Што з паўсядзённых фішак падабаецца ў іншых краінах. Частка 2: Італія, Латвія, Грузія, Турцыя
«Наша Ніва» паразмаўляла з беларусамі замежжа пра тое, што можна было б пераняць нашай краіне. Адзначым, што калі мы пыталі пра побытавыя зручнасці, шмат хто адзначаў, што ў Беларусі ў параўнанні з іх месцамі пражывання нямала пераваг. Але ёсць і з чаго браць прыклад (хоць і не ўсё магчыма перанесці на нашы ўмовы).
У гэтай частцы — Італія, Грузія, Латвія, Турцыя.
Назіранні пра Іспанію, Літву, Нідэрланды, Ізраіль і Польшчу чытайце тут.
Італія. Міні-метро, бідэ і афіцыйная электронная пошта
Ганна жыве ў невялічкім італьянскім гарадку і першае, што яна згадвае, — зручнасць карыстання грамадскім транспартам. Купляеш квіток на 70 хвілін і цягам гэтага часу едзеш на метро, аўтобусе і іншым транспарце.
«Таксама мне падабаецца ідэя міні-метро для невялікіх гарадоў: яно наземнае і кабінкі чалавек на дзесяць ездзяць без кіроўцы. Іх вельмі шмат і чакаць сваю кабінку трэба максімум хвіліну. Прыпынкаў таксама шмат, таму гэта хуткі і зручны спосаб перамяшчэння. Думаю, што запусціць такую штуку прасцей, хутчэй і танней, чым метро», — мяркуе яна.
Яшчэ яна адзначае, што расклад адных цягнікоў на чыгунцы падстройваюць пад іншыя, калі шмат пасажыраў звычайна перасаджваюцца на іх. Але плюсы Італіі не сканчаюцца транспартам.
«Тут ёсць электронная пластыкавая картка сведчання асобы, якая ў тым ліку выконвае функцыю лічбавага подпісу: яе можна прыкласці да смартфона і зайсці ў асабісты кабінет падатковай. Усе даныя падцягваюцца аўтаматычна, — кажа беларуска. — Таксама ў Італіі існуе PEC — сертыфікаваная электронная пошта, дзякуючы якой можна афіцыйна весці камунікацыю з дзяржорганамі: табе не маюць права не адказаць, а калі адсылаеш ліст, прыходзіць паведамленне з нумарам рэгістрацыі звароту. Некаторыя рэчы, накшталт змены прапіскі, пасля кавіду ўжо і нельга зрабіць фізічна, толькі праз PEC».
Падабаецца Ганне і прынцып пакавання ў супермаркетах — па некалькі маленькіх пакункаў у адным вялікім.
«Напрыклад, тры маленькія бляшанкі гарошку замест адной вялікай — адной хапае акурат на салату, і далей табе не трэба захоўваць адчыненую банку невядома колькі, — гаворыць яна. — Так не толькі з кансервамі, але і з сокамі, півам, каўбасой і г. д.».
Яшчэ плюшка супермаркетаў — выдача нумаркоў для чаргі нават па мяса (пакуль аб’явяць твой, можна хадзіць і выбіраць іншыя прадукты).
Апошняе ад Ганны — сістэма школьнай адукацыі. Беларуска распавядае, што ў італьянскіх класах прыкладна па 10-15 чалавек і па два-тры выкладчыкі на клас, што вельмі эфектыўна.
«А на бацькоўскім сходзе настаўнікі назначаюць табе персанальны час: прыходзіш і размаўляеш толькі пра сваё дзіця і не выслухоўваеш праблемы іншых сем’яў».
Алеся другі год як вучыцца ва ўніверсітэце ў Мілане, таму ў тым ліку яна распавядае пра лайфхакі мясцовых уладаў для студэнтаў. Напрыклад, тут існуе «праязны для бедных» за 50 еўра на год. Гэта вельмі танна, бо звычайна толькі адна паездка каштуе 2,2 еўра.
Таксама яна кажа, што ў італьянскіх універсітэтах на працягу года ёсць некалькі сесій, калі можна здаць экзамены.
«Гэта значыць, можна здаць іспыт не адразу пасля завяршэння модуля, а калі будзе зручна. З гэтым звязана гнуткая сістэма навучання — можна вучыцца даўжэй, чым прадугледжвае праграма, калі не паспяваеш усё здаць. Усяго на выбар даецца каля шасці дат на кожны пройдзены прадмет», — тлумачыць Алеся.
Некаторыя кафэ ў Мілане працуюць усяго па 3-4 гадзіны на дзень — напрыклад, толькі ў абедзенны час.
«У чатырох такіх кафэ можна есці па маёй студэнцкай карце бясплатна — гэта ўключана ў стыпендыю. Універ заключае дамовы з рэстаранамі, што студэнты могуць там бясплатна харчавацца, яны пікаюць нашы карты, і ўнівер ім неяк пакрывае гэтыя выдаткі».
Яшчэ ў Італіі ёй падабаюцца вулічныя пункты буккросінгу ў выглядзе зашклёных хатак, хмызнякі на дахах дамоў, а таксама бідэ ў многіх кватэрах і нават ва ўніверсітэцкім інтэрнаце.
Турцыя. Танная гародніна, бясплатныя закускі і абавязковы генетычны тэст перад шлюбам
«Самы вялікі плюс — гэта кірмашы ў розных раёнах. Там вельмі шмат фермераў, свежыя садавіна, гародніна з агародаў. І каштуе гэта вельмі танна ў параўнанні з Беларуссю. Тут ёсць стэлажы з рознымі відамі арэхаў і сухафруктаў, сезонная і несезонная садавіна.
У канцы дня там можна злавіць зніжкі да 50% на ўсё, бо звычайна прадаўцы хочуць усё прадаць да нуля», — пачынае распавядаць Аліна, беларуска ў Анталіі.
Яна ж кажа, што ў мясцовых кафэ нават пры замове супу падаюць бясплатныя хлеб, салату, закускі або гарбату.
Валерыя трэці год жыве ў Турцыі — выйшла замуж за мясцовага хлопца, таму ўжо паспела вывучыць далёка не толькі кірмашы і рэстарацыі.
«Медыцына тут больш якасная і хуткая, — лічыць яна. — У Турцыі вельмі многа розных дактароў, яны могуць працаваць індывідуальна, не абавязкова мець месца ў бальніцах, можна зрабіць офіс у кватэры. На якасць паслуг гэта не ўплывае, і часта гэтыя кватэры выглядаюць лепей, чым беларускія платныя цэнтры. Наколькі ведаю, дзяржава аб гэтым дбае. Я была ў прыватнага акуліста і стаматолага ў такіх офісах, засталася задаволена. Думаю, такія магчымасці працаваць самастойна ствараюць здаровую канкурэнцыю і незалежнасць для дактароў».
У Турцыі Валерыі падабаецца адно цікавае правіла: калі ты вырашыў ажаніцца, патрэбна здаць аналізы, у тым ліку генетычны. Пра вынікі раяць паведаміць партнёру, але гэта неабавязкова. Гэта робіцца для таго, каб знізіць рызыку нараджэння хворых дзяцей і вызначыць сумяшчальнасць па групах крыві бацькоў. Без гэтых аналізаў нельга ўзяць шлюб.
«Яшчэ мяне прываблівае практыка паказу фільмаў на арыгінальнай мове з субтытрамі ў мясцовых кінатэатрах. Тут я жыву не ў сталіцы, але кожны дзень нешта замежнае будзе», — дзеліцца беларуска.
Латвія. Праграма са зніжкамі на прадукты і павага да традыцый
Алена жыве ў Рызе больш як два гады і найперш адзначае зручнасць анлайн-запісу да дактароў, дый вынікі аналізаў таксама на пошту дасылаюць.
«І наогул электронная дзяржава: прапісацца ў кватэры можна за адну хвіліну», — пачынае яна.
Беларуска распавядае, што ў Латвіі вельмі развіты ўнутраны турызм і адпаведная інфраструктура. Напрыклад, у кожным лесе можна сустрэць драўляныя прыбіральні з выграбной ямай, але там будзе акуратна прыбрана, будзе туалетная папера і антысептык для рук.
«Каля рэк і азёраў прыгожыя і зручныя турыстычныя стаянкі для адпачынку: стол, лаўкі, месца для вогнішча і намёта. Існуе адмысловая карта з такімі стаянкамі, і можна лёгка знайсці вольную нават у гарачы летні дзень», — дзеліцца Алена.
Таксама добрай ідэяй, якую можна пазычыць у латвійцаў, дзяўчына лічыць праграму Krumod са зніжкамі ў розных сеткавых харчовых крамах.
«Гэта было б лёгка зрабіць і ў Беларусі, але ў Беларусі ў прынцыпе не бывае такіх зніжак на прадукты, як у Еўропе — пад 50-60%», — кажа яна.
Яўгена, які нядаўна пераехаў у Рыгу, паспела ўразіць захапленне латвійцаў традыцыйнымі святамі.
«Самае цудоўнае ў Латвіі — гэта памяць. Яны памятаюць сваю гісторыю і адзначаюць амаль усе нацыянальныя святы. Пасля атрымання незалежнасці краіна вырашыла абапірацца не на акупацыйныя святы, а на свае, якія існавалі на іхняй зямлі шмат стагоддзяў таму. Напрыклад, свята Ліго (аналагічнае з беларускім Купаллем. — НН), калі людзі паляць вогнішчы, масава вешаюць на дзверы вянкі. Развітваючыся з гэтым днём, яны загадваюць жаданні на будучы год. Таксама ёсць свята, на якое многія шыюць строі, як у сваіх продкаў», — распавядае Яўген.
«Таксама ў Латвіі ўсе пешаходныя пераходы (у тым ліку па-за гарадамі) асвятляюцца. Тут робіцца спецыяльная канструкцыя светлавой мачты літарай «Г», якая ахоплівае ўсю шырыню дарожнага палатна і выразна асвятляе кіроўцу дарогу», — гаворыць ён.
Грузія. Ацяпленне круглы год, таблеткі паштучна і магія банкаматаў
Марыя, якая жыве ў Грузіі ўжо трэці год, радуецца таму, што гарачая вада і ацяпленне ёсць заўсёды.
«Часам ваду могуць адключыць максімум на суткі, калі праводзяцца нейкія рамонтныя работы, але ж агулам падача стабільная. Што да ацяплення, то тут камунальнікі яго ніяк не рэгулююць, у кватэрах усталяваныя газавыя калонкі і можна ацяпляць батарэі хоць летам (іншая рэч — цэны на газ)», — кажа яна.
Таксама беларуску радуе прыемная дробязь: калі трэба зняць у банкамаце гатоўку, той спачатку выдае картку, а толькі пасля грошы — такім чынам рызыкі забыць картку ў банкамаце мінімізуюцца.
«Акрамя таго, мне падабаецца сістэма аплаты грамадскага транспарту. Прабіў праязны ці банкаўскую картку — і паўтары гадзіны катайся на любым транспарце (метро, аўтобусах і маршрутках) па цане адной паездкі. Таксама ёсць опцыя купіць праязны ажно на год, так эканоміцца даволі шмат грошай», — адзначае Марыя.
Паводле яе слоў, у Грузіі практычна любыя лекі (нават антыбіётыкі) можна купіць без рэцэпта, а таксама ў аптэках можна браць колькі заўгодна таблетак — хоць адну штуку.
«Калі раптам забалела галава і жывот, а запас абязбольваючых дома, можна забегчы і ўзяць адну таблетку, якую табе адрэжуць ад пласцінкі», — дзеліцца дзяўчына.
Сярод плюсаў беларуска таксама адзначае лёгкасць афармлення дакументаў, атрымання даведак і адкрыцця ІП, а яшчэ распавядае пра параўнальную таннасць аўтамабіляў з ЗША, Еўропы і Азіі (дзякуючы адсутнасці размытнёўкі можна сэканоміць мінімум некалькі тысяч даляраў у параўнанні з Беларуссю).
«І, урэшце, тут не забіваюць беспрытульных жывёл. Сістэма вакцынацыі і чыпавання не стоадсоткавая, але ж гуманны падыход. Так, не ўсім даспадобы, што па вуліцах бегае шмат сабак, але камусьці і шмат людзей не ў кайф», — усміхаецца яна.
Каментары
А где еще это мини-метро в Италии, что-то я не встречал, может уважаемая редакция спросит у Ганны, я думал, что это чисто перуджийская штука, город там своеобразный, древний, холмы, подьемы, спуски...там еще есть эскалатор, садишься в него в одной точке города и потом можешь подняться в совсем другую. Вот эскалатор например есть еще и в Сиене, там тоже холмы, подьемы, спуски...