Ва ўсіх школах Мінска ў новым навучальным годзе будзе дзейнічаць прапускны рэжым
Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года надаецца пытанням бяспекі, расказаў намеснік старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Глеб Лаўрыновіч, піша БелТА.
Усе школы і гімназіі Мінска абсталяваныя прапускнымі сістэмамі. Тыя ж школы, якія паводле сваіх тэхнічных характарыстык, зыходзячы з патрабаванняў пажарнай бяспекі, не могуць быць абсталяваныя адпаведнымі прапускнымі сістэмамі, абсталяваныя дамафоннымі прыладамі.
Гэта ў першую чаргу тычыцца пачатковых школ, створаных на базе былых дзіцячых садкоў.
«Усе ўстановы і дашкольнай, і агульнай сярэдняй, і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абсталяваныя відэакамерамі. Відэаназіранне ўстаноўлена не толькі на ўваходных групах — праглядаецца і тэрыторыя ў цэлым. Таксама відэаназіранне ўстаноўлена і ў такіх месцах масавага знаходжання навучэнцаў і работнікаў, як, напрыклад, харчаблокі і абедзенныя залы», — заўважыў Лаўрыновіч.
Каментары