Выйшла расследаванне катаванняў у Савецкім РУУС пасля выбараў у 2020 годзе. Названыя імёны
Прававая ініцыятыва і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставілі расследаванне паслявыбарчых падзей у Савецкім РУУС. У арганізацыях вывучылі 52 гісторыі людзей, якія апынуліся ў РУУС з 9 па 13 жніўня 2020 года.
Эксперты прапрацавалі 568 старонак тэксту і 137 старонак медыцынскіх дакументаў. Дзякуючы гэтаму яны склалі храналогію падзей, а таксама выявілі 22 асобы сілавікоў, меркавана адказных за катаванні людзей у РУУС.
Сярод гэтых сілавікоў ёсць тыя, хто пазначаны ў працэсуальных дакументах ахвяр як сведка. Частка з апазнаных сілавікоў фальсіфікавала пратаколы і праводзіла вобшукі пацярпелых, іншыя ўдзельнічалі ў ахове затрыманых ці ў іх збіцці.
Шматлікія апытаныя, напрыклад, апазнаюць асобу Калінніка Сяргея Леанідавіча, кіраўніка Савецкага РУУС. Каліннік асабіста браў удзел у катаваннях і кіраваў імі, збіваў затрыманых, таксама ён кіраваў затрыманнямі ў Мінску 11-12 жніўня 2020 года. 12 жніўня падчас жаночага маршу Калінніка заўважылі з аўтаматычнай зброяй у цэнтры Мінска.
Яшчэ адзін з апазнаных сілавікоў — Кесэль Цімур Барысавіч, намеснік кіраўніка Савецкага РУУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. Пацярпелыя сведчаць, што Кесэль кіраваў катаваннямі і сам катаваў і збіваў людзей. Таксама сярод непасрэдных удзельнікаў катаванняў пацярпелыя згадвалі Шыманскага Валянціна Валянцінавіча, Мацкевіча Паўла Іванавіча, Белага Дзмітрыя Пятровіча, Бойку Анатоля Міхайлавіча, Бушмака Ігара Леанідавіча і Варанкова Максіма Сяргеевіча. Праваабаронцы адзначылі і віну тых супрацоўнікаў РУУС, якія не рабілі нічога, каб спыніць катаванні людзей.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў азначаныя дні пры выгрузцы з аўтазака затрыманых праганялі праз жорсткі «калідор» сілавікоў, якія збівалі іх дубінкамі, потым людзей выстаўлялі ля сцяны ўнутранага дворыка ці ля плота, дзе яны былі вымушаныя стаяць на расцяжцы па шмат гадзін, іх збівалі. 10 жніўня затрыманым моцна сцягвалі рукі за спінай будаўнічымі сцяжкамі, ад чаго праз 10—15 хвілін рукі пачыналі дранцвець і сінець.
«Нам не дазвалялі ад сценкі адварочвацца, але было чуваць, як збівалі людзей, як выкідалі з аўтобусаў. Упадзе чалавек, яго назад па зямлі нагамі катаюць, б’юць. Па выніку да раніцы было ўжо каля 50—60 затрыманых. І ўсе стаялі каля сценкі» (сведчанні аднаго з затрыманых у ноч на 13 жніўня 2020 года).
Апытаныя сведчаць пра неапраўдана жорсткае абыходжанне з імі і пра катаванне з боку АМАПа. На допыце сілавікі «выбівалі» неабходную для іх інфармацыю: «На допыце нас білі. Паклалі на падлогу, вось мне там палец зламалі. Кайданкамі прыціснулі і нагой наступілі. Калі ляжаў на падлозе, мне трапіла дубінкай у галаву, і пасля таго, як зламалі палец, у мяне пачала распухаць галава да такой ступені, што я бакавым зрокам бачыў сваю галаву.
Потым у мяне з вуха пайшла кроў, пасля чаго яны сказалі: «Усё! Гэтаму хопіць, вядзі наступнага». Пасля мяне вывелі, назад да сцяны паставілі. У мяне рабро яшчэ зламанае».
Да людзей з нестандартнай знешнасцю, аўтамабілістаў і матацыклістаў ставіліся больш агрэсіўна, іх больш катавалі, абражалі і пагражалі гвалтам. Шмат каму з затрыманых адмаўлялі ў просьбе наведаць туалет, людзей абмяжоўвалі ў вадзе — давалі па некалькі літраў вады на дзясяткі чалавек.
Што да наступстваў, то найбольш распаўсюджанымі траўмамі былі сінякі, гематомы, удары спіны, сцёгнаў, ягадзіцаў і ног. З больш сур’ёзных пашкоджанняў праваабаронцы адзначаюць чэрапна-мазгавыя траўмы і пераломы рознай ступені цяжкасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары