Абвешчаны III Дэкламатарскі конкурс з нагоды Дня роднай мовы 2024
Фундацыя «Tutaka» абвясціла пра III Міжнародны Дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых. Удзельнікі, якія пройдуць у фінал, будуць запрошаныя арганізатарам конкурсу ў Беласток, каб вызначыць пераможцаў.
Існуе магчымасць выступу ў фінале ў фармаце анлайн праз ZOOM.
«Ты — аматар беларускага прыгожага пісьменства? Лепш за ўсіх расказваў вершы святому Мікалаю? Хочаш давесці хараство роднага слова ўсяму свету і нават крыху манетызаваць яго пры гэтым? — Гэты конкурс дакладна для цябе!
Усё, што ад цябе патрабуецца: узяць тэлефон, запісаць відэа сваёй дэкламацыі верша або ўрыўка прозы па-беларуску і даслаць на пошту [email protected] да 31 студзеня 2024!»
Удзельнічаць у конкурсе могуць выключна непрафесійныя дэкламатары. Дасылаючы відэа, удзельнік дае згоду на публікацыю гэтага роліка ў сацсетках арганізатара.
Увага! Калі вы хочаце ўдзельнічаць з тэрыторыі Беларусі, памятайце: профіль Tutaki у Instagram прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
Падрабязнасці, рэгламент конкурсу і анкету ўдзельніка можна знайсці па спасылцы.
Найлепшыя выканаўцы сустрэнуцца на тэатральнай сцэне Беластока, дзе 21 лютага 2024 года адбудзецца ўрачысты фінал. Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароды!
Каментары