Свой водгук на інтэрв'ю Красулінай нам даслаў былы паплечнік Цапкалы
Святаслаў Барбук, былы намеснік кіраўніка ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы, крытыкуе Ганну Красуліну за недасказанасць у яе выказваннях аб працы штабоў апазіцыйных вылучэнцаў. Сам Барбук у 2010 годзе збіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку і быў адным з кіраўнікоў мінскага БРСМ, але ў 2020-м далучыўся да кампаніі Цапкалы. «Нашай Ніве» ён сказаў, што наважыўся публічна адрэагаваць на інтэрв'ю Красулінай, бо, на яго погляд, каманда Цапкалы і яе заслугі цалкам ігнаруюцца, або падаюцца медыямі негатыўна.
Святаслаў Барбук кажа, што да арышту 2021 года працаваў у прыватнай кампаніі, якая займалася інжынерным забеспячэннем сродкаў сувязі. Па вызваленні зразумеў, што адбыты палітычна матываваны арышт можа быць не апошні і ў верасні 2021 года з жонкай эміграваў. На чужыне зарабляў таксуючы, працаваў ахоўнікам. Цяпер у адной з краін Еўрапейскага саюза праходзіць навучанне па перакваліфікацыі.
Што каманда Бабарыкі пераняла ў штаба Цапкалы
Святаслаў Барбук лічыць, што Ганна Красуліна, гаворачы пра аб’яднанне штабоў, не адзначыла ўнёску каманды Валерыя Цапкалы.
Прэтэнзій да каманды Святланы Ціханоўскай у Барбука няма, але, як ён адзначае, Ціханоўская стала кандыдаткай у прэзідэнты проста дзякуючы таму, што ўлады не бачылі ў ёй небяспекі.
«Я разумею, чаму не згадваецца каманда Цапкалы, бо Валера [Цапкала], відаць, паводзіць сябе не вельмі годна з гледзішча Аб’яднанага пераходнага кабінета, але, калі мы гаворым пра 2020 год, то чаму прадстаўнікі Бабарыкі не раскажуць, што іх заслуга толькі ў тым, што яны скінуліся грашыма і ўклаліся ў медыя», — тлумачыць сваю пазіцыю Святаслаў Барбук.
На яго погляд, у штабе Бабарыкі працавалі дылетанты, бо толькі яны маглі прыдумаць азначэнне «старая апазіцыя», якая ім не падабалася.
«Уся цяпер каманда Святланы Георгіеўны, паводле каманды Віктара Дзмітрыевіча, гэта маргіналы і старая апазіцыя. Калі мы хочам гаварыць аб праўдзе, то яна такая», — падкрэслівае Барбук.
Барбук лічыць, што ўклад каманды Цапкалы — у адпрацоўцы методыкі збірання подпісаў.
Паводле яго, бабарыкінцы паводзілі сябе агрэсіўна адносна канкурэнтаў. Яны адпраўлялі ў штабы апанентаў людзей, якіх не хацелі браць сабе, і выкарыстоўвалі іх для збірання інфармацыі аб працы канкурэнтаў.
Так, да Цапкалы пранік Юрый Васкрасенскі, а таксама Святаслаў Мілейкоўскі, які быў каардынатарам па збору подпісаў па Фрунзенскім раёне. Толькі праз тыдзень стала вядома, што ён лазутчык бабарыкінцаў і яму ўдалося выведаць сакрэты збірання подпісаў, мяркуе Барбук.
«У штаба Бабарыкі была агрэсіўная пазіцыя з гледзішча запазычвання спосабаў працы апанентаў. У нашым выпадку — гэта мы. Яны раўніва ставіліся да таго, што ў некага нешта выглядае лепей», — гаворыць ён.
Святаслаў Барбук кажа, што ў першыя дні стварэння ініцыятыўнай групы кансультаваўся ў паліттэхнолага Віталя Шклярава, як найлепей выкарыстаць яго напрацоўкі, якія ён укараняў на выбарах у Расіі. Адна з актывістак штаба Цапкалы расказала пра гутарку бабарыкінцам і неўзабаве Шкляраў аб’явіўся ў Мінску.
«Штаб Цапкалы не меў столькі рэсурсаў, каб з ЗША «выпісаць» безумоўна таленавітага, паліттэхнолага. А Шкляраў сваёй кансультацыяй сапраўды дапамог адтачыць маё бачанне методыкі збору подпісаў. І бабарыкінцы паспяхова яе скапіявалі», — адзначае Барбук.
«З Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях як на баку апазіцыі, так і ўлады»
Барбук лічыць, што бабарыкінцы выбудоўвалі перадвыбарчую кампанію на камерцыйнай аснове, але бачання таго, як трэба праводзіць яе, у іх было дылетанцкім, у адрозненне ад каманды Цапкалы, дзе працавалі прафесіяналы.
«Валерый Цапкала падбіраў людзей з дзяржаўнага апарата. У ініцыятыўнай групе было шмат дзяржаўных службоўцаў, людзей з дыпламатычным стажам», — даводзіць Барбук.
Акрамя таго, дадае ён, з Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях, як на баку апазіцыі, так і ўлады. Таму працэс у штабе быў адладжаным, падкрэслівае Святаслаў.
«У камандзе працавалі людзі, якіх бабарыкінцы называлі «маргіналамі» і «старой апазыцыяй», — акцэнтуе ўвагу суразмоўца.
Святаслаў Барбук упікае Ганну Красуліну ў няшчырасці адносна таго, што штаб Бабарыкі дзейнічаў згодна з заканадаўствам.
Наадварот, сцвярджае ён, Валерый Цапкала, каб мець сродкі на выбарчую кампанію заклаў свой дом. За гэта ён атрымаў 100 тысяч еўра легальных сродкаў.
Паводле Барбука, Цапкала быў зацікаўлены, каб у яго штабе працавалі партыйныя актывісты, нават з «сумнеўнай рэпутацыяй», бо яны ўмелі працаваць з людзьмі.
«Мяккі адміністрацыйны рэсурс, які грунтуецца на ўменні, пераконваць, а не прымушаць, павінен прысутнічаць у любой структуры. Чалавек, які працаваў у ёй, ведае, што такое з'езд, справаздача, праца з дакументамі. Яна без вопыту не прыйдзе», — даводзіць Барбук.
Валерый Цапкала ў 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.
Туды 29-гадовы юрыст перабег з каманды Станіслава Шушкевіча. У Лукашэнкі Цапкала працаваў на дыпламатычных пасадах. Кіраваў адміністрацыяй Парку высокіх тэхналогій.
У 2020 годзе заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Кандыдатам у прэзідэнты яго не зарэгістравалі, забракаваўшы больш за палову са 160 тысяч пададзеных у Цэнтрвыбаркам подпісаў. Спроба даказаць у судзе неправамернасць рашэння ведамства Ярмошынай не дала плён.
Далей у выбарчай кампаніі брала актыўны ўдзел жонка Валерыя Цапкалы Вераніка. Разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай яна стварыла трыумвірат выбарчай кампаніі.
Рашэнне аб аб’яднанні штабоў Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі іх прадстаўнікі прынялі 16 ліпеня 2020 года.
Паводле Ганны Красулінай, далучэнне да каманды Святланы Ціханоўскай камандаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы адбылося дзякуючы меседжу, з якім Ціханоўская ішла на выбары: «Як толькі я прыйду да перамогі, то правяду чэсныя выбары».
«Былі свае ўяўленні аб светапоглядзе»
Святаслаў Барбук з 2007 года ўдзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях. У 2010 годзе збіраў подпісы за Лукашэнку, а ў 2012 годзе быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
У 2020 годзе далучыўся да каманды Цапкалы і стаў намеснікам кіраўніка яго ініцыятыўнай групы. У 2021 годзе быў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Столькі ж прысудзілі і жонцы Святаслава. Яны сядзелі ў ізалятары на Акрэсціна і ў Баранавічах.
За Лукашэнку, кажа Святаслаў, ён збіраў подпісы, калі яму было троху за дваццаць і ў яго тады «былі свае ўяўленні аб светапоглядзе», але яны змяніліся.
Па яго словах, праца на выбарах у лукашыстаў была адметнай хлуснёю.
«Сабралі дваццаць, а заяўлялася пра 20 тысяч», — тлумачыць ён.
Барбук згадвае, як у 2010 год, калі замянілі начальніка штаба Лукашэнкі з Козіка на Шэймана, апошні заявіў, што за Лукашэнку сабрана ўжо больш за 100 тысяч подпісаў. Але «Белая Русь» тады штодня публікавала статыстыку і там было каля 10 000 подпісаў.
Ён кажа, што большая частка подпісаў за Лукашэнку збіралася ў працоўных калектывах.
«Дзясяткі падпісных лістоў на вуліцаў і тысячы падпісных лістоў на прадпрыемствах. Так было ў маёй акрузе, дзе я быў памочнікам дэпутата і другім сакратаром гаркама БРСМ. Таму, гаварыць пра вялікую падтрымку Лукашэнкі не выпадае», — адзначае Святаслаў Барбук.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Каментары
Я правільна разумею, што гэта менавіта тое, што каманда Валеры НЕ зрабіла. Подпісы яны не сабралі.... Во ўнёсак!