Майстар-клас па вырабе навагодніх цацак праходзіць у сядзібе Ваньковічаў
У музеі «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX ст.» у Мінску праходзіць тэматычная праграма «Каляды ў Ваньковічаў» з майстар-класам па вырабе навагодніх цацак.
— Вас чакае знаёмства з традыцыямі святкавання Калядаў у шляхецкай сядзібе XIX стагоддзя. Вам прадставіцца магчымасць стварыць чароўную навагоднюю атмасферу для сябе і вашых блізкіх, акунуцца ў цёплае хатняе асяроддзе, і, выкарыстоўваючы толькі натуральныя матэрыялы, вырабіць уласнымі рукамі навагоднія елачныя цацкі ў выглядзе дэкупажу, антуражных галінак, шышак з капялюшыкамі і банцікамі, вяночкаў ці зорак. Гэты майстар-клас зацікавіць як дзяцей, так і дарослых, — падзялілася са «Звяздой» навуковы супрацоўнік музея Яна Казлоўская.
Бліжэй да Калядаў наведвальнікі ўбачаць розныя люстры, кандэлябры, жырандолі і алейную лямпу першай паловы XIX стагоддзя, пазнаёмяцца з гісторыяй выкарыстання свечак у шляхецкай сядзібе.
У час праграмы наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе свечак з натуральнага воску і атрымаць незвычайны падарунак.
Каментары