Трампу выставілі абвінавачанні па чацвёртай справе. Яго абвінавачваюць у спробе перагляду вынікаў выбараў-2020
Па новай справе праходзіць яшчэ 18 чалавек.
Экс-прэзідэнту ЗША Дональду Трампу выстаўлены абвінавачанні ў штаце Джорджыя. Вялікае журы прысяжных палічыла, што Трамп можа быць датычны да спробы перагледзець вынікі выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе. Гэта чацвёртая крымінальная справа, якая расследуецца ў дачыненні да 45-га прэзідэнта ЗША, піша Бі-бі-сі.
Трампу выстаўлены абвінавачанні па 11-ці пунктах, у тым ліку ў змове з мэтай падробкі, спробе схіліць службовую асобу да парушэння прысягі, а таксама ў парушэнні закона аб злачынных арганізацыях.
Акрамя Трампа, абвінавачанні выстаўленыя яшчэ 18-ці чалавекам, сярод якіх — былы кіраўнік апарата Белага дома, паплечнік Трампа Марк Медоўз, адвакат Трампа Рудольф Джуліяні, супрацоўнік Міністэрства юстыцыі Джэфры Кларк, юрыст і кансультант Трампа Джон Істман.
Трампу ўжо выстаўлены абвінавачанні па трох іншых справах — аб змове з мэтай адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, аб незаконным утрыманні сакрэтных дакументаў і аб фальсіфікацыі справаздачнасці для ўтойвання выплаты грошай за маўчанне.
Падставай для чарговых абвінавачанняў стаў тэлефонны званок у студзені 2021 года, падчас якога Трамп прапаноўваў дзяржсакратару-рэспубліканцу Джорджыі Брэду Рафенспергеру дапамагчы «знайсці 11 780 галасоў».
Трамп цяпер лідар сярод кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі на вылучэнне на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Ён віну не прызнае.
Абвінавачанні пракурора акругі Фултан Фані Уіліс, якая на працягу двух гадоў праводзіла расследаванне, ён назваў палітычна матываванымі.
Як сказала Фані Уіліс, пракуратура прапануе правесці судовы працэс цягам наступных шасці месяцаў.
Каментары