Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны з 7 да 15 снежня ладзіць беларуска-яўрэйскі фестываль, узяць удзел у якім анлайн можа кожны ахвотны з любога пункта свету.
«Мы, як і раней, падрыхтавалі для вас цудоўныя праекты ў калабарацыі з найлепшымі крэатыўшчыкамі, артыстамі і экспертамі. А яшчэ мы запускаем наш фірмовы мерч! Хай кожны стане часткай нашай аб'яднаўчай ніткі, не заўсёды бачнай — але моцнай, як канат», — прэзентуюць фестываль ягоныя арганізатары.
Сярод мерапрыемстваў фестывалю:
- захапляльны квіз па беларускай і ідыш мовах;
- спецыяльны паказ мультфільма «Shirey Mara» / «Песні Мары». Гісторыя-ўспамін пра яўрэйскі Мінск;
- прэм'ера аўдыягіда па мястэчку Смілавічы;
- прэм'ера сінгла «Культура». Артыстычнае пераасэнсаванне верша Мойшэ Кульбака 1917 года;
- Май Данцыг. Першы выпуск пра савецкіх яўрэйскіх мастакоў Беларусі;
- «Пра яўрэяў і селядзец» — традыцыя, рэцэпты, смак. Кулінарны ролік і артыкул пра «самы яўрэйскі прадукт»;
- Ізраіль Басаў. Першы выпуск пра савецкіх яўрэйскіх мастакоў Беларусі.
Партнёрамі фестывалю пры правядзенні асобных мерапрыемстваў выступаюць ютуб-канал Мікіты Моніча, музей «Прастора Хаіма Суціна», Музей яўрэйскага народа ў Тэль-Авіве, Palina, выданне 34mag і іншыя.
«Падчас мінулых фестываляў мы надавалі ўвагу ханукальным стравам, адзначаючы, што фестываль праходзіць у дні свята. Але ўлічваючы ўсю разнастайнасць і багацце яўрэйскай кухні, настаў час раскрыць і іншыя кулінарныя традыцыі.
У гэтым годзе, разам з кандытарскай DaMaster, мы падрыхтавалі два класічныя ашкеназскія яўрэйскія дэсерты — бабку і ругелах. Гэтыя прысмакі былі вельмі папулярныя ў беларускіх мястэчках. У рамках фестывалю вы можаце замовіць іх у падарунак сабе або блізкім да 15 снежня ў Мінску!» — згадваюць пра дадатковы бонус арганізатары.
Далучыцца да мерапрыемстваў фестывалю можна тут.
Чытайце таксама:
Латкес: як яўрэйская страва запазычыла назву ад беларускіх аладак. І нашмат даўжэйшая гісторыя
Каментары