Палітвязням забаранілі наведваць бібліятэкі — сваякі палітвязняў з дзвюх калоній
Як стала вядома «Нашай Ніве», у маі палітвязням наваполацкай і шклоўскай калоній забаранілі наведванне бібліятэк.
Са шклоўскай калоніі (дзе памёр Вітольд Ашурак) паведамілі, што гэтая забарона была ўведзена яшчэ ў маі. Вязні звязваюць яе з жаданнем адміністрацыі мінімізаваць магчымасць сустрэч палітычных з розных атрадаў.
«У маі адміністрацыя ПК-17 увяла забарону наведвання бібліятэкі ўсімі асуджанымі з 10-м прафулікам («экстрэмізм»). Каб палітвязні не маглі перасякацца і групавацца ў калоніі», — расказаў суразмоўца «Нашай Нівы».
Тое ж самае адбылося і ў калоніі Наваполацка, дзе раней знаходзіўся Віктар Бабарыка і дзе, імаверна, з ім здарыўся інсульт. Паводле інфармацыі былога палітвязня Валянціна Лабачова, якую ён атрымаў ад сваякоў зняволеных, забарона на наведванне бібліятэкі была там уведзеная таксама ў маі.
«Новы начальнік наваполацкай калоніі забараніў палітзняволеным удзельнічаць у спаборніцтвах і нават хадзіць у бібліятэку. Гэта распараджэнне было аддадзена дзесьці ў канцы мая», — расказаў «Нашай Ніве» Валянцін Лабачоў.
Акрамя таго, у калоніях Шклова і Наваполацка палітвязням абмяжоўваюць наведванне спортгарадка і царквы.
У нас пакуль няма інфармацыі, ці адбылося тое самае ў іншых калоніях.
«Наша Ніва» просіць чытачоў — самім або праз сяброў і сваякоў, якія маюць магчымасць рабіць гэта бяспечна — дасылаць інфармацыю пра сітуацыю ў іншых калоніях.
Калі маеце важную для ўсіх інфармацыю, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Характар катаванняў у ІЧУ і калоніях сведчыць пра тое, што існуе цэнтралізаваны загад на іх правядзенне, але наяўнасць выразных адрозