Улада

Адзін з кіраўнікоў штаба Бабарыкі шчыра расказаў пра выбарчую кампанію, сваю ролю ў ёй, арышт і вызваленне

Віталь Крыўко быў адным з каардынатараў штаба Віктара Бабарыкі на сёлетніх выбарах. Гэты чалавек не асабліва свяціўся, але быў адным з тых, хто прымаў рашэнні. 28 жніўня Крыўко арыштавалі, і толькі праз два з паловай месяцы ён выйшаў на волю. Першае інтэрв’ю па вызваленні Віталь даў «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Апынуцца на свабодзе было нечакана, ці вы ўжо да гэтага рыхтаваліся?

Віталь Крыўко: На волю ты рыхтуешся выйсці толькі першы час. Мабыць, так псіхалогія працуе. Спачатку чакаеш першыя тры дні, потым — дзесяць. Пасля ты думаеш, што гэта ўсё недарэчнасць і цябе выпусцяць вось-вось. Але ўрэшце пачынаеш звыкацца да такога жыцця, калі так можна сказаць. Знаходзіш спосабы займаць час — гэта кнігі, лісты, я пісаў бізнэс-планы, дзіцячыя казкі.

«НН»: Можа, варта выдаць?

ВК: Можа быць. Трэба пратэставаць на сваім дзіцяці: калі яно дасць добрую адзнаку, то можна паспрабаваць. Гэта ўсё спробы заняць сябе, бо там ты знаходзішся ў вакууме. Ніякай інфармацыі, апроч той, што ты атрымліваеш ад адваката, няма. Хуткасць атрымання інфармацыі і яе глыбіня вельмі маленькая.

«НН»: З дзяржаўных радыё і тэлебачання чэрпаць навіны не атрымлівалася?

ВК: У маім выпадку было тры этапы. Спачатку я быў два тыдні ў адной камеры з пазітыўнымі, інтэлігентнымі людзьмі. Унутры з усмешкай мы казалі адзін пра аднаго «махляры і наркаманы», сыходзячы з артыкулаў.

«НН»: Гэта хто, эканамічныя?

ВК: Аднаго хлопца затрымалі за захоўванне наркотыкаў. Думаю, гэта было для сябе — цяжка сказаць, мяркую толькі са слоў. У камеры твае абмежаванні — гэта сцены і людзі. Ты не можаш ацэньваць чалавека па тым, якім ён быў, а толькі па цяперашнім стане. А цяпер ён прыемны чалавек, з якім можна наладзіць добрыя адносіны. У нас быў тэлевізар у камеры. Потым я быў без ТБ, бо мяне перавялі ў іншую, меншую камеру. Толькі напрыканцы зноў з’явіўся тэлевізар, які перадала мне жонка. Трэба разумець, што па тэлевізары ты глядзіш толькі роўна тыя каналы, якія дазволена — гэта восем беларускіх каналаў. Інфармацыю ты чэрпаеш адтуль, потым яна праходзіць праз уласнае ўспрыманне, ты яе спрабуеш злучыць з чымсьці і так нараджаецца ўласная інтэрпрэтацыя.

«НН»: Калі выйшлі, то што здзівіла?

ВК: Здзівіла толькі тое, з якой хуткасцю інтэгруешся ў адваротны бок, на свабоду. Я размаўляў з псіхолагам пасля гэтага, у маім успрыманні для інтэграцыі ў жыццёвую адаптацыю дастаткова ад адной да пяці хвілін. Нягледзячы на тое, што я выйшаў толькі ў шкарпэтках і сланцах, ёсць разуменне, што ты можаш рухацца куды заўгодна, што цябе зараз забяруць дамоў, ты пазвоніш родным і блізкім. Мне хацелася найперш бачыць сям’ю, зразумела.

«НН»: Кім вы былі да таго, як прыйшлі ў палітыку і трапілі ў турму?

ВК: Я прадпрымальнік, бізнэсовец, івэнт-менеджар. Мы займаемся арганізацыяй буйных карпаратыўных мерапрыемстваў. У мяне ёсць і іншыя кірункі бізнэсу — гэта хорэка (тэрмін, які абазначае прыём гасцей і сферу паслуг — «НН»), рэстараны.

«НН»: Вы дастаткова паспяховы чалавек, але прыйшлі ў палітыку. Вам не задавалі пытанне: навошта гэта вам трэба?

ВК: Шчыра? Не, не задавалі. Мне здаецца, гэта ўласцівасць прадпрымальніцкага характару, калі ты самастойна вызначаеш, чым будзеш займацца ў гэты момант. Віктар Дзмітрыевіч (Бабарыка — «НН») у сваіх інтэрв’ю, якія ён даваў да абвяшчэння свайго намеру стаць кандыдатам у прэзідэнты, быў блізкі мне па духу. Мне было ўсё зразумела з таго, што кажа ён. Калі ж ён выказаў намер, то я проста напісаў яму ў фэйсбук.

«НН»: Вы не былі знаёмыя да гэтага?

ВК: Былі, але гэта такое знаёмства… Ён усё ж старшыня праўлення банка, буйны бізнес. За пяць гадоў да гэтага мы былі знаёмыя ў рамках правядзення аднаго мерапрыемства для «Белгазпрамбанка», але праводзім гэта на ўзроўні менеджараў, нашмат ніжэйшых за старшыню праўлення. Я яго ведаў, а ён мяне ў меншай ступені.

«НН»: І што, Бабарыка проста адказаў у фэйсбуку?

ВК: Так.

«НН»: Прыкольна.

ВК: Адказаў, што так, канечне, цікава было б пасупрацоўнічаць.

«НН»: Гэта было літаральна праз дзень-два пасля рашэння Бабарыкі ісці ў прэзідэнты. Як вы так хутка рашыліся?

ВК: Як ні дзіўна, сапраўды адразу. Мне сказалі, што мае скілы будуць не лішнімі. Першы этап прэзідэнцкай кампаніі ўключаў фармаванне ініцыятыўнай групы, яе рэгістрацыю і збор подпісаў. Гэта дастаткова вялікі аб’ём працы — і на той момант самы галоўны. Канечне, важна ўсё, — і піяр, і медыя, і юрыдычная служба, — але калі мы не сфарміруем ініцыятыўную групу, ці не збяром подпісы, то мы не праходзім. У мяне былі арганізатарскія ўменні, я разумеў, як гэта зрабіць. Для мяне гэта было зразумела і цікава.

«НН»: Раскажыце нейкія фішкі.

ВК: (Задумваецца). Ведаеце, усё было вельмі проста і хутка. На той момант, калі я прыйшоў каманду, то яны закінулі ў інтэрнэт табліцу, у якую людзі ўжо дадаваліся. Калі я з’явіўся, то там было каля 5000 чалавек. Калі мы падавалі ініцыятыўную групу, то там было амаль 10 тысяч. Мы праводзілі работу з базай даных, трэба было праверыць, ці гэта жывыя людзі, ці боты. Калі мы зарэгістравалі больш за 8700 чалавек, то прыйшло ўсведамленне, што гэта найбольшая ў гісторыі ініцыятыўная група, і з імі трэба нешта рабіць. У мяне быў досвед арганізацыі мерапрыемстваў на дзясяткі тысяч чалавек. У прынцыпе, нам трэба было зрабіць звычайную рэгістрацыю, але на вельмі вялікую канферэнцыю.

Я распрацаваў лагістыку, — дакладней каманда, было ж шмат валанцёраў з самымі рознымі навыкамі, і культурны кластар, і ІТ. Гэта было жудасна цікава, бо кожны дзень я дазнаваўся нешта новае. Нейрасеткі ў мазгах працавалі з неверагоднай хуткасцю. Я ніколі не ведаў, што такое чат-ботынг — а табе кажуць, што зрабіць можна так і так. Ніхто не лічыў, колькі гадзін ты валанцёрыш, ці дзве гадзіны, ці пяць, ці дзесяць. Унутраная ініцыятыва і запыт на ўсю гэтую гісторыю былі вельмі вялікія. Але ўвесь гэты працэсінг трэба было неяк кантраляваць. Існуе заканадаўства, якое мы не парушалі ад пачатку да канца кампаніі, і за гэтым сачылі.

«НН»: Як прайшоў збор подпісаў?

ВК: Да гэтага года я ўвогуле не ведаў, што такое пікет. Персанальна для мяне слова «пікет» — гэта адкрыццё года, як робіць, скажам, Оксфардскі ўніверсітэт. Кожны дзень мне тэлефануюць і кажуць, што ініцыятыўныя хлопцы і дзяўчаты зрабілі сто пікетаў па горадзе. І ты думаеш: як?! Калі мы толькі ўчора раздалі ім ўсе матэрыялы. Людзі закідвалі сацсеткі артыкуламі тыпу «Найлепшы спосаб сабраць 40 подпісаў». Краўдсорсынг фармаваўся хаатычна, але вельмі правільна. Людзі вельмі крута ўсе самаарганізаваліся. І маёй задачай было толькі сістэматызаваць гэтыя працэсы ў адно, каб выканаць задачу мінімум — сабраць сто тысяч подпісаў, а задача максімум — дзвесце, трыста, пяцьсот, мільён. У выніку мы сабралі 430 з хвосцікам тысяч подпісаў. Гэта ўсё верыфікаваныя подпісы. Мой сябра, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА, займаўся верыфікацыяй, ён сабраў проста ўнікальную каманду.

«НН»: Ці можна вас называць нефармальным кіраўніком штаба?

ВК: Паспрабую растлумачыць. У нас ўнутры каманды была гарызантальная сістэма кіравання. Да 18 чэрвеня, калі на волі быў Віктар Дзмітрыевіч, то ўсё было зразумела ў ролях. Ва ўсіх сферах былі свае нефармальныя кіраўнікі. Але той накірунак, якім кіраваў я, — збор подпісаў, — меў занадта высокую ступень важнасці. Я не выключаю, што ў кагосьці ўнутры магло складвацца ўражанне, што я з’яўляюся нефармальным кіраўніком пасля таго, як за кратамі апынуліся Віктар і Эдуард. Гэта ішло толькі ад важнасці задачы, якую я выконваў, — але я выконваў толькі яе. Да моманту агучвання ЦВК вынікаў рэгістрацыі мая каманда па колькасці людзей была самай вялікай, потым яна, канечне, рэзка зменшылася. Так, я дапускаю, што нехта мог дапускаць, што я галоўны.

«НН»: Але ў любым выпадку можна смела казаць, што вы былі ў топ-5 кіраўнікоў штаба?

ВК: Так, канечне.

«НН»: Калі арыштавалі Бабарыку, то што вы адчулі, дэпрэсняка не было?

ВК: Я помню цудоўна той дзень. Я прыехаў у офіс другім і мне кажуць: «Віктара Дзмітрыевіча затрымалі». Тут я думаю: «Зразумела, здаецца, усё да гэтага і ішло, чакаем Эдуарда». Эдуарда таксама, кажуць мне. Быў пэўны стопар. Мы разумелі, што частка каманды на гэтым магла сказаць: «Да пабачэння». Сабраўся актыў, які вырашыў падаваць подпісы ў любым выпадку ў ЦВК, даводзіць справу да канца. Мы рашылі, што штаб працягне працу — гэта было агульнае рашэнне.

«НН»: ЦВК адмовіў у рэгістрацыі Бабарыкі. Вы прымалі ўдзел у аб’яднанні штабоў вакол Ціханоўскай?

