«Генерал СВР» Валерый Салавей, які раней прыдумаў гісторыю пра Пуціна ў халадзільніку, выступіў з новай тэорыяй.
Расійскі палітолаг Валерый Салавей падзяліўся новымі версіямі датычна двайнікоў Уладзіміра Пуціна.
Ён заявіў, што на нядаўнім навагоднім звароце Пуціна быў зусім не Пуцін, а Яўген Васільевіч, цясляр з Беларусі.
«Чаму навагодняе віншаванне Пуціна было такім кароткім? А для таго, каб вы не прыглядаліся да знешнасці і не прыслухоўваліся да голасу таго чалавека, які выступаў замест Пуціна.
Імя гэтага двайніка Пуціна — Яўген Васільевіч, ён родам з Беларусі. Так, родам з Беларусі, Яўген Васільевіч, цясляр 4-га разраду. Чыстая праўда», — запэўнівае без сарказму Валерый Салавей у сваім ютуб-канале.
Свае сцверджанні палітолаг суправадзіў параўнальным відэа двух навагодніх віншаванняў Пуціна за 2022 і 2024 год. Салавей заявіў, што пасля іх прагляду «яму напісала шмат людзей і прызнала, што той цалкам мае рацыю».
Прозвішча Яўгена Васільевіча палітолаг пры гэтым не назваў.
У дадатак да гэтага Салавей заявіў, што яшчэ ў канцы кастрычніка «расійскія эліты і групоўкі» дамовіліся, што на выбары прэзідэнта Расіі пад выглядам Пуціна пойдзе менавіта беларускі цясляр Яўген Васільевіч.
Пасля перамогі ён, паводле Салаўя, сфармуе новы кабінет міністраў на чале з сакратаром Рады бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым, а затым цалкам перадасць уладу яму і распусціць увесь кабінет да канца 2024 года.
Валерый Салавей вядомы сваімі канспіралагічнымі тэорыямі. Нагадаем, што ў канцы кастрычніка ён запусціў чутку пра смерць Пуціна. Ён паведаміў, што кіраўнік Расіі памёр, яго цела ляжыць у халадзільніку, але пра смерць прэзідэнта Расіі будзе паведамлена пазней.
Потым Салавей прызнаў, што прыдумаў гэтую гісторыю, каб «даць акно магчымасцяў расійскай апазіцыі для перамен і напіраць на факт нелегітымнасці выбараў двайніка ў сакавіку 2024 года».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары