Канцлер Нямеччыны Шольц працягвае карыстацца пнеўмапоштай XIX ст. А ўсё з-за страху перад расійскімі хакерамі
Ведамства федэральнага канцлера планавала адмовіцца ад пнеўматычнай пошты да 2025 года. Такія апараты ўвялі яшчэ ў XIX стагоддзі ў часы Германскай імперыі і кайзераў.
Цяпер сістэма капсул і труб са сціснутым паветрам у офісе кіраўніка ўрада складаецца з 36 станцый. Іх эксплуатацыя абыходзіцца ў 15 000 еўра ў год, штомесяц па пнеўмапошце дасылаюць каля 1000 лістоў, піша Bild.
У кабінет канцлера вядзе труба пад нумарам адзін, у пакой урада — пад нумарам два. Паводле газеты Süddeutsche Zeitung, Олаф Шольц наклаў вета на адмову ад пнеўмапошты з-за страху перад расійскімі хакерамі.
«Шольц адмовіўся ад планаў па ўтылізацыі сістэмы пнеўматычных трубак XIX стагоддзя, якая выкарыстоўвалася для транспарціроўкі сакрэтных дакументаў у яго офіс, бо яна аказалася важным інструментам у барацьбе з расійскімі шпіёнамі, — піша брытанская Daily Telegraph. — Сістэма пнеўматычных трубак уяўляе сабой рэдкі прыклад таго, наколькі простая аналагавая тэхналогія можа быць лепшай для нацыянальнай бяспекі».
Ва ўрадзе Нямеччыны заявілі, што лісты па пнеўмапошце «звычайна тычацца тэрміновых працэсаў, іх нельга перасылаць у электронным выглядзе або праз кур'ерскую службу, бо, напрыклад, яны сакрэтныя або павінны быць падпісаны ў арыгінале».
Каментары