ВК: Канечне. Такое рашэнне падкінуў сам ЦВК, іншых варыянтаў не было ж. Заставаліся толькі Ціханоўская, Чэрачань і, як яе, Кана… пацкая?

«НН»: Канапацкая, Чэрачань, Дзмітрыеў.

ВК: Ааа, Дзмітрыеў таксама. Я сам па сабе не палітык і мне цяжка было ацэньваць кандыдатаў, я нават не разумеў іх статусу. Хаця асабіста мне Чэрачань падаваўся разумным і інтэлігентным чалавек, я пару разоў з ім сустракаўся. На мой асабісты погляд, было б клёва, каб аб’ядналіся ўсе. І той жа Чэрачань з Дзмітрыевым. Я па сёння не разумею, чаму гэта было немагчыма.

«НН»: Магчыма, у гэтых людзей былі свае задачы.

ВК: Я не ведаю, разумееце. Мы вырашылі: окей, аб’ядноўваемся трыма штабамі. Важна ж было не аб’яднацца вакол кагосьці, а вакол нейкіх прынцыпаў, ідэі. І такія прынцыпы былі прынятыя. На мой погляд, такіх прынцыпаў магло б быць і меней, бо чым менш, тым прасцей дамаўляцца. Кожны застаецца пры сваім, але пры гэтым зразаюцца куты. У любым выпадку дамоўленасць наступіла вельмі хутка, за лічаныя гадзіны. Мне потым казалі, што гэта неверагодная хуткасць, бо раней апазіцыя не магла дасягнуць кансэнсусу гадамі. Мы аб’ядноўваліся вакол чагосьці агульнага, а не адмоўнага.

«НН»: Вам асоба Ціханоўскай бачылася прахадной?

ВК: (Паўза). Гэта быў адзіны варыянт. Я да гэтага часу за Бабарыку. З Ціханоўскай спрацаваў прынцып бізнэсу: калі адзіны шлях вось гэты, то трэба ісці. Ты можаш сысці, канечне, але ёсць яшчэ гэты шанс даносіць прынцыпы штаба Бабарыкі. Мы ішлі на гэта разумеючы, што, на жаль, не можам агітаваць за свайго кандыдата. Але можам далей несці прынцыпы, якія ён прапаведаваў.

«НН»: Здаецца, вы адказвалі за арганізацыю сустрэч Ціханоўскай па рэгіёнах.

ВК: У тым ліку.

«НН»: Гэтыя паездкі былі вялізным поспехам. Раскажыце пра іх.

ВК: Я не думаю, што мая заслуга аграмадная. Быў вялізны запыт у людзей, яны з радасцю ішлі на сустрэчы — у гэтым поспех. А што тычыцца арганізатарскага, то там столькі промахаў, што можна браць чэк-ліст і праводзіць працу над памылкамі. Я не хачу іх агучваць, бо там працавала шмат людзей у стрэсавых умовах, і крытыкаваць іх — гэта недарэчна. Калі разумець умовы і колькасць мерапрыемстваў, то гэта было вельмі маштабна. Я асабіста не быў ні на адным мерапрыемстве. Туды ехалі людзі, які кантралявалі ўсё на месцах, а я думаў пра наступныя. Заўтра — ужо новая гісторыя. Гарызонт планавання быў вельмі маленькі — пару дзён, для бізнэсу гэта шалёныя ўмовы. Узровень нявызначанасці вельмі вялікі, рызыкі, усё пабудавана на валанцёрах, ніякіх дамоваў. Цуд, што гэта так спрацавала. Зараджаныя людзі зрабілі ўсё самі. Нельга гаварыць пра мой унікальны поспех. У ідэале такія івэнты павінны былі планавацца загадзя, а мы рабілі ўсе суперхутка. Я не ведаю, як мы з усім гэтым справіліся. Я ганаруся ўсімі.

«НН»: Плацілі людзям грошы?

ВК: Я пра такія выпадкі не ведаю.

«НН»: 9 жніўня і наступныя дні вы былі пры штабе?

