2 студзеня ў райцэнтры ледзь не здарылася трагедыя. Там у адным з пяціпавярховікаў па вуліцы Францішка Скарыны гарэла кватэра.
На месца прыехалі пажарныя: месца ўзгарання знаходзілася на чацвёртым паверсе, паведамляе МНС.
Ратавальнікі спачатку эвакуявалі жыхароў з размешчаных вышэй кватэр, а потым прыступілі да тушэння пажару.
Як распавёў 30-гадовы гаспадар, ён спаў; пачуўшы жаласнае мяўканне ката, мужчына прачнуўся і пабачыў, што гарыць кухня. Ён паспрабаваў самастойна патушыць. Але ўбачыўшы, што спробы не прынеслі плёну, выйшаў на балкон і чакаў прыбыцця МНС.
Работнікі МНС аператыўна ліквідавалі пажар. Агнём пашкоджана мэбля, маёмасць у кухні, закураныя сцены, столь.
Гаспадар кватэры атрымаў тэрмічныя апёкі і ў стане сярэдняй ступені цяжкасці быў шпіталізаваны.
Прычына пажару высвятляецца. Імаверная прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Каментары