Храм можа размясціцца ў іншым баку вуліцы Нямігі, каля Тэатра музкамедыі.
У Мінску ў будучыні можа з'явіцца храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці, пішуць Мінск-навіны.
У Маскоўскім раёне завяршылася грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі культавага аб'екта. Абмеркаванне праводзілася ад 13 да 27 чэрвеня.
Аб'ект прапануецца размясціць паміж Тэатрам музычнай камедыі і «Беларусбанкам». Габарыты храма: — 28 на 12 метраў у даўжыню і шырыню і 25 метраў у вышыню. За архітэктурную аснову ўзяты крыжова-купальны старажытны тып храма, які прыйшоў з Візантыі.
У прэзентацыі ёсць гістарычная запіска з тлумачэннямі. Адзначацца, што аналагічны храм існаваў у Мінску. 29 кастрычніка 1888 года з імператарскім цягніком у Расіі здарылася чыгуначная катастрофа. З сямействам Аляксандра III, праўда, не здарылася нічога благога. Але ў памяць гэтага выратавання ў Мінску на Захар'еўскай вуліцы была ўзведзена капліца, а на Прывакзальнай плошчы пабудавалі драўляную царкву. Пазней, у 1914-м, епіскап Мінскі і Тураўскі Мітрафан асвяціў новы каменны прывакзальны храм у імя Казанскай іконы Божай Маці. Храм быў узведзены паміж капліцай і драўлянай царквой і меў выгляд велічнага сабора. Будынак праіснаваў да 1936 года, драўляная царква — да 1961-га. Іх знеслі савецкія ўлады.
Як напісана ў прэзентацыі праекта, страчаныя святыні «з'яўляюцца значнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю не толькі ў рамках сталіцы, але і краіны». А нешматлікасць праваслаўных храмаў у цэнтры горада робіць актуальным пытанне ўзнаўлення такой царквы, пішуць Мінск-навіны.
Аднак ранейшае месца размяшчэння забудовы (цяпер пл. Мяснікова) не дазваляе пабудаваць там поўнапамерны храм. Таму ў канцэпцыі прапануецца ў гістарычным пункце (на вул. Мяснікова, 6) размясціць толькі невялікую капліцу з памятным знакам. А сам храм узвесці непадалёк, на вуліцы Нямізе, і злучыць абодва месцы малымі архітэктурнымі формамі і інфармацыйнымі стэндамі.
Капліцу прапануецца размясціць на краі плошчы Мяснікова, яна будзе закрытага тыпу (у яе не прадугледжаны доступ людзей) і невялікіх габарытаў (2,3×2,3×7 м). На галоўным фасадзе размесціцца памятны знак у гонар іконы Божай Маці Казанскай.
Улічваючы, што падчас грамадскага абмеркавання не паступіла ніводнага звароту ад гараджан, а сама канцэпцыя была дапрацавана з улікам папярэдніх заўваг, то архітэктурна-горадабудаўнічая рада падтрымала праектную прапанову.
Вядома, што заказчыкам архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі выступіў прыход храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці ў г. Мінску.
Каментары