ВК: Не, я правёў той час у Кіеве з жонкай і сям’ёй, мы з’ехалі ў адпачынак. Ёсць пэўныя ўнутрысямейныя дамоўленасці, я пра іх не магу гаварыць, я іх і так моцна парушыў. На той момант я іх выпраўляў.

«НН»: Калі вярнуліся?

ВК: Не памятаю, 23 ці 24 жніўня.

«НН»: Не страшна было вяртацца?

ВК: Страшна, так.

«НН»: А чаму было не застацца ва Украіне?

ВК: Я люблю Беларусь, мне хочацца тут жыць. Мне здаецца, што я тут магу быць карысным людзям. Тут, а не там. У мяне ж ёсць абавязкі не толькі перад штабам Бабарыкі, але і перад маімі супрацоўнікамі, сябрамі, сям’ёй, бацькамі. Мне здавалася, што я раблю добрую справу. Хіба гэта магчыма, што мяне арыштуюць?

«НН»: Ну вось вяртаецеся вы, і што адчулі тады?

ВК: Бізнэс, якім я кіраваў, быў у стадыі замарозкі праз кавід. Першае, што я зрабіў, паразмаўляў з супрацоўнікамі, якія былі ў няпэўнасці, што ім рабіць, ці будзе ў іх заробак. Простыя рэчы кіраўніка. Я сустрэўся з штабам Бабарыкі, зразумеў, што ў іх глабальная запара. План ёсць, так, але я не паспеў у яго ўнікнуць і зразумець. Я там правёў адзін дзень. Я вярнуўся, адзін дзень адпачыў, бо ехаў за рулём, другі правёў на працы, трэці ў штабе, а на чацвёрты мяне затрымалі. Неяк было так.

«НН»: Вы яшчэ паспелі ўпісацца ў Каардынацыйную раду. А ўступілі з пачуцця салідарнасці?

ВК: Цяжка вызначыць і ўспомніць канкрэтна, што было трыгерам. Я баюся, што крыху падману ці прыдумаю. Сама канцэпцыя Каардынацыйнай рады з пункту гледжання дыялогу і камунікацыі мне здавалася правільнай. Мне цяжка тут каментаваць, бо я там яшчэ не паспеў нічога зрабіць.

«НН»: Раскажыце, як вас затрымлівалі.

ВК: Я спакойна сядзеў дома разам з сям’ёй і сябрамі. Мы нават выпілі па 50 грам каньяку. Потым раздаецца званок на мабільнік, і кажуць: «Мы падрапалі вашу машыну, спусціцеся, калі ласка».

«НН»: Сур’ёзна?

ВК: Так, у мяне цяпер шмат хто пытаецца, няўжо нічога не шчоўкнула на гэтых словах? Не, абсалютна. Наадварот, думаю, свядомы грамадзянін, пазваніў. Мяне такія гісторыі радуюць. Кажу, окей, зараз спушчуся, усё абмяркуем. Унізе мне сказалі, што я затрыманы.

«НН»: Хто там быў?

ВК: Супрацоўнікі ДФР, усе ў цывільным, ветлівыя. Іх было чалавек 5-10, я размаўляў толькі з адным. Былі без масак. Я помню, што выпадковым мінакам выкрыкнуў, папрасіў, каб звязаліся са штабам Бабарыкі і сказалі, што Крыўко затрыманы. Не ведаю, ці звязаўся хто. Мне было важна, каб сям’я не думала, што я выйшаў і знік. Мяне пасадзілі ў легкавы аўтамабіль, кайданкоў не было. Усё было культурна і ветліва, бо, думаю, гэта ДФР. У нейкі момант яны вырашылі забраць з сабой і майго сябра Андрэя Ярашэвіча (ужо таксама на волі — «НН»).

«НН»: Андрэй трапіў толькі таму, што ваш сябра?

ВК: Думаю, так. Проста таму, што выйшаў разам са мной. Я яму прапанаваў спусціцца разам. Ён званіў адвакату, жонцы. У выніку забралі двух. Мы апынуліся ў ДФР, адтуль адвезлі ў Фрунзенскае РУУС, дзе правялі ноч. Ранкам канваіравалі на Акрэсціна, а ўжо з Акрэсціна на допыт і адправілі на Валадарскага.

«НН»: У чым вас абвінавацілі?

ВК: Частка 2 артыкула 243, «ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

«НН»: Назавяце суму?

ВК: Я б назваў, але я пад падпіскай. Не буду агучваць дэталі.

«НН»: З вамі следчыя вялі размовы толькі па гэтай справе ці пра палітыку таксама?

ВК: Думаю, таксама не магу пра гэта гаварыць.

«НН»: Вы адчувалі сябе палітвязнем?

ВК: Я не ведаю, як гэта.

«НН»: Вы лічылі, што сядзіце за палітыку ці сапраўды за падаткі?

ВК: Канечне, за палітыку. Ты трапляеш у жудасна дыскамфортныя ўмовы. Я адчуваў сябе хранова, бо не бачыў сваіх блізкіх, не мог з імі стасавацца. У мяне не было пакутніцкага стану, я проста ўключыўся ў гэты працэс. Мне не хапала ў тых умовах чагосьці стваральнага. Калі б прыйшлі і спыталі, хто будзе фарбаваць сцяну, я б адказаў, што канечне буду. Патрэба ў стваральнасці ў грамадстве вельмі вялікая. А ў турме гэтая патрэба яшчэ большая. Вы не ўяўляеце, з якім кайфам я мыў падлогу ў камеры! Бо нешта робіш і не толькі для сябе. Я баяўся гэта сям’і сказаць, бо дома гэта не так. У астатнім усё як ва ўсіх — адсутнасць інфармацыі, нязручныя ложкі, але гэта турма, а не санаторый. Там не павінен быць ніхто з палітвязняў.

«НН»: Вы не перасякаліся ні з кім з палітычных?

ВК: Не.

«НН»: Вы казалі ў камеры, што палітычны?

ВК: Не, не бачыў сэнсу. Па-другое, ніколі не ведаеш, з кім сядзіш. Ёсць артыкул, па якім ты арыштаваны і ты бачыш сябе ў рамках гэтага артыкула. Ніякага сэнсу казаць прычыну няма — гэта табе дакладна не дапаможа.

«НН»: Не было ў камеры дзіўных людзей, якія спрабавалі з вас нешта выцягнуць?

ВК: Не было. Я разумею, як гэта бывае, але ў мяне такога не было.

«НН»: Што ўяўляе з сябе камера на Валадарцы і які там распарадак?

ВК: А шостай зранку пад’ём, потым сняданак, вольны час. Прапаноўваецца наведаць прагулачны дворык у розны час, але кожны дзень. У гадзіну абед, у шэсць — вячэра. Адбой а 22-й. А 8-й ранку і а 8-й вечара абходы, даклад па камеры ад дзяжурнага. Хто быў у арміі, то часта параўноўваў. Я быў і ў вялікай, і ў маленькай камеры. Калі трапіў у вялікую, то думаў, як кепска, навошта мне гэта. Але гэта роўна да таго моманту, пакуль ты можаш параўнаць.

«НН»: Маленькая горш?

ВК: Стасункі ўсечаныя. У вялікай камеры час ідзе хутчэй, розныя людзі, гісторыі, ацэнкі, абмеркаванне. Я гэта зразумеў у маленькай камеры. У вялікай камеры ёсць цэнтральны подыум, дзесьці 2 на 2 метры, дзе можна адціскацца. У малой камеры такога няма. Асабіста для мяне вялікая камера лепш.

«НН»: На якіх умовах вас выпусцілі?

ВК: Пагашэнне страт, якія мне прад’явілі. Цяпер мы чакаем фінальных вынікаў. Гэта ж яшчэ не воля, а змена меры стрымання пад падпіску.

«НН»: А ўмовай удзел у круглым стале Васкрасенскага не быў?

ВК: Насамрэч не было такой прамой умовы, каб я валіў туды і рабіў тое. Васкрасенскага я крыху ведаў, ён быў часткай маёй вялікай каманды. Ён не быў непасрэдна ў маім падпарадкаванні, а праз адно звяно. Я чуў, што ёсць нейкая дыялогавая пляцоўка. Агульнага кантэксту я не разумеў і не мог. Я ўяўляў, што прыеду, будзе круглы стол на 25 чалавек, які стасуюцца, але я прыехаў на брыфінг, дзе сам быў хэдлайнерам, хоць выйшаў трынаццаць гадзін таму з турмы. Я зразумеў, што нешта не тое. Калі я сюды прыйшоў, то ўцякаць не буду. Але я гаварыць нічога не буду, бо вельмі павярхоўна ўяўляю цяперашнюю палітычную карціну. З Юрыем я ўбачыўся, калі мяне выпусцілі.

«НН»: Ён вас сустракаў з СІЗА?

ВК: Так. Маёй жонцы сказалі не сустракаць мяне. Юрый сказаў, што будзе брыфінг, кажу окей. І паехаў дадому. На брыфінгу сказаў: соры, мне трэба ва ўсім разабрацца, у мэтах круглага стала, сваёй ролі ў ім. Арганізоўваць так мерапрыемствы нельга. Але калі прыбраць ўсе палітычныя моманты, то я ўдзячны Юрыю, які выцягнуў з турмы таксама і майго сябра (Андрэя Ярашэвіча — «НН»).

«НН»: Як ваш бізнэс пратрымаўся без вас?

ВК: Цяжка. Дзве кампаніі ў стадыі прыняцця рашэння аб закрыцці. Два рэстараны — глядзім на рынак. Жонкам нашым было цяжка. Бізнэс пазбавілі рахункаў плюс кавід. Я не ведаю, як яны тут справіліся. Адтуль я мог даваць нейкія рэкамендацыі, але ўсёй карціны не меў. Я пісаў агульна, што б я рабіў. Але яны збольшага справіліся.

«НН»: Будзеце заставацца ў палітыцы?

ВК: Я ўсім кажу, што ніколі не быў у палітыцы. Я проста, мне здаецца, рабіў правільныя справы. Бізнэс мне падабаецца больш, там больш зразумелыя правілы. Я б хацеў адзінае, што зрабіць, каб людзі не былі ў месцах, дзе яны не павінны быць за свае погляды. Калі ў мяне будзе хоць мінімальны шанец гэта зрабіць, то я зраблю. То, што зараз адбываецца, гэты гвалт — гэта трагедыі людзей і паламаныя лёсы, гэта трагедыя для ўсёй краіны.

Каментары

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхарка Пінска прадала аўтамабіль 2018 года за 600 рублёў. Што пайшло не так?1

Скандал ва Украіне: вайсковец катаваў падначаленых і прыкрываўся сваімі сямейнымі сувязямі7

Тры сцэнары, па якіх «Белтэлекам» стане мабільным аператарам9

У Мінску заўважылі абрыкосы амаль па 100 рублёў за кілаграм

Напярэдадні СБУ прад'явіла падазрэнне забітаму ў Маскве генерал-лейтэнанту за прымяненне хімічнай зброі2

Латвійскі баскетбаліст Ціма скончыў жыццё самагубствам у цэнтры Масквы — на дзень нараджэння былой жонкі, спявачкі Седаковай1

У Маскве падарвалі генерал-лейтэнанта і яго памочніка4

У Беларусі распаўсюдзяць Віфлеемскі агонь, але даставяць не з Віфлеема

Улады знайшлі спосаб забяспечаць насельніцтва айчыннай свінінай. Вось план5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Галоўнае
Усе навіны →