Грамадства3636

Прастытутка, губазікавец і акцёр без «Оскара». Што стала з удзельнікамі правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага

Тры гады таму, калі на пікеце ў Гродне затрымлівалі блогера Сяргея Ціханоўскага, быў разыграны цэлы спектакль. Расказваем, што вядома пра людзей, якія мелі да гэтага дачыненне.

Што было ў той дзень? 29 мая 2020 года да Ціханоўскага на пікеце падышлі і сталі чапляцца дзве жанчыны ў медыцынскіх масках. Адна з правакатарак пачала хапаць блогера за рукі, адзенне, патрабаваць адказаць на яе пытанні. Праз хвіліну ў натоўпе з’явіліся міліцыянеры ў форме.

Правакатарка паскардзілася ім, што блогер уцякае ад яе — міліцыянеры пайшлі за Ціханоўскім. У натоўпе пачалася штурханіна, адзін з міліцыянераў раптам апынуўся на асфальце. Літаральна праз пяць хвілін Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПа.

Алена Кузьміна — «Ламбада» і яе кіпучы 2020-ы

Алена Кузьміна. Фота: яе старонка «УКантакце»

Менавіта Алена Кузьміна была галоўнай удзельніцай правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага. Яна разам з невядомай сяброўкай накінулася на палітыка, пасля чаго таго затрымалі.

49-гадовая Кузьміна родам з Бабруйска. Афіцыйна яна мела ІП, а таксама працавала нейкі час у салоне прыгажосці. Але гэта была не адзіная крыніца яе заробку.

Жанчына займалася прастытуцыяй. Яе аб'явы на сайтах знаёмстваў, дзе ў расцэнках пазначана каля 60 даляраў за гадзіну, дагэтуль «б'юцца» ў інтэрнэце. Таксама, згодна са звесткамі ад «Кіберпартызанаў», Кузьміна праходзіла па крымінальнай справе аб занятках прастытуцыяй.

Жанчына карысталася тэлефонамі, аформленымі на маці. Яе прафесію красамоўна апісваюць запісы ў тэлефонных кнігах іншых людзей: «Ламбада», «Цукерка Алена», «Кузя», «Гасцініца прастытутка», «Аліна Смірнова» (адна з яе мянушак для сацсетак) і, нечакана, «ДНР».

Алена нейкі час мела прыяцеля за мяжой. Калі да 2019-га яна ніводнага разу нікуды не ездзіла, акрамя Украіны (і, магчыма, РФ), то ў 2019-м лётала за мяжу ажно тройчы: у маі ў Жэневу, у кастрычніку ў Шарм-Эль-Шэйх і ў лістападзе ў Берлін. Пасля гэтага, імаверна, адносіны перарваліся, бо пазней няма ні супольных фота, ні выездаў.

Алена Кузьміна з прыяцелем Томасам. Фота: яе інстаграм, які ўжо выдалены

Спецслужбы нярэдка вярбуюць прастытутак, гэта дазваляе здабываць кампрамат на кліентаў. Некаторыя ўвогуле мяркуюць, што ў Беларусі гэты падпольны бізнэс цалкам падкантрольны Міністэрству ўнутраных спраў. Паводле інфармацыі «Байпола», у нейкі момант Кузьміна была ў «падначаленні» Івана Тарасіка, начальніка 3-га аддзела ГУБАЗіКа. Ён пад пагрозай таго, што ў жанчыны забяруць дачку, калі яна не пагодзіцца, прапанаваў ёй паўдзельнічаць у правакацыі супраць Ціханоўскага. Так Кузьміна і стала знакамітай.

На супрацоўніцтва жанчыны са спецслужбамі ўказвае і той факт, што звесткі пра яе сям'ю ў базах Міністэрства ўнутраных спраў закрытыя. Таксама ад «Кіберпартызанаў» вядома, што Кузьміну праслухоўвалі — пры гэтым аб'екту далі аператыўную мянушку «Культура».

Алена Кузьміна ў часе адпачынку ва Украіне. Фота: яе старонка «УКантакце»

Пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага жанчына працягнула займацца стукацтвам. Паводле звестак «Кіберпартызанаў», Кузьміна пакінула шмат скаргаў у міліцыю на пратэстоўцаў і беларускую нацыянальную сімволіку пасля 2020-га.

Кажуць, што і сваю «старадаўнюю прафесію» яна не пакінула.

Губазікавец Іван Тарасік і яго след

Іван Тарасік. Фота: «УКантакце»

Менавіта гэты губазікавец завербаваў «Ламбаду» на супрацоўніцтва з МУС і зрэжысаваў правакацыю супраць Ціханоўскага. Але адметны ён не толькі гэтым.

Тарасіку 39 гадоў, ён родам з Мінска і ўсё жыццё працуе ў міліцыі.

Тарасік даслужыўся да звання палкоўніка ўжо ў ГУБАЗіКу. Да гэтага працаваў у ГУУС Мінгарвыканкама. У аднаго са знаёмых быў падпісаны ў кантактах як «УПНОН» — гэта былое ўпраўленне МУС, якое займалася пытаннямі прастытуцыі і абароту наркотыкаў. Вядома, што ўвесну 2021-га Тарасіку абмежавалі выезд за мяжу.

Акрамя планавання правакацыі з Ціханоўскім, імя Тарасіка гучала ў іншым выпадку — катаванні Мікалая Дзядка пасля ягонага затрымання. На судзе Дзядок заявіў наступнае:

«Большасць пагроз выказваў супрацоўнік, апазнаны мной пазней як Тарасік Іван Аляксандравіч. «Павязём цябе ў лес, раздзенем і паглядзім, чым ты жанчын задавальняеш, ці ты можаш толькі языком. Зараз паедзем у гестапа, а там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе». Як я зразумеў, «гестапа» называлі паміж сабой будынак на Рэвалюцыйнай, 3», — расказваў Дзядок.

Іван Тарасік. Фота: старонка «УКантакце»

Дзядок працягваў: «У мяне спыталі пароль ад цвёрдага дыска, я сказаў, што не памятаю. Тады мяне сталі біць дубінкамі. Супрацоўнік у чорным, паміж сабой яны называлі яго Гена, хутчэй за ўсё, выдуманае імя. Білі па лытках, сцёгнах, ягадзіцах, спіне і баках. Пасля некалькіх адмоў [назваць пароль] Тарасік сказаў, што будзе біць мяне па геніталіях і згвалціць дубінкай. Пагражалі біць электрашокерам, казалі, што будуць мачыцца на мяне. У перапынках паміж падыходамі перыядычна [мяне] біў трэці супрацоўнік.

Пасля чацвёртага ці пятага збіцця я даў пароль ад цвёрдага дыска. Запісалі яго на аркушыку паперы, але камп'ютаршчык яго няправільна ўвёў, і мяне сталі біць ізноў. Адна рука ў мяне была адшпіленая [ад кайданкаў], то я спрабаваў ёю закрывацца, мне адбілі некалькі пальцаў.

Мяне паставілі тварам да сцяны, я паспрабаваў завязаць з супрацоўнікамі размову, пытаўся, навошта ім мяне біць. Алёкса адказаў, што я ім ужо не патрэбны, бо я адпрацаваны матэрыял. Тарасік адказваў: «Каб атрымаць маральнае задавальненне». Астатнія жартавалі і смяяліся.

Мікола Дзядок пасля катаванняў і выкарыстання супраць яго газавага балончыка. Скрыншот відэа, апублікаванага ў канале МУС

Тарасік прапанаваў: «А давайце я на яго сяду, а вы сфоткаеце». Але астатнія не падтрымалі яго прапанову. Потым мяне паставілі каля чырвона-зялёнага сцяга і сказалі папрасіць прабачэння перад супрацоўнікамі за тое, што я выкладваў іх даныя, і параіць іншым так не рабіць. Тарасік сказаў: «Калі ўсё правільна скажаш, я цябе біць не буду». Супрацоўнік у чорным сказаў: «А я за сябе не адказваю». Тут жа Тарасік стаў патрабаваць, каб я сказаў на камеру, што я чмо і гаўно. Я гэтага казаць не стаў. Здымаў мяне на камеру ўсё той жа малады супрацоўнік, што быў на затрыманні.

Тарасік жа яшчэ хацеў, каб я заплакаў на відэа. Ён кажа: «Пусці слязу, а то зараз мы пусцім». Але я не плакаў. Пазней я даведаўся, што гэта відэа паказвалі па БТ як доказ таго, што я раскайваюся ў сваёй анархісцкай дзейнасці».

Тарасік дагэтуль працуе ў ГУБАЗіКу, у тым ліку з затрыманымі па палітычных матывах.

За абразу і «пагрозу гвалтам» датычна Тарасіка і Алёксы (іншы імаверны саўдзельнік катаванняў Мікалая Дзядка) палітвязня Яўгена Сямёнава асудзілі да пяці гадоў калоніі.

Участковы Уладзімір Казлоўскі і яго ўзлёт

Уладзімір Казлоўскі. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Менавіта гэты міліцыянт разыграў «цяжкую траўму» падчас штурханіны, якая адбылася перад затрыманнем Ціханоўскага, але шпіталізацыя яму не спатрэбілася. За гэта ў інтэрнэце яго называлі «акцёрам без «Оскара». 

Уладзімір Казлоўскі — 35-гадовы гарадзенец. Хутчэй за ўсё, ён мае вышэйшую адукацыю, бо цяпер працуе ў МУС на афіцэрскай пасадзе.

Ëн вельмі маладым пачаў зарабляць на жыццё: на тытунёвай фабрыцы «Нёман» пачаў працаваць у 16 ці 17 гадоў. Акрамя гэтага прадпрыемства, з 2004 па 2009 год Казлоўскі паспеў папрацаваць у краме панчох і калготак «Контэ Вэст» і краме «Фенікс-Гродна». У той час ён стаў падазраваным па крымінальнай справе, фабула якой гучыць так:

«30 жніўня 2009 года каля дзвюх гадзін дня паблізу будынка гасцініцы «Гродна» з прымяненнем гвалту ў мясцовага жыхара адкрыта адабралі 200 еўра, 200 тысяч рублёў, залаты пярсцёнак і ланцужок».

У выніку справа была закрытая праз сканчэнне тэрміну даўніны, а Казлоўскі аніякай адказнасці не панёс — праўда, незразумела, ці быў ён вінаваты.

Каля 2010 года Уладзімір пачынае працаваць у інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Гродзенскай вобласці. Вялікай кар'еры ён там не пабудаваў, таму, імаверна, і падпрацоўваў у некалькіх крамах, дзе прадавалі панчохі і калготкі, і краме дахавага пакрыцця.

У міліцыю ён пайшоў параўнальна нядаўна — не раней за 2015 год. Высокіх пасад не займаў. 

У 2017-м Уладзімір Казлоўскі адзначыўся ў некалькіх эпізодах. Першы — удзел у затрыманнях і допытах падчас аблавы сілавікоў на лекцыі філосафа-анархіста Пятра Рабава. Тады падчас лекцыі затрымалі каля 20 чалавек, і затрыманыя пазналі Казлоўскага ў РАУС. «У яго была роля прыслугі: адвядзі, прывядзі, выведзі. Стаяў, маўчаў», — расказаў Hrodna.Life відавочца падзей.

Тая лекцыя праходзіла ў гарадзенскай галерэі «Крыга», якая стала Меккай культурніцкага жыцця горада. Пасля лекцыі Рабава і іншых прыкметных падзей улады вырашылі перашкодзіць яе працы. Сярод членаў камісіі з жэсаўцаў і міліцыянтаў быў і Казлоўскі.

