Грамадства66

«Літва і Беларусь — не проста суседзі, а партнёры, якія імкнуцца да адной мары». Ціханоўская і Шыманіце апублікавалі сумесны артыкул

У Дзень салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская і прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце апублікавалі сумесны артыкул, у якім выразна сцвярджаюць, што нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі настроіць беларусаў і літоўцаў адны супраць адных, яны ўсё ж разам абараняюць свабоду і дэмакратыю ад агрэсіі аўтарытарных рэжымаў. 

Інгрыда Шыманіце і Святлана Ціханоўская. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай

У сітуацыі, калі Расія вядзе сваю імперыялістычную вайну супраць Украіны і гібрыдную агрэсію супраць дэмакратычных краін па ўсім свеце, а рэжым Лукашэнкі працягвае прыгнятаць беларускі народ і падтрымліваць расійскую ваенную агрэсію, адзінства нашых краін і народаў — свабодалюбных беларусаў і літоўцаў — становіцца важнейшым, чым калі-небудзь яшчэ.

Мы звязаныя значна мацней, чым простай геаграфічнай блізкасцю і агульнай гісторыяй. Мы глыбока разумеем праблемы і мары адны адных і ўсведамляем, што нашыя лёсы непарыўна звязаныя.

Наша сяброўства доўжыцца ўжо стагоддзі. У нас шмат агульнага: ад падобнай кухні і народных традыцый да нацыянальных герояў, такіх як Кастусь Каліноўскі. Іх спадчына працягвае жыць у нашым свабодалюбстве, нашай непахіснай рашучасці зрабіць абедзве нашы краіны свабоднымі. Толькі ва ўмовах свабоды ўнікальная ідэнтычнасць кожнага з нашых народаў можа па-сапраўднаму развівацца.

Многія нашы мастакі, пісьменнікі і мысляры гаварылі на адной мове — мове супраціву і надзеі, якая працягвае натхняць нас і сёння.

Калі ў 1991 годзе літоўцы выйшлі абараняць ад савецкіх танкаў зноў здабытую свабоду, сярод абаронцаў літоўскага парламента былі і беларусы. А літоўцы заўсёды — і ў самыя цяжкія моманты гісторыі — падтрымлівалі народ Беларусі.

Літоўская дзяржава і ўвесь народ Літвы падтрымалі беларусаў і пасля падзей 2020 года. Яны выратавалі тысячы людзей, вымушаных бегчы з Беларусі ад маштабнага тэрору, нябачанага з часоў сталінізму. Тое, што Літва так непахісна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, засведчвае не толькі добрасуседскую волю, але і глыбокую прыхільнасць Літвы ўсеагульным прынцыпам дэмакратыі, свабоды і вяршэнства закона.

Беларусы праявілі неверагодную мужнасць, калі выйшлі на вуліцы, каб запатрабаваць выканання сваіх правоў. Яны рызыкавалі ўсім, уключаючы сваё жыццё і асабістую свабоду, дзеля дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. Гэта нагадвае шлях да незалежнасці, пройдзены Літвой больш за тры дзесяцігоддзі таму.

Але Літве тады ўдалося вярнуць і абараніць сваю свабоду, а беларускі народ усё яшчэ змагаецца — і яму патрэбная падтрымка з боку дэмакратычнага свету. З дапамогай гвалту мірны пратэст выціснулі з беларускіх вуліц, а рэжым Лукашэнкі, насуперак волі мірнага і свабодалюбнага народа Беларусі, уцягнуў краіну ў незаконную і неапраўданую вайну.

Менавіта цяпер, як ніколі, народу Беларусі трэба, каб яго бачылі і чулі, каб пра яго памяталі.

Больш за 60 тысяч беларусаў падвергліся палітычна матываваным затрыманням; нават цяпер з палітычных матываў кожны дзень арыштоўваюць па 15-20 чалавек, а за кратамі застаюцца не менш за 1500 палітычных зняволеных, многія з якіх падвяргаюцца катаванням з боку рэжыму.

Рэжым Лукашэнкі не толькі знішчае незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, але і спрабуе растварыць Беларусь у «рускім свеце», выкараніць саму ідэнтычнасць беларусаў. Рэжым спрабуе знішчыць усё, што звязвае Беларусь з Еўропай. Літоўцам такая гвалтоўная «русіфікацыя» вельмі знаёмая з хваравітага досведу акупацыі Расійскай імперыяй.

Літоўцы выдатна ведаюць, чаму нельга ўраўноўваць паміж сабой дыктатара Лукашэнку і свабодалюбны народ Беларусі. Нездарма тысячы беларусаў, вымушаных бегчы са сваёй краіны праз узмацненне рэпрэсій, знайшлі новы дом менавіта ў Літве.

