Новае адкрыццё можа садзейнічаць лячэнню старэчай дэменцыі і хваробы Паркінсана
Даследаванні на мышах і прыматах паказалі, што ін'екцыі бялку klotho палепшылі памяць гэтых жывёлаў. Гэта можа стаць крокам на шляху да клінічнага лячэння такіх нейрадэгенератыўных захворванняў, як хваробы Альцгеймера, Паркінсана, рассеяны склероз ды іншых.
Пагаршэнне мыслення і памяці пры старэнні — сурʼёзная біямедыцынская праблема. Вучоныя ўжо шмат дзесяцігоддзяў шукаюць спосабы лячэння такіх захворванняў, як хваробы Альцгеймера, Паркінсана і рассеяны склероз. Аднак поспехі пакуль вельмі нязначныя.
Група вучоных вырашыла праверыць уздзеянне бялку klotho на кангнітыўныя функцыі прыматаў. Пра вынікі свайго даследавання яны расказалі ў часопісе Nature Aging.
Бялок klotho яшчэ называюць «фактарам даўгалецця». Сваю назву ён атрымаў ад грэчаскай багіні Клато, якая ткала нітку жыцця. Гэты бялок удзельнічае ў рэгуляцыі абмену рэчываў, абароне ад аксідантнага стрэсу і старэння.
Яго трансмембранная форма дапамагае гармонам кантраляваць узровень фосфару і вітаміну D у арганізме. А растваральны бялок, які трапляе ў кроў, дзейнічае як эндакрынны фактар. Узровень klotho зніжаецца з гадамі, а таксама пры нейрадэгенератыўных захворваннях.
Папярэднія даследаванні на мышах паказалі, што ін'екцыя klotho можа працягнуць жыццё жывёл і павысіць сінапсічную пластычнасць — здольнасць кантраляваць сувязь паміж нейронамі ў злучэннях, якія называюцца сінапсамі. Новае даследаванне, праведзенае ўжо на прыматах, прадэманстравала такі ж эфект.
Даследаванне ўключала тэставанне кагнітыўных здольнасцяў старых макак-рэзусаў (Macaca mulatta), якім было ў сярэднім 22 гады, да і пасля аднаразовай ін'екцыі klotho. Для гэтага даследчыкі выкарысталі просты тэст праверкі прасторавай памяці: малпы павінны былі запомніць месца знаходжання прысмаку, схаванага даследчыкамі на іх вачах у адну з некалькіх ямак.
Такі тэст можна параўнаць з успамінам пра тое, дзе мы пакінулі сваю машыну на аўтастаянцы, ці з аднаўленнем паслядоўнасці лікаў за пару хвілін пасля таго, як яе пачулі. Такія задачы з узростам даюцца ўсё цяжэй.
Малпы паказалі значна лепшыя вынікі ў гэтых тэстах пасля ўвядзення klotho. Да ін'екцый яны ідэнтыфікавалі правільныя ямкі прыкладна ў 45% выпадкаў, пасля ін'екцыі гэты паказчык склаў прыкладна 60%. Паляпшэнне памяці захоўвалася не менш за два тыдні.
Вучоныя адзначылі, што такі эфект быў дасягнуты пры нізкай дозе прэпарату (10 мкг/кг). Павышэнне дозы ў два і тры разы ніяк не паўплывала на вынікі.
Даследчыкі адзначаюць, што да гэтага часу незразумела, як канкрэтна ін'екцыя klotho аказвае такі ўплыў на мозг і чаму ён так доўга працягваецца. Сам бялок не можа трапіць з крыві да мозгу. Каб раскрыць механізм уплыву, неабходныя новыя даследаванні, якія дапамогуць вызначыць, якія прамежкавыя звёны задзейнічаныя ў гэтым працэсе.
Улічваючы блізкасць генетыкі і фізіялогіі прыматаў і людзей, вялікая імавернасць ужывання такога метаду для лекавання кагнітыўных расстройстваў у чалавека. Але вырашальнае значэнне для рэалізацыі клінічнага патэнцыялу klotho будзе мець раскрыццё механізма яго ўздзеяння.
Чытайце яшчэ:
Першы за 20 гадоў прэпарат ад хваробы Альцгеймера. ЗША ўхвалілі прэпарат адуканумаб
Каментары