Закрыццё галерэі «Крыга». Казлоўскі стаіць у цэнтры кадра. Мяркуючы па пагонах, ён ужо мае званне старшага лейтэнанта. Фота: Hrodna.Life

У 2017-м жа ён апытваў гарадзенку Вольгу Верамеенку, якую спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за «інтэрнэт-пікет» (суды за фота ў інтэрнэце тады яшчэ не былі нормай). «Ставіўся паважліва, без негатыву. Нейкай адмоўнай рэакцыі ў мяне не выклікаў. Так, звычайны вінцік. Трохі нерваваўся, можа, бо гэта былі першыя пратаколы на актывістаў. Казаў, што яму загадалі, ён тут ні пры чым, «вы ж разумееце». Сяржук (муж Вольгі. — «НН») яму лекцыю прачытаў, то ён стараўся хутчэй усё зрабіць і адправіць нас», — распавяла Вольга пазней «Радыё Свабода».

У 2020 годзе, у момант правакацыі супраць Ціханоўскага, Казлоўскі меў званне старшага лейтэнанта і працаваў старшым участковым інспектарам грамадскага пункта аховы парадку № 2 Ленінскага раёна.

Уладзімір Казлоўскі — участковы. Фота: «Радыё Свабода»

Пасля правакацыі з Сяргеем Ціханоўскім у Казлоўскага пачаўся рэзкі кар'ерны рост: яго павысілі да начальніка штаба Ленінскага РАУС Гродна і далі званне капітана. 

Калі верыць дзяржпрэсе, у задачы начальніка штаба ўваходзіць «распрацоўка будучых рашэнняў кіраўніцтва, падрыхтоўка дакументаў для аператыўных нарад, іх афармленне, падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў у вышэйстаячыя інстанцыі, а таксама ў мясцовыя органы ўлады і пракуратуру і іншыя абавязкі». 

Участковы Казлоўскі на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую разыгрывае моцную траўму. Пасля ён адмовіцца ад шпіталізацыі. Фота: Hrodna.Life

Пасля таго, як Казлоўскі паўдзельнічаў у правакацыі супраць Ціханоўскага, ён заявіў, што «ягонае здароўе пахіснулася» праз шквал негатыўных каментароў. 

Пасля гэтага справам па абразах супраць яго далі ход, а Казлоўскі штораз прасіў грашовую кампенсацыю. Да прыкладу, спагнаў з інваліда другой групы, 57-гадовага Андрэя Васілеўскага, якога трымалі пад вартай да суда, 1500 рублёў, з бацькі дзяўчыны з інваліднасцю Аляксандра Анташкевіча — 1000 рублёў. Агулам вядома пра не менш за пяць асуджаных па ягонай справе, з якіх ён запрасіў каля 20 тысяч рублёў, але атрымаў меней — каля 10 тысяч.

Сціплы ўчастковы Аляксандр Хваленя

Аляксандр Хваленя. Фота: «Кіберпартызаны»

Аляксандру Хваленю 39 гадоў. Ён нарадзіўся і жыве ў Гродне. Хваленя — спадчынны міліцыянт: сам усё жыццё працуе ў структурах МУС, там жа, згодна са звесткамі ад «Кіберпартызанаў», працуюць ягоныя жонка, бацька, сястра і муж сястры. Мае званне маёра і працуе старшым інспектарам Ленінскага РАУС, дзе раней працаваў і Казлоўскі.

Ён таксама паўдзельнічаў у правакацыі супраць Ціханоўскага, але, у адрозненне ад калегі, ні ў кога не прасіў маральных кампенсацый. Павышэння ён таксама не атрымаў — дагэтуль працуе ўчастковым у Гродне і мае званне маёра.

Дзмітрый Рахунок, на якога «актыўна глядзелі»

Дзмітрый Рахунок. Фота: старонка «УКантакце» ягонай жонкі

Гэты 36-гадовы гарадзенец усё жыццё праслужыў у міліцыі. Мае вышэйшую адукацыю і званне старшага лейтэнанта, а служыць камандзірам групы гродзенскага АМАПа.

Да 2020-га быў нічым не вядомы. Але менавіта Рахунок кіраваў затрыманнем паплечнікаў Ціханоўскага ў маі 2020-га.

Менавіта ён аўтар фразы «яны актыўна глядзелі на нас», якой спрабаваў патлумачыць прычыну затрымання.

На судзе Рахунок заявіў позву на 2000 рублёў супраць Уладзіміра Кнігі, паплечніка Ціханоўскага, які сам некалі служыў у АМАПе.

Дзмітрый Рахунок з сябрамі. Фота: «УКантакце»

Рахунок удзельнічаў у разгоне дэманстрацый у Гродне ў жніўні 2020-га. Гэта выкрылася, калі ён стаў пацярпелым па справе супраць гарадзенца Ігара Лазавіка, якога сілай выцягнулі з таксі і збілі 11 жніўня 2020-га. Рахунок даў паказанні пра тое, што Лазавік быццам бы ўдарыў яго. Праўда, яго паказанні супярэчылі інфармацыі іншых міліцыянтаў на тым жа судзе, якія сведчылі, што Рахунок з іншымі амапаўцамі прыехаў у той час, калі Лазавік ляжаў тварам у зямлю са звязанымі рукамі.

Дзмітрый падаў дзясяткі скаргаў на негатыўныя каментары супраць яго ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Наколькі вядома, ён дагэтуль служыць у АМАПе.

Амапавец Віктар Буднік

Віктар Буднік. Фота: група «Карнікі Беларусі»

Віктар Буднік быў адным з кіраўнікоў аперацыі па затрыманні Ціханоўскага.

Мужчына нарадзіўся ў Столінскім раёне. Усё свядомае жыццё служыць у міліцыі. Мае вышэйшую адукацыю і званне капітана. Ягоная пасада — камандзір групы АМАПа.

Амапавец даваў паказанні па справе Ціханоўскага падчас суда, заяўляў, што атрымаў «адчувальны удар па твары» падчас штурханіны, але кампенсацыі маральнай шкоды не патрабаваў. У іншых палітычных справах заўважаны не быў.

Дзе ён працуе цяпер, дакладна невядома, хутчэй за ўсё — на ранейшым месцы.

Зрэшты, усе пералічаныя вышэй асобы былі толькі выканаўцамі. Рашэнне ж аб правядзенні аперацыі прымалі на самым версе сілавых структур па загадзе Аляксандра Лукашэнкі. Тагачасны міністр унутраных спраў Юрый Караеў страціў сваю пасаду ў канцы 2020 года разам з тагачаснымі кіраўнікамі Рады бяспекі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі пасля таго, як амаль тры месяцы не маглі спыніць акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

Сяргей Ціханоўскі тры гады застаецца ў турме, з ім ужо некалькі месяцаў ні ў кога няма ніякай сувязі, невядома, што з ім. Ягоная жонка, Святлана Ціханоўская, якая да арышту мужа была хатняй гаспадыняй, стала кандыдатам у прэзідэнты ад трох штабоў апазіцыі, але пасля выбараў была вымушаная пакінуць краіну. Двое дзяцей Сяргея Ціханоўскага растуць без таты.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары36

  • Вось такая ў лукашыстаў «Культура»
    18.06.2023
    Таксама ад «Кіберпартызанаў» вядома, што прастытутку Кузьміну праслухоўвалі — пры гэтым аб'екту далі аператыўную мянушку «Культура».
  • Чаркашкварка
    18.06.2023
    [Рэд. выдалена]
  • кара
    18.06.2023
    [Рэд. выдалена]

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка1

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка

Усе навіны →
Усе навіны

Упершыню ў гісторыі Мексікі жанчына стала прэзідэнтам2

Паміж Расіяй і Казахстанам разгараецца гандлёвая вайна6

Пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу. Цана пытання?

Школьнікаў у Мазыры навучаюць на аператараў беспілотнікаў для арміі3

Сядзелка ў Мінску скрала золата і грошы з кватэры кліента1

Гэтай ноччу ў Беларусь заляцеў чарговы «шахед»1

У Клецку ледзь не згвалтавалі 12-гадовую школьніцу2

Асуджанай на 20 гадоў палітзняволенай навесілі яшчэ паўтара года2

Унікальны выпадак: вызваленага па амністыі вярнулі ў калонію. Гэтага дамагліся бацькі ахвяры2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка1

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка

Галоўнае
Усе навіны →