Інфармацыю пра тое, дзе ў Данецку знаходзіўся экс-кіраўнік «Раскосмаса» Дзмітрый Рагозін, «нехта зліў». Такое меркаванне сам Рагозін выказаў у сваім тэлеграм-канале.
Напярэдадні Рагозін быў паранены пры абстрэле гасцініцы і рэстарана ў Данецку, дзе ён адзначаў свой дзень нараджэння. Разам з ім раненне таксама атрымаў прэм'ер «ДНР» Віталь Хацэнка.
Па словах Рагозіна, гэта была «працоўная сустрэча, вузкім колам і ў спакойнай абстаноўцы». «У гэтай гасцініцы мы жылі ўсе апошнія месяцы, і за 8 гадоў супернік ні разу не абстрэльваў гэта месца. Хтосьці зліў інфармацыю, і каля 19:45 адбылося некалькі высокадакладных трапленняў, у тым ліку ў месца, дзе мы непасрэдна знаходзіліся. Білі калібрам 120 або 155 мм», — распавёў ён, дадаўшы, што вызначыць, хто «зліў інфармацыю», следства.
«У мяне раненне, металічны аскепак памерам 3×4 мм увайшоў вышэй правай лапаткі. Трэба будзе аперацыя. Пацярпелі яшчэ некалькі блізкіх мне людзей», — дадаў Рагозін.
Таксама вядома, што аскепак выцягнуць не атрымаецца.
Каментары