Культура1111

Саюз мастакоў нармалізаваў свой лагатып: гэта боль

Беларускі саюз мастакоў «нармалізаваў» свой чырвона-белы лагатып, дадаўшы на яго зялёную пляму, каб ён адпавядаў колерам лукашэнкаўскага сцяга. Разабраліся, чаму вачам так балюча глядзець на гэтае спалучэнне колераў і афіцыйную сімволіку ў цэлым. 

Абноўлены варыянт лагатыпа з’явіўся як у сацсетках Саюза, так і на афіцыйным сайце. Арыгінальны лагатып быў створаны беларускім мастаком і дызайнерам Сяргеем Саркісавым, былым старшынёй секцыі графічнага дызайну БСМ, і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры ў верасні 2010 года. Паводле афіцыйнага апісання ён мае выгляд чырвонага квадрата з белым дугападобным следам ад пэндзля і авальным белым мазком. 

Цяпер авальчык зрабілі зялёным.

Відавочна, што для стварэння такой безгустоўшчыны да аўтара лагатыпа ніхто не звяртаўся. 

Арыгінальны лагатып Беларускага саюза мастакоў і лагатып пасля «нармалізацыі» 

Паводле заканадаўства такі лагатып, які не адпавядае зацверджанаму стандарту, мусіць лічыцца «незарэгістраванай сімволікай», за якую лукашысты так актыўна пераследуюць беларусаў.

Але сярод сваіх яны не схільныя бачыць якія-небудзь парушэнні закону. Як кажа выраз, які памылкова, але не без падстаў, прыпісваецца то Мусаліні, то Піначэту, то Франка: «Сябрам — усё, астатнім — закон».

Але чаму ўсё ж так дрэнна атрымалася, калі абстрагавацца ад эмоцый?

Пойдзем ад простага. Для вызначэння любога колеру дастаткова трох характарыстык (калі хочаце — каардынат): тон (колернасць), светласць (ад цёмнага да святлейшага) і насычанасць (глыбіня, сакавітасць, ад каляровага да ахраматычнага, пазбаўленага колеру, шэрага). 

Нашае ўспрыманне колераў вельмі складанае. Мы можам бачыць чорна-белае фота каляровым толькі таму, што наш мозг змешвае ахраматычную аснову з каляровай сеткай

Гэтыя характарыстыкі апісваюць толькі ўласна колер, але на ўспрыманне колераў чалавекам уплывае нашмат большая колькасць фактараў. Навука каларыстыка вывучае не толькі і не столькі прыроду колераў, колькі вось гэтыя заканамернасці ўспрымання колераў чалавекам.

Гарманічныя спалучэнні колераў здольныя выклікаць адчуванне статычнасці, дынамізму, глыбіні, радасці, смутку, супакою і іншага, што адбіваецца на інтэрпрэтацыі колеру, гэта значыць на ягоным змесце. Усякая форма, у тым ліку і колер, мае змест, які нам штосьці гаворыць, закранае нас па-рознаму. Колер дзейнічае на назіральніка і ўспрымаецца як шурпаты ці гладкі, мяккі ці цвёрды, надае іншым формам масу, тэкстуру ды каларыт. Колер выступае як элемент, які можа растлумачыць форму ці дэфармаваць яе. 

Каляровыя асацыяцыі можна падзяліць на некалькі вялікіх груп — фізічныя, фізіялагічныя, псіхалагічныя, эмацыйныя, геаграфічныя і іншыя. Інструментамі для стварэння такіх асацыяцый становяцца парныя паняцці «актыўны — пасіўны», «смутак — радасць», «статыка — дынаміка», «цёплы — халодны». Гарманічныя спалучэнні колераў супакойваюць, кантрасныя ствараюць разнастайнасць, дысанантныя — узрушанасць.

Сіня-чорная сукенка ў 2015 годзе ўзарвала інтэрнэт. Мозг многіх людзей, зыходзячы з уласнага досведу, што рэч у цені мае больш халодныя адценні, адфільтраваў сіні колер не горш за фотарэдактар, палічыўшы, што зыходны колер сукенкі — белы з залатым. Фізічныя характарыстыкі колераў часам маюць мізэрны ўплыў на яго ўспрыманне. Фота: Wikimedia Commons

Як бачна, чалавечае ўспрыманне колераў мае амаль бясконцую колькасць характарыстык, умела спалучаючы якія, можна дасягнуць пэўнага ўздзеяння на людзей ці стварыць візуальныя ілюзіі. Менавіта няўмелае выкарыстанне розных характарыстык уласцівае лукашэнкаўскай сімволіцы.

З’яўленню цяперашняй афіцыйнай сімволікі мы абавязаныя таму факту, што ў 1945 годзе СССР, Беларуская ССР і Украінская ССР сталі краінамі-заснавальніцамі ААН. Праз тое, што іх сцягі амаль нічым не адрозніваліся паміж сабой і ад сцягоў іншых савецкіх рэспублік, Масква прыняла рашэнне іх змяніць.

Прынятыя ў выніку сцягі мала чым адрозніваліся адзін ад аднаго: да вялікага чырвонага палотнішча ў розных спалучэння і з розным размяшчэннем былі дададзеныя палосы сіняга, белага або зялёнага колеру. Асаблівай сэнсавай нагрузкі яны ніколі не мелі і служылі выключна для фармальнага адрознення. Хіба што сцяг Савецкай Беларусі адрозніваўся ад усіх іншых наяўнасцю вертыкальнай паласы з нацыянальным арнаментам. 

Гэты ж сцяг быў вернуты Аляксандрам Лукашэнкам замест нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга па выніку ініцыяванага ім рэферэндуму ў 1995 годзе — гэта была частка плана па атрыманні Лукашэнкам улады ў Маскве. Дзяржаўнай прапагандзе давялося з нуля прыдумляць сэнсы для колераў савецкага сцяга, якіх ён не меў ад пачатку свайго стварэння.

Так, сёння чырвоны колер стаў сімвалізаваць сілу, мужнасць, высакароднасць, энергію; зялёны — надзею, здароўе, маладосць, адраджэнне, працавітасць, тварэнне і прыродную гармонію, а белы ў арнаменце — чысціню, бязгрэшнасць, прымірэнне, мудрасць ды веды.

Калі адкінуць нейтральны белы колер, які належыць да так званых ахраматычных, што літаральна можна перакласці з грэчаскай як «бясколерны», то астатнія два, зялёны і чырвоны, знаходзяцца ў спецыфічных адносінах адзін да аднаго. Такія колеры называюць дадатковымі, бо яны ляжаць насупраць у каляровым крузе. 

Круг Ітэна, распрацаваны ў 1961 годзе, дапамагае падбіраць колеры, зыходзячы з пэўных законаў каларыстыкі. Фота: Wikimedia Commons

Каляровы круг быў распрацаваны і носіць імя швейцарскага мастака і тэарэтыка мастацтва Яганеса Ітэна. У найбольш вядомым варыянце круга Ітэна ў аснове ляжыць трохвугольнік з асноўных колераў — сіняга, жоўтага і чырвонага, змяшаўшы якія, можна атрымаць любыя адценні, даступныя чалавечаму воку. Да гэтага трохвугольніка звонку прылягаюць трохвугольнікі, афарбаваныя ў другасныя колеры — зялёны, аранжавы і фіялетавы, якія былі атрыманыя пры змешванні асноўных. Так, на стыку асноўных сіняга і жоўтага знаходзіцца зялёны трохвугольнік, а на стыку сіняга і чырвонага — фіялетавы.

Ахоплівае атрыманы шасцівугольнік кола, якое складаецца з 12 колераў, сярод якіх як першасныя (асноўныя), так і другасныя, а таксама тых, што атрымаліся ад змяшэння суседніх першасных і другасных.

Праблемы каларыстыкі займаюць чалавецтва на працягу стагоддзяў. Ілюстрацыя з кнігі аўстрыйскага натураліста Ёгана Ігнаца Шыфермюлера «Спроба сістэматызацыі кветак», 1772 год. Фота: Wikimedia Commons 

Адзін з першых 12-колерных кругоў быў апублікаваны яшчэ ў 1772 годзе Ёганам Шыфермюлерам у трактаце «Спроба сістэматызаваць колеры». Свой круг, які меў 6 колераў, стварыў паэт ды прыродазнавец Ёган Вольфганг Гётэ ў 1809 годзе, як ілюстрацыю да ўласнай працы «Да тэорыі колеру», у якой ён спрачаўся з «Новай тэорыяй святла і колераў» Ісака Ньютана. Так што чалавецтва апантанае праблемамі каларыстыкі ўжо не першае стагоддзе. Але найбольш дасканалым лічыцца круг Ітэна, які быў распрацаваны ім у 1961 годзе і выкарыстоўваецца паўсюдна дагэтуль. 

Кантраст дадатковых колераў адзін з самых актыўных. Але ён амаль ніколі не існуе самастойна. Пара жоўты — фіялетавы стварае моцны кантраст светлага і цёмнага, чырвоны — зялёны — гэта моцны кантраст халоднага і цёплага. Фота: Wikimedia Commons 

На гэтым крузе зялёны, атрыманы ад змяшэння асноўных сіняга і жоўтага, і чырвоны знаходзяцца на вонкавым коле адзін на супраць другога. Такія колеры прынята лічыць дадатковымі. Паводле законаў каларыстыкі кантраст дадатковых колераў стварае пачуццё балансу, дзе абодва колеры застаюцца насычанымі і (прабачце за каламбур) дапаўняюць адзін аднаго. 

Аднак апроч гэтага кожная пара дадатковых колераў валодае і іншымі асаблівасцямі. Так, пара жоўты — фіялетавы стварае не толькі кантраст дадатковых колераў, але і моцны кантраст светлага і цёмнага. Чырвоны — зялёны і сіні — аранжавы таксама не толькі пары дадатковых колераў, але адначасова і надзвычай моцны кантраст халоднага і цёплага.

З гэтага апісання можа скласціся ўражанне, што спалучэнне зялёнага і чырвонага надзвычай удалае. Але не ўсё так адназначна, бо чалавечае ўспрыманне колераў больш складанае. 

Гэтая сувязь настолькі моцная, што калі мы глядзім на любы колер, то нашае вока патрабуе з’яўлення дадатковага, а калі яго няма, то спараджае яго само. Шэрая пляма на вялікім чырвоным палатне будзе здавацца зеленаватай, а на фіялетавым — жаўтаватай. Гэты эфект называецца сімультанным кантрастам.

Пры гэтым на мяжы колераў узнікае адчуванне вібрацыі, колеры быццам бы «хістаюцца» паміж сваёй рэальнай вобласцю і ўяўнай.

Сімультанны кантраст: калі доўга глядзець, то шэры квадрат на жоўтым фоне будзе здавацца фіялетавым, на аранжавым — сінім, на чырвоным — зялёным. Нашыя вочы заўсёды патрабуюць да колеру, каб быў яго дадатковы, а калі яго няма — то ствараюць яго сабе самі

Сцвярджэнне аднаго з мастакоў, якому не спадабалася, што пры змяшэнні зялёнага і чырвонага колераў атрымаецца карычневы, не зусім праўдзівае. Галоўная асаблівасць дадатковых колераў у тым, што калі іх змяшаць, то атрымаецца «бясколерны» колер — шэры. Нашае вока добра ўспрымае кантраст светлага і цёмнага, а вось з кантрастам па колеры трохі іначай.

Усе ведаюць, што калі доўга глядзець на каляровую выяву, а пасля перавесці позірк на сцяну, то пэўны час вы будзеце бачыць тую ж выяву ў інвертаваных колерах. Гэты паслявобраз узнікае як адаптацыя на стымул.

Але наша вока яшчэ чамусьці не зусім дакладна ўспрымае межы колераў — у выніку ўсе гэтыя эфекты накладаюцца адзін на аднаго і на мяжы зялёнага і чырвонага колераў вы бачыце невыразную, прывідную бясколерную палоску. 

Гэтая палоска ўзмацняе яшчэ адзін эфект, які, як ні дзіўна, прысутнічае на лукашэнкаўскай сімволіцы — эфект стэрэаскапіі. Так, той жа эфект, які выкарыстоўваецца ў кіно, ёсць і на чырвона-зялёным сцягу.

Калі сіні колер сам па сабе «адступае», то зялёны прасторава нейтральны, але побач з цёплым чырвоным колерам здаецца, што ён знаходзіцца ад нас далей за яго

Калі моцна спрасціць, то аднолькава светлыя цёплыя колеры выходзяць наперад адносна халодных. Чым меншы памер узору, і чым большы памер фону, тым больш рэзка выяўляецца эфект яго аддалення.

У выпадку з лагатыпам Беларускага саюза мастакоў мы бачым зялёны колер не проста як пляму з вібрацыяй па краях, а літаральна як лунку ці дзірку ў чырвоным фоне.

Праз стэрэаскапічны эфект здаецца, што жоўты прамавугольнік ляжыць над фіялетавым, але зялёны прамавугольнік заглыблены ў чырвоны. Таксама ёсць адчуванне, што вакол зялёнага колера ёсць нейкая тонкая рамка, яна ўзнікае як у выніку змяшэння колераў суседніх пікселяў пры змяншэнні памеру карцінкі, так і праз асаблівасці нашага ўспрымання

Нашы вочы спрабуюць сфакусавацца на глыбіні гэтай дзіркі, але паколькі глыбіня ўяўная, вока скача туды-сюды, ад чаго пляма яшчэ больш актыўна пульсуе. Гэты ж эфект, можа менш выразна, бо зялёнага тут болей, праяўляецца і на сцягу — верхняя чырвоная частка выразна «навісае» над «заглыбленай» зялёнай.

Тут мы падыходзім да яшчэ аднаго кантрасту, эфект якога быў трошкі раскрыты вышэй — кантрасту па плошчы каляровых плям. Каб колеры былі ўраўнаважанымі паміж сабой, памеры плям мусяць мець пэўныя прапорцыі. Ужо згаданы намі вышэй Ёган Гётэ дапамог усім нам, выявіўшы даволі простыя лікавыя суадносіны для розных колераў. Вядома, яны з’яўляюцца прыкладнымі, бо такія велічыні немагчыма вымераць, але ў цэлым спраўна працуюць. 

Ураўнаважаныя па плошчы суадносіны колераў. Адыход ад гэтых прапорцый надае кампазіцыі асабліва экспрэсіўную актыўнасць, часам непатрэбную

Так, паводле нямецкага паэта і прыродазнаўца, фіялетавы з жоўтым ураўнаважаны паміж сабой у прапорцыі плошчаў 3:1, аранжавы з сінім — 2:1, а наш выпадак, зялёны з чырвоным — 1:1. Калі замест гарманічных прасторавых адносін паміж колерамі дамінуе нейкі адзін колер, кампазіцыя набывае асабліва экспрэсіўную актыўнасць. Меншы колер, які патрапіў, так бы мовіць, «у бяду», рэагуе, абараняецца і аказвае яшчэ мацнейшае ўражанне.

На цяперашнім беларускім сцягу чырвонага ў два разы болей за зялёны, што парушае ўраўнаважанасць і стварае моцны кантраст, а на лагатыпе БСМ, дзе зялёная пляма літаральна плавае ў чырвоным моры — ён даведзены да абсурду. 

Чырвоны і зялёны колеры роўнай светлаты і ў аднолькавых прапорцыях ствараюць устойлівае спалучэнне. Калі аднаго з колераў значна менш з іншы, то паводле законе сімультаннага кантрасту ён будзе прыцягваць да сябе больш увагі. Таксама на гэтых карцінках выдатна бачны стэрэаскапічны эфект.

Такая колькасць адначасовых эфектаў у адным флаконе: кантраст па дадатковых колерах, кантраст цёплага і халоднага, кантраст па плошчы каляровых плям, сімультанны кантраст, эфект храматычнай стэрэаскапіі і зрокавыя постэфекты, звязаныя з адаптацыяй вока да стымулаў, і ўзмацненне ўсяго гэтага на граніцы колераў каляровай індукцыяй — проста ўзрываюць наш мозг. 

На нармалізаваным лагатыпе Беларускага саюза масткоў гэтыя эфекты выкручаныя на максімум, ад чаго ўзнікае адчуванне, што табе фізічна балюча глядзець на пульсуючую зялёную дзірку.

Такое стварыць з лагатыпам мог толькі які-небудзь ідэолаг, таму што каларыстыка — адна з асноўных дысцыплін, якая дзясяткі гадоў уваходзіць ва ўсе праграмы навучання мастакоў, дызайнераў ды архітэктараў. Гэтае «дробнае шкодніцтва» проста абраза ўсёй мастацкай супольнасці — не таму, што гэта лукашэнкаўскія сімвалы, а таму што такі варыянт — здзек з таго, што ляжыць у аснове візуальнага мастацтва. 

Ці можна неяк нейтралізаваць частку гэтых эфектаў, каб успрымалася не так балюча? Найбольш просты адказ — вярнуцца да нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга, распрацаванага прафесійным архітэктарам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім, які, відавочна, у сілу сваёй прафесійнай дзейнасці лепш разумеў законы каларыстыкі, чым савецкія наменклатуршчыкі. 

У 2012 годзе была прадпрынята спроба прыглушыць кантраст на афіцыйным беларускім сцягу. Фота: Wikimedia Commons 

Але калі тэарэтычна паглядзець на лукашэнкаўскі сцяг, то так, рашэнні ёсць і яны даволі простыя. Па-першае, трэба адзначыць, што пэўныя захады былі зробленыя самой дзяржавай. Незаўважна для ўсіх у 2012 годзе даволі яркія колеры сцяга былі замененыя на больш цёмныя, прыглушаныя, што змякчыла ўспрыманне сцяга.

Па-другое, не толькі беларускі сцяг мае чырвона-зялёнае спалучэнне. Напрыклад, нашая суседка Літва мае трыкалор з чырвонай і зялёнай палосамі, але тут колеры куды больш глыбокія, а палосы маюць роўны памер, праз што ўздзеянне не такое моцнае. 

Дзяржаўны сцяг Літвы мае тое ж спалучэнне чырвонага з зялёным, але палосы на ім раўназначныя, колеры яшчэ больш прыглушаныя, што нейтралізуе непажаданыя эфекты ўспрымання. Фота: Wikimedia Commons 

А вось за савецкім часам у Літвы быў сцяг, падобны да беларускага — без арнаменту, з сярпом і молатам, але таксама з зялёнай паласой унізе. Істотная розніца палягала ў тым, што гэтая зялёная паласа аддзеленая ад чырвонага палотнішча нейтральнай белай. Адразу большасць балючых для нашых вачэй эфектаў знікла, быццам і не было — зялёны і чырвоны больш не канфліктуюць паміж сабой. Прыкладна тое ж самае можна пабачыць сёння і на сцягу Чачні.

Нейтральная белая паласа паміж зялёным і чырвоным колерамі на сцягу Чачні вырашае большасць праблем успрымання. Фота: Wikimedia Commons 

Магло быць і горш. Варыянт, які Лукашэнка прапаноўваў у 1995 годзе, меў выгляд чырвонага палотнішча з тонкімі зялёнымі палосамі зверху і знізу — такі выгляд па ступені сваёй «вырвівочнасці» недалёка сышоў ад нармалізаванага лагатыпа Саюза мастакоў.

Праект сцяга, прапанаваны Аляксандрам Лукашэнка 21 сакавіка 1995 г. Фота: Wikimedia Commons 

Рэжым Лукашэнкі ў сваім змаганні з усім, дзе ён бачыць беларускую сімволіку, настолькі адарваўся ад рэальнасці, што выкараняе любыя падобныя спалучэнні насуперак гістарычнай традыцыі, здароваму сэнсу і мастацкаму густу.

І чым даўжэй гэта працягваецца, тым больш колеры афіцыйнага сцяга ўспрымаюцца не праз свае фізічныя асаблівасці і чалавечую фізіялогію, а праз эмацыйнае ўспрыманне чырвона-зялёнага як агрэсіўна-варожага спалучэння.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Дальтоник со стажем
    01.08.2023
    Не знаю, мне не режет глаз, т.к. я дальтоник. Таких как я, минимум 8% мужского населения.
  • прооооостите поооожалуйстаааа
    01.08.2023
    а как с точки зрения колористики флаг Эстонии, не режет?
  • Пажалуй сабе ў парткі
    01.08.2023
    прооооостите поооожалуйстаааа, лічу ўто трэба браць прыклад са сьцягу Мазамбіку. Там болей гаспадар і ўладар нашага "прэзідэнта" любіць і паважае краіны Афрыкі якія цяпер нашыя новыя лепшыя сябры. Ну ці са сьцягу Талібана. Якія таксама таскама ганаровыя госьці ў сталіцы "Союзного Государьства". А каларыстыка - гэта прадажная шлюха капіталізму, як і кібэрнэтыка з эрганомікаю.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа16

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?2

У эфіры БТ выйшаў шпіёнскі фільм пра асуджаных Дзмітрыя Пазнякова і Томаша Бярозу4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?8

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ сямі чалавек, вызваленых праз памілаванне

Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе10

Прапаганда піша, што сын экс-кіраўніка МЗС Украіны купіў «Жалезны трон» за $1,5 мільёна. Праўда?7

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

На Расію ўпаў астэроід21

Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа16

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →