Усяго патроху33

«Кайфова, калі прачынаешся кожны дзень у новай краіне». Беларус расказаў, ці цяжка працаваць на круізным лайнеры

Жыхар Баранавічаў адпрацаваў свой першы кантракт на лайнеры і расказаў выданню Bar24 пра плюсы і мінусы такой працы.

Сяргею Атамасю 26 гадоў. Як гэта часта бывае ў пачатку працоўнай дзейнасці, ён пераспрабаваў мноства розных месцаў, перш чым прыйсці працаваць на круізным лайнеры.

«Дзе толькі не працаваў: у бары афіцыянтам, потым бармэнам. Далей — у буйных сетках грамадскага харчавання менеджарам. Але ўсё было не тое, хацелася нешта памяняць», — кажа Сяргей.

Знаходзячыся ў чарговы раз у пошуках працы, Сяргей успомніў словы аднакласніцы, якая на той момант адпрацавала ўжо тры кантракты на лайнеры.

«Яна ўвесь час казала: «Паспрабуй. Паспрабуй!» Але нешта я не мог сабрацца з думкамі. А тут, здаецца, даспеў і вырашыў падаць заяўку», — успамінае хлопец.

Каб трапіць на лайнер, трэба было мець вопыт працы ад 1 года на пасадзе, на якую прэтэндуеш. І абавязкова ведаць англійскую мову.

Што трэба, каб патрапіць на лайнер?

Сяргей вырашыў паспрабаваць уладкавацца бармэнам. Ён склаў рэзюмэ і ў лютым 2022 года падаў заяўку. Запаветны кантракт прыйшлося чакаць 11 месяцаў. І паколькі на судна ён уладкоўваўся ўпершыню, яго прынялі памочнікам бармэна.

Сяргей на лайнеры

«Калі па рэзюмэ ты падыходзіш, з табой праводзяць анлайн-інтэрв'ю, дзе твае веды правяраюць. Хоць досвед працы бармэнам у мяне быў, усё роўна даводзілася шмат вучыцца. Трэба ведаць шмат рэцэптаў і складаў кактэйляў», — успамінае Сяргей.

Перш, чым адправіцца ў плаванне, хлопцу трэба было адкрыць візу, прайсці спецыяльны медагляд. А таксама з'ездзіць на чатырохдзённае навучанне ў Расію і атрымаць сертыфікаты па бяспецы. Усё гэта досыць затратна. Па падліках Сяргея, на ўсё ў яго сышло каля 2000 даляраў.

Сяргей уладкаваўся ў амерыканскую кампанію, у якой ёсць карабель, які раз на год адпраўляецца ў кругасветнае падарожжа на 180 дзён.

«Я паспеў на лайнер у «кругасветку» якраз за два дні да яго адпраўлення. Налічыў каля 40 краін, усе цяпер і не ўспомню. Спачатку паплылі з Сан-Францыска да Антарктыды. Адтуль праз Бразілію ў Афрыку. Потым у Дубай, далей — у Токіа і назад у Сан-Францыска», — расказвае Сяргей.

8 месяцаў па 10 гадзін у дзень без ніводнага выхаднога

Больш за ўсё хлопцу спадабаліся тры краіны: ЗША, Японія і Тайланд.

«У Тайландзе танная і смачная ежа, цёплае мора круглы год, і там вельмі прыгожа. Японія — наогул іншы сусвет. Там усё вельмі па-японску, — смяецца хлопец. — У ЗША таксама прыгожа. Але выходзіць можна не ва ўсіх штатах. Гэта звязана з тым, што раней было вельмі шмат людзей, якія ўладкоўваліся на караблі, каб збегчы ў Амерыку».

Пасля кругасветнага круізу былі і іншыя напрамкі: Грэнландыя, Ісландыя, тыднёвыя круізы на Карыбскія астравы. У агульным ліку па сваім першым кантракце хлопец адпрацаваў восем з паловай месяцаў. Увесь гэты час ён працаваў без выхадных, па 10 гадзін у дзень. Без магчымасці нават ненадоўга адасобіцца на борце, бо ў каюце Сяргей жыў не адзін, а з калегам.

«Вымотвае такі графік моцна. Але кайфова, калі прачынаешся кожны дзень у новай краіне. У асноўным, за гэтым усе і едуць: заробак і падарожжы», — кажа Сяргей.

Працоўны дзень хлопца доўжыўся з 13.00 да дванаццатай або гадзіны ночы. З адным двухгадзінным перапынкам. Так што магчымасць выйсці і пагуляць у яго была толькі раніцай.

У абавязкі хлопца ўваходзіла падрыхтоўка кактэйляў, падтрыманне чысціні ў бары і зносіны з наведвальнікамі.

«Заробак у мяне быў 2200 даляраў на месяц. Чыстымі выходзіла 2000. На лайнеры ёсць гандлёвы пункт для персаналу, там можна было купіць і сродкі гігіены, і цыгарэты, і нават алкаголь, — распавядае Сяргей. — Інтэрнэт там даецца ў хвілінах, 250 хвілін каштуе 20 даляраў. І гэта час на сацсеткі. Youtube там глядзець нельга. Карабельны інтэрнэт яго проста блакуе, як у школе на камп'ютарах у кабінеце інфарматыкі».

Заплацілі 600 000 даляраў за круіз, але не пакінулі ані даляра чаявых

З момантаў, якія ярка ўрэзаліся ў памяць, Сяргей першымі ўспамінае штормы.

«Мы праплывалі каля Грэнландыі. З-за вялікіх штормаў тады адмянілі два порта, але мы ўсё ж такі трапілі пад шторм. Карабель вельмі моцна пачало гайдаць. Шмат людзей пападала, посуд разбіўся, бутэлек — проста жэсць была», — успамінае хлопец.

Яшчэ Сяргею запомніўся выпадак у Рыа, калі аднаго госця абрабавалі праз літаральна дзве хвіліны пасля таго, як ён выйшаў з лайнера ў порт.

«Яшчэ быў хлопец-афіцыянт, бразілец. Яго адзінага з персаналу абрабавалі. І якраз такі ў Бразіліі», — смяецца Сяргей.

Наогул, па яго словах, на лайнерах можна сустрэць шмат цікавых людзей. Адзін госць быў інжынерам з НАСА, другі ваяваў у В'етнаме. У асноўным на лайнерах плаваюць прафесары і бізнэсмены — людзі, якія могуць сабе дазволіць такі адпачынак. Бо самы танны квіток у гэтую «кругасветку» без экскурсій каштаваў каля 100 000 даляраў.

«Была пара — дзяўчына з Украіны і мужчына з Галандыі — ім круіз абышоўся каля 600 000 даляраў. Але ніводнага даляра чаявых, на жаль, яны не пакінулі», — успамінае Сяргей.

Але самая незвычайная сустрэча на лайнеры ў хлопца здарылася з… беларускай!

«Дзяўчына ўжо 30 гадоў не жыве ў Беларусі. Толькі часам прыязджае да сваякоў і сяброў. Мы разгаварыліся, я спытаў яе, з якога яна горада, — успамінае хлопец. — Яна адказала, што я такога горада не ведаю. І, хто б мог падумаць, што на адлегласці 12000 кіламетраў можна сустрэцца на лайнеры з дзяўчынай з… Баранавічаў! Гэта было вельмі нечакана», — распавядае Сяргей.

«Хочацца туды, дзе караблі большыя»

Цяпер у Сяргея адпачынак. Ён будзе доўжыцца два-тры месяцы. Пасля гэтага ён паедзе на наступны кантракт. Праўда, кампанію падумвае змяніць.

«Хочацца туды, дзе караблі большыя. Я быў на караблі з персаналам ў 400 чалавек і 600 чалавек гасцей. Планую пасля другога кантракту пайсці ў кампанію з лайнерамі на 5000 гасцей. Цікава паспрабаваць, як гэта», — кажа ён.

У адпачынку Сяргей забаўляецца, ходзіць у залу, басейн, папраўляе фізічнае і ментальнае здароўе. У планах у хлопца адпрацаваць яшчэ хаця б два кантракты, падзарабіць грошай і купіць кватэру. Або ўкласці сродкі яшчэ ў нешта. Магчыма, адкрыць нейкую сваю справу. Але Сяргей пакуль не загадвае. Як гаворыцца, час пакажа.

Каментары3

  • круізны лайнер у горкім парку
    05.12.2023
    "У асноўным на лайнерах плаваюць прафесары і бізнэсмены — людзі, якія могуць сабе дазволіць такі адпачынак."
    цікава, нашы прафесары могуць дазволіць сабе такі адпачынак? хіба акадэмік коля толькі
  • Горкі яблык
    05.12.2023
    круізны лайнер у горкім парку, тут нядаўна быў артыкул, як лукашысты налічылі доктару навук 220 рублёў. Таму такія лайнеры можа сабе дазволіць толькі адна сямейка на літару л.
  • сматрашчы
    06.12.2023
    Если смотреть по зп, то копейки (кол-во часов, ограничения). Знал из Баранович человек десять наверное, только один был нормальный. Все остальные какие-то хитровыструганые. Или мне такие только попадались...

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускаму баскетболу настойліва параілі не мець спраў з легендарным трэнерам Анатолем Буяльскім

Лаўрэата прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» судзяць за сэксуальны гвалт1

У Грузіі камандзіры сілавікоў масава сыходзяць у адстаўку — сышоў і начальнік дэпартамента, які плануе разгоны5

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?1

Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба

Некалькі дзён таму ў цэнтры Мінска заўважылі пацукоў. Цяпер ім шукаюць дом, бо могуць загінуць

Прэзідэнт Літвы: Узровень пагроз у краіне расце па паскоранай траекторыі 4

Суд у Маскве над Суздальцавым за паклёп на Лукашэнку зрабілі закрытым2

Усе месцы ў беларускія санаторыі на Новы год раскупленыя2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Галоўнае
Усе навіны →