Беларуса затрымалі на пагранпераходзе ў Брэсце: у яго была бірулька з «Пагоняй»
«Правёў масавае мерапрыемства — адзіночнае пікетаванне без дазволу Брэсцкага гарвыканкама».
У Брэсце на памежным пункце пропуску «Варшаўскі мост» у сярэдзіне кастрычніка затрымалі беларуса, на сумцы якога заўважылі бел-чырвона-белую бірульку з гербам «Пагоня». Пра гэта стала вядома з пастановы суда Маскоўскага раёна Брэста, піша «Люстэрка».
«Правёў масавае мерапрыемства — адзіночнае пікетаванне без дазволу Брэсцкага гарвыканкама шляхам размяшчэння на дарожнай сумцы бірулькі з металу жоўтага колеру з выявай у выглядзе «бела-чырвона-белага» сцяга з гербам «Пагоня», які знаходзіцца на ім», — гаворыцца ў пратаколе.
Справа разглядалася 16 кастрычніка. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў па ч. 1 арт. 24.23 КоАП. Той не адмаўляў віну. У выніку яму прызначылі штраф памерам 30 базавых велічыняў (1110 рублёў).
Каментары