Рэжым Лукашэнкі з дапамогай правакацый і хлуслівых заяў спрабуе падзяліць нас, але мы не дазволім яму гэтага зрабіць. Літва і літоўцы будуць працягваць падтрымліваць беларусаў у іх барацьбе за свабоду.

Бо мы разам абаранялі свабоду Літвы ў студзені 1991 года. Бо літоўцы і беларусы разам выступалі за свабодную Беларусь пасля жніўня 2020 года. Бо літоўцы, палякі, рускія, яўрэі, украінцы і беларусы ў Літве разам выступілі ў падтрымку Украіны 24 лютага 2022 года і будуць працягваць падтрымліваць Украіну да яе — і нашай — перамогі.

Тое, што Літва так нястомна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі і супрацьстаіць яе аўтарытарнаму рэжыму, паказвае, наколькі нашы краіны гатовыя спрыяць росквіту і незалежнасці адна адной.

Мы не проста суседзі, якія паасобку абараняюць свае краіны. Мы партнёры, і мы імкнемся да будучыні, у якой нашы краіны будуць развівацца ва ўмовах міру, бяспекі і ўзаемнай павагі.

Не можа быць ніякіх сумневаў у тым, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі — яго абуральныя парушэнні правоў чалавека, задушэнне свабоды слова і ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны — уяўляюць сабой пастаянную пагрозу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы.

Смелыя грамадзяне Беларусі, якія выступаюць супраць аўтарытарызму, часта падвяргаючы сябе вялікай небяспецы, заслугоўваюць безумоўнай міжнароднай падтрымкі. У гэтых адносінах Літва — далёка не проста сусед, а сапраўдны сябар і саюзнік.

Дзякуючы таму, што Літва падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць, дае прытулак тым, хто ратуецца ад пераследу, і абараняе інтарэсы Беларусі на міжнародных платформах, беларусы не толькі не здаюцца, але і захоўваюць надзею ўбачыць Беларусь свабоднай.

Аднак слоў падтрымкі, якімі б правільнымі яны ні былі, недастаткова. Трэба падмацоўваць словы дзеяннямі. Міжнародная супольнасць, і ў прыватнасці Еўрапейскі саюз, павінна працягваць рабіць канкрэтныя дзеянні супраць рэжыму ў Менску.

Вырашальнае значэнне тут маюць санкцыі, дыпламатычны ціск і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэтыя крокі — у спалучэнні з пастаяннай маральнай і практычнай падтрымкай з боку такіх сяброў, як Літва — надзвычай важныя, каб схіліць шалі ў бок дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Нам трэба працягваць актыўна абараняць дэмакратыю ва ўсім свеце ад аўтарытарных рэжымаў. Шлях да дэмакратыі доўгі і поўны выклікаў, але іншага шляху няма.

Літва і Беларусь — не проста суседзі, а партнёры, якія імкнуцца да адной мары — мары аб адзінай, свабоднай і мірнай Еўропе. Няхай сённяшнія гістарычныя падзеі служаць напамінам пра тое, што ў цяжкія часы сяброўства становіцца магутнай сілай.

Сувязям паміж літоўцамі і беларусамі — не адно стагоддзе, і яны перажывуць любога дыктатара, які паспрабуе іх разарваць. Дэмакратыя ў Беларусі — гэта не нейкая далёкая мара. Гэта мэта, якой мы маем дасягнуць разам.

Чытайце таксама:

Як прайшоў сёлетні Дзень салідарнасці з Беларуссю ФОТЫ

«Іх ахвяра не будзе дарэмнай». Былы пасол Польшчы падтрымаў беларусаў у Дзень салідарнасці

«Найбольшы ўклад у нагнятанне робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Напрыклад, Карач ці Цапкала»

Каментары6

  • Вероятный
    13.11.2023
    Усё як заўсёды. Пра адраджэнне Незалежнасці Беларусі - ноль узгадак. 

    Акупацыю ж, я так разумею, дастаюць з капелюша толькі калі трэба апраўдацца перад украінцамі. 

    Каша ў галовах правадыроў і народца = трагедыя ў рэчаіснасці. 
  • Яська гаспадар з пад Вільні
    13.11.2023
    Хопіць тупых дэкларацый
  • Рыдван з лукам
    13.11.2023
    Пока их учебники истории не начнут писать правду про основание и историю ВКЛ - все остальное просто пыль и дым в глаза.

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе3

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента21

Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →