Грамадства2727

Мы ідэнтыфікавалі аднаго з губазікаўцаў, які запісвае відэа з затрыманымі. Што пра яго вядома?

На рахунку Мікалая Талчкова — дзясяткі зламаных жыццяў.

Мікалай Талчкоў. Калаж «Нашай Нівы»

Да ГУБАЗіК

Мікалай Талчкоў нарадзіўся ў мястэчку Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Маці працавала ў мясцовым дзіцячым садку нянькай, пасля пайшла ў райпа, а бацька — экспедытарам.

Невядома, дзе ён працаваў да таго, як пайшоў у міліцыю —імаверна, нідзе, бо ў базах на той момант ён значыцца як часова беспрацоўны. 

Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», у міліцыю Талчкоў прыйшоў у 2006-м, ён уладкаваўся ў аператыўна-вышукавы аддзел МУС. У той жа час ён першы раз ажаніўся, у сям'і нарадзілася дзіця.

Кіраўнік арганізацыі BYPOL Аляксандр Азараў расказаў, што аператыўна-вышукавы аддзел займаецца затрыманнем злодзеяў, якія крадуць на вуліцах або з аўтамабіляў і гэтак далей. 

Фота «Нашай Нівы»

На 2015-ы ён дарос да намесніка начальніка аператыўна-вышукавага аддзела.

Базы перасячэнняў мяжы паказваюць, што Талчкоў любіў адпачываць ва Украіне. Ездзіў ён туды як мінімум двойчы да Рэвалюцыі годнасці і двойчы пасля — у 2009-м, 2013-м, 2016-м і 2019-м. Штораз улетку, у жніўні.

З першай жонкай Талчкоў развёўся яшчэ да працы ў ГУБАЗіК. Дзіця засталося з маці.

Мяжа звальнення

Аляксандр Азараў кажа, што некалі 3-е ўпраўленне ГУБАЗіК было «выязным». Супрацоўнікі выязджалі ў нейкі горад і «адпрацоўвалі» нейкую банду або злачынную групу. Але на 2008-ы банд у Беларусі фактычна не засталося, і аддзел вырашылі перафарматаваць. Узначаліў яго Міхаіл Бедункевіч.

Спачатку перастворанае 3-е ўпраўленне ГУБАЗіК займалася барацьбой з гандлем людзьмі, буйнымі злачынствамі па наркатычных артыкулах і нелегальнай міграцыяй. Пасля першыя два кірункі прыбралі.

Мікалай Талчкоў прыйшоў туды ў 2017-м. Перад гэтым, па словах Аляксандра Азарава, яго ледзь не звольнілі з міліцыі. У яго быў канфлікт з начальствам, і яму сказалі: або звальняйся, або шукай іншае месца працы.

«ГУБАЗіК тады палітычнымі справамі не займаўся, увогуле між сабой на палітычныя тэмы мы не размаўлялі — хто любіць Лукашэнку, а хто не. Былі аддзелы, якія займаліся, напрыклад, рэлігійным экстрэмізмам або фанатамі. Але такія аддзелы ёсць у спецслужбах усіх краінах свету», — распавядае Аляксандр Азараў. 

Аляксандр Азараў служыў у ГУБАЗіК больш за дзесяць гадоў акурат ва ўпраўленні Міхаіла Бедункевіча. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Кірунак па фанатах ды анархістах Бедункевіч з Карпянковым выпрасілі, напісаўшы ліст Лукашэнку. На той момант моладзевымі групамі займаўся КДБ, і ў іх была іншая схема: ствараць рухі, якімі яны могуць кіраваць, укараняючы туды агентаў. У ГУБАЗіК была іншая схема, як і ва ўсіх іншых падраздзяленнях МУС — «палачная», то бок, важнейшымі сталі раскрытыя злачынствы, калі людзей садзілі за краты.

На 2014 год у Мінску дзейнічала шмат фанацкіх груповак, частка фанатаў была антыфашысцкіх поглядаў, частка — неанацысцкіх, былі таксама фанаты нейтральных поглядаў. Займаліся таксама і анархістамі. Былі бойкі пасля футбольных матчаў і дамоўныя масавыя бойкі, і нават падпалы машынаў.

Талчкоў трапіў акурат у 1-ы аддзел, які займаўся «барацьбой са злачынцамі ў моладзевых фарміраваннях». Кіраваў ім Аляксандр Алёкса. А Талчкоў стаў там адзіным «адказным» за беларускіх анархістаў, да яго імі займаўся Ігар Луневіч.

Адзін з прадстаўнікоў анархісцкага руху расказаў нам пра свае ўражанні ад Талчкова:

«Я яго пачаў бачыць пастаянна з 2017 года. То-бок раней анархістамі займаліся розныя супрацоўнікі, але з гэтага моманту паўсюль быў Талчкоў. 

Акцыі анархістаў, звязаныя з групай «Рэвалюцыйнае дзеянне», 2017—2019-ы гады. Фота: тэлеграм-канал супольнасці

Да нас ставіўся па-панібрацку, адпускаў брудныя жарты. Выкарыстоўваў змяншальна-ласкальныя суфіксы накшталт «Ромка», «Сашка», «Дзімка», — расказаў «Нашай Ніве» анархіст. —

Любіў рабіць дробныя подласці — напрыклад, арганізаваць адвольны арышт на дзень народзінаў або на Новы год. Таксама часта пераказваў падрабязнасці асабістага жыцця іншых затрыманых, якія ён даведаўся падчас сваёй працы.

Мікалай Талчкоў у 2022-м годзе. Фота: АНТ

Падчас допытаў пераконваў анархістаў выязджаць з Беларусі».

«Карт-бланш на катаванні»

У 2020-м Талчкоў, як і ўвесь ГУБАЗіК, уключыўся ў палітычныя рэпрэсіі. Аляксандр Азараў лічыць, што адбылося гэта з падачы Мікалая Карпянкова і Міхаіла Бедункевіча. Спачатку ГУБАЗіК «працаваў» па Ціханоўскім і Бабарыку.

Пасля выбараў Карпянкоў даў карт-бланш на збіццё пратэстоўцаў — маўляў, трэба збіваць так, каб больш на пратэсты не выходзілі. 

Былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў і начальнік 3-га аддзела ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч. Фота: МУС, СБ

Талчкоў быў адным з тых, хто ў складзе «групаў атак», ГУБАЗіК бегаў і затрымліваў пратэстоўцаў. Ён жа граміў кафэ O'Petit, згодна з інфармацыяй BYPOL.

Мікалай Талчкоў каля кафэ O'Petit. Фота: BYPOL

Змяніўся і сам Талчкоў, як распавядае адзін з анархістаў:

«У мяне ён праводзіў ператрус у 2017-м. Тады ён быў даволі карэктны — пытаўся, дзе можна сесці ў хаце, прасіў ручку і гэтак далей. Нават пратакол ператрусу падпісаў не сваім прозвішчам, пазначыўся як «Таўцько М.С.».

Подпіс на пратаколе рукі Талчкова — «Таўцько Н.С.»

Мяне ж ён затрымліваў у 2020-м, але гэта быў іншы чалавек. Ён паводзіў сябе вельмі нахабна і кіраваў усёй «спецаперацыяй». І асабіста прымяняў да адной з затрыманых дзяўчат фізічную сілу, пра што яна расказвала пасля».

Вядома, што ён затрымліваў і іншых беларусаў як падчас пратэстаў, гэтак і ў іхніх хатах. Але і пра анархістаў не забыўся.

Талчкоў займаўся справай «Рэвалюцыйнага дзеяння», па якой праходзілі 12 палітвязняў, сярод якіх анархісты Аляксандр Францкевіч і Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якіх губазікаўцы катавалі пасля затрымання, а таксама праваабаронца Марфа (Марыя) Рабкова. «Гэта ягоны Magnum Opus, — кажа наш субяседнік з анархісцкага руху. — Талчкоў вельмі доўга хацеў «закрыць» анархістаў, каб закрыць свае «вісякі» па працы ды адпомсціць. І нарэшце гэта яму ўдалося».

Фігуранты справы атрымалі ад пяці да сямнаццаці гадоў калоніі па надуманых абвінавачаннях у стварэнні «злачыннай арганізацыі» і арганізацыі розных палітычных акцыяў у Беларусі.

Фігуранты справы «Рэвалюцыйнага дзеяння». Злева направа зверху ўніз: Марфа (Марыя) Рабкова (15 гадоў зняволення), Андрэй Чапюк (6 гадоў), Даніла Чуль (5 гадоў), Андрэй Марач (5 гадоў), Акіхіра Гаеўскі-Ханада (16 гадоў), Андрэй Галаўко (12 гадоў), Аляксандр Францкевіч (17 гадоў), Мікіта Дранец (6 гадоў), Аляксандр Казлянка (6 гадоў), Павел Шпетны (6 гадоў). Фота: «Вясна»

Пасля гэтага ён кіраваў затрыманнем анархістаў, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў «групе Прамень». Праўда, анархісты кажуць, што да інфармацыйнага рэсурсу «Прамень» яны аніякага рэальнага дачынення не мелі, а справа сфабрыкаваная ГУБАЗіКам.

Менавіта Талчкоў кіраваў катаваннямі падчас затрымання, па інфармацыі рэсурса «Прамень». Яўгену Рубашку надзявалі на галаву пакет, паілі спіртам з бутэлькі ды моцна збівалі, каб ён выдаў пароль ад тэлефона. Дасталася і іншым затрыманым — пра гэта ўсе яны распавялі на судах. У выніку ім прысудзілі ад пяці да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Фігуранты «справы групы Прамень». Злева направа: Аляксандр Бялоў, Арцём Дзмітрыевіч Салавей, Арцём Сяргеевіч Салавей, Яўген Рубашка

Яшчэ адна ахвяра Талчкова — праваабаронца Наста Лойка, якая дапамагала анархістам юрыдычна. Вядома, што менавіта ён кіраваў яе затрыманнем і асабіста пагражаў забіць яе сабаку Эрыка. Пад яго кіраўніцтвам, імаверна, і катавалі праваабаронцу з ужываннем электрашокера.

Пад фота Насты Лойкі і яшчэ адной зняволенай Крысціны Чаранковай на «зліўным» тэлеграм-канале ГУБАЗіК Талчкоў не пасаромеўся пакінуць абразлівы каментар са свайго асабістага тэлеграм-акаўнта. На скрыншоце ён знізу.

Каментар Мікалая Талчкова — апошні, ягоны тэлеграм-акаўнт зарэгістраваны на асабісты нумар і мае ID 5954211298

Таксама ён запісвае відэа з затрыманымі — голас за кадрам у канале ГУБАЗіКа, прысвечаным анархістам, быў апазнаны Аляксандрам Азаравым як голас Мікалая Талчкова.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары27

  • Хх
    18.01.2024
    [Рэд. выдалена]
  • LL
    18.01.2024
    Будем знать антагониста в лицо.
  • так, так
    18.01.2024
    [Рэд. выдалена]

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →