У Махачкале здарыўся магутны выбух. Загінула як мінімум 30 чалавек, пацярпела больш за 110, у тым ліку 16 дзяцей
Паводле папярэдніх звестак, перад выбухам пачаўся пажар на аўтазапраўцы. Большасць загінулых і пацярпелых — мінакі, якія сабраліся паглядзець на пажар. У нейкі момант адбыўся моцны выбух.
Колькасць загінулых пры выбуху на запраўцы «Нафта-24» на поўначы Махачкалы (Дагестан, Расія) вырасла да 30 чалавек, сярод іх трое дзяцей, паведамілі «Інтэрфаксу» ў Дагестанскім цэнтры медыцыны катастроф.
Першы намеснік кіраўніка расійскага Міністэрства аховы здароўя Віктар Фісенка, які прыбыў у Дагестан, заявіў, што колькасць пацярпелых пасля выбуху на АЗС вырасла да 110 чалавек, 10 з іх — у цяжкім стане. Пацярпелі 16 дзяцей.
Выбух адбыўся на аўтазапраўцы ў Кумтаркалінскім раёне на поўначы Махачкалы ў раёне 22:00. Першапачаткова загарэўся будынак аўтасэрвісу, затым агонь перакінуўся на запраўку, а потым на АЗС выбухнула газапаветраная сумесь. Пажар удалося патушыць амаль праз чатыры гадзіны пасля выбуху.
Кіраўнік рэгіёна Сяргей Мелікаў патлумачыў выбух на запраўцы дэтанацыяй ёмістасцяў насупраць АЗС. «Прычыны і характар выбуху высвятляюцца. Здэтанавалі ёмістасці насупраць запраўкі, у выніку чаго адбылося ўзгаранне і пажар», — сказаў ён.
Каментары