэдка, таму што Мікалай працуе дальнабойшчыкам і дома бывае толькі 3-4 разы на год.

— Аднойчы наша размова зайшла пра сэкс без абавязкаў, і яна дала зразумець, што была б не супраць правесці са мной ноч — але не больш за тое. І калі 1 студзеня я падвёз яе дадому, яна запрасіла зайсці. Шчыра сказаць, мне было крыху ніякавата, але і даваць заднюю ў такой сітуацыі не хацелася. Тым больш што яна адразу падкрэсліла, што начаваць мне лепей ехаць дадому. Таму мы падняліся, усё здарылася, мы далікатна развіталіся, і я сышоў. На наступны дзень мы працягнулі размаўляць нібыта нічога не было.

Варыянт, што нашы сустрэчы перарастуць у адносіны, я не разглядаю. Яна старэйшая за мяне на 5 гадоў, ёсць дзеці. Хаця на тое, што сустрэчы для сэксу будуць працягвацца, я разлічваю.

Вікторыя (38 гадоў): «Ён зразумеў, што цягнік сыходзіць, і зрабіў першы крок — так здарыўся наш першы сэкс»

У Вікторыі сэкс з сябрам, з якім перыядычна перасякаліся ў агульнай кампаніі, здарыўся 5 гадоў таму.

— Нейкага адкрытага флірту ў нас ніколі не было, але мне заўсёды здавалася, што мы адзін аднаму сімпатызуем. Звычайна мы размаўлялі выключна ў рамках агульных тусовак, але часам маглі адрэагаваць на сторыс або пракаментаваць пост у сацсетках.

І вось аднойчы ён у чарговы раз адрэагаваў на маё фота, у нас завязалася перапіска, і ён прапанаваў папіць каву ў яго дома. Я не маленькая дзяўчынка і цудоўна разумею, да чаго гэта ўсё ідзе. Але падумала, што мы абодва вольныя, адзін аднаму падабаемся — чаму б не паспрабаваць. Тым больш што да гэтага адносін у фармаце сяброўства з прывілеямі ў мяне не было.

На наступны дзень я прыехала да яго, мы пілі віно, балбаталі, глядзелі нейкі фільм. Так ці інакш прысутнічала нейкая сарамлівасць, няёмкасць. Калі знаходзішся ў прыяцельскіх адносінах, гэта грань паміж вамі сцёртая — і ты як быццам не можаш раптам узяць і пачаць рабіць нейкія дзеянні сэксуальнага характару, хоць абодва цудоўна разумелі, для чаго апынуліся ў гэтай кватэры.

Гадзіны праз тры, калі ні ён, ні я не рабілі нейкіх намераў, я падумала, што, значыць, застанёмся проста прыяцелямі, — і стала збірацца дадому. Тут ужо чалавек, мабыць, зразумеў, што цягнік сыходзіць, і зрабіў першы крок — так здарыўся наш першы сэкс. Пасля гэтага мы раз’ехаліся па дамах і працягнулі камунікаваць як раней.

Праз нейкі час ён спытаў, ці не хачу я паўтарыць, — і я была не супраць. Так мы пачалі перыядычна сустракацца, але дастаткова рэдка. І толькі праз пэўны час я зразумела, што больш частыя сустрэчы для яго значылі б, што гэта можа перарасці ў адносіны. А ён іх не хацеў — не тое што са мной, а ў прынцыпе. Ён заўсёды лічыў, што калі сустрэне сваю будучую жонку, дык адразу зразумее.

Акрамя сэксу, мы маглі размаўляць пра што заўгодна: абмяркоўвалі агульных сяброў, яго працу, маю працу, нейкія навіны палітыкі, культуры — у цэлым у нас быў даволі падобны погляд на свет. Праз нейкі час мы сталі моцна бліжэйшымі, і я зразумела, што ў мяне пачынае з’яўляцца да яго нейкае пачуццё. Я б не назвала гэта закаханасцю, але, мусіць, нешта каля таго. Мне хацелася, каб нашы сустрэчы сталі выходзіць за рамкі кватэры. Каб мы, магчыма, пачалі хадзіць на спатканні і не баяцца праяўляць нашу ўзаемную сімпатыю на людзях. А калі ў мяне быў дзень нараджэння, мне проста важна было, каб ён патэлефанаваў і павіншаваў, — я чакала.

І калі я зразумела, што мяне зацягвае, я вырашыла ўсё гэта спыніць. Таму што чакаць, што іншы чалавек зразумее, што гэта не страшна, я не хацела. Дадумваць і накручваць, чаму мяне не жадаюць пераводзіць у іншы статус, — таксама. Таму я прыйшла і сказала, што хачу сур’ёзных адносін, ён мне гэтага даць не можа, я яго рашэнне паважаю, але лепш нам гэты сустрэчы спыніць і застацца прыяцелямі, як гэта было раней. Ён пагадзіўся.

Пазней мы яшчэ некалькі разоў перапісваліся, і з яго боку было нейкае шкадаванне, што ў нас так рэзка ўсё абарвалася. Наколькі я ведаю, за гэтыя пяць гадоў, што прайшлі з таго часу, ён ні ў якія іншыя адносіны так і не ўступіў.

У мяне ж адразу пасля таго, як мы спынілі сустрэчы, здарыліся сур’ёзныя адносіны. І я яшчэ раз для сябе зразумела, што сэкс без абавязацельстваў не для мяне, я такога больш не хачу. Мне важна ісці на збліжэнне, важна, каб адносіны развіваліся і пераходзілі на новы ўзровень. А пры сяброўстве з прывілеямі гэта як быццам немагчыма.

Каментары1

  • Maksim
    31.01.2024
    Карацей ясна, людзям абы пакохацца, ніякай рамантыкі...

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →