«Іване, ты жывеш!» У нядзелю пройдзе шпацыр па Вільні памяці Івана Луцкевіча
У нядзелю, 20 жніўня, віленскія беларусы запрашаюць разам ушанаваць памяць нашага знакамітага дзеяча, публіцыста, археолага, пачынальніка беларускага нацыянальнага руху і бацькі беларускай Незалежнасці Івана Луцкевіча на гадавіну ягонага адыходу ў Нябесную Беларусь. У памяць пра гэта будзе праведзены шпацыр па горадзе пад назвай «Іване, ты жывеш!».
Іван Луцкевіч памёр у жніўні 1919 года ад сухотаў у польскім Закапанэ на руках у сваёй нарачонай Юльяны Мэнке, якая пазней пакінула ўспаміны пра свайго каханага, з якіх мы даведваемся не толькі пра гэтае шчымлівае трагічнае каханне, але і пра тагачаснае беларускае жыццё ў Вільні.
Арганізатары шпацыру прапануюць разам прайсціся па віленскіх адрасах, звязаных з Іванам Луцкевічам ды ягоным братам Антонам, паглыбіцца ў іх тагачаснае жыццё і працу, пачытаць разам успаміны Юльяны Мэнке ды ўзгадаць нашага выбітнага дзеяча.
Дата — 20 жніўня.
Час — 17:00.
Месца cустрэчы — Базыльянскія муры (Aušros Vartų g. 11).
Данаты вітаюцца!
Каментары