Дзмітрый Рагозін прапаноўваў Пуціну ўдарыць па Украіне касмічнай ракетай
Чыноўнікі вырашылі, што аптымальней за ўсё запусціць ракету з касмадрома ў Плясецку ў Архангельскай вобласці з выбухоўкай на борце.
У распараджэнне Bild патрапілі запісы размоў былога кіраўніка «Раскосмаса» Дзмітрыя Рагозіна з Дзмітрыем Баранавым — гендырэктарам ракетна-касмічнага цэнтра «Прагрэс».
З пачатку студзеня 2023 года яны абмяркоўвалі тэхнічныя дэталі арганізацыі ўдару па буйным горадзе Украіны пры дапамозе ракеты-носьбіта, якую выкарыстоўваюць для палётаў у космас.
Чыноўнікі вырашылі, што аптымальней за ўсё запусціць яе з касмадрома ў Плясецку ў Архангельскай вобласці з выбухоўкай на борце.
Па словах Баранава, галоўная праблема ў тым, што з-за звышгукавога ўваходу ў атмасферу існыя цяжкія фугасныя авіябомбы або кіраваныя боегалоўкі будуць перагравацца пры хуткасці 6 км/с.
Рагозін паабяцаў параіцца пра гэта з канструктарам Юрыем Саламонавым. Праз некалькі дзён той знайшоў рашэнне. Яшчэ адна рызыка, якую абмяркоўвалі Рагозін і Баранаў, — тое, што часткі ракеты могуць упасці на тэрыторыю РФ. Іх таксама турбавала, што хібнасць пры ўдары можа скласці ад 50 да 100 км.
Рагозін пытаўся Баранава, колькі часу яму спатрэбіцца на падрыхтоўку аперацыі. Той адказвае, што каля шасці месяцаў. Экс-кіраўнік «Раскосмаса» называе Уладзіміра Пуціна «нашым вялікім і жахлівым» і кажа, што перадасць яму план праз кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Антона Вайно.
Паводле звестак Bild, план быў даведзены да прэзідэнта РФ 16 студзеня 2023 года. Як ён адрэагаваў на яго — невядома.
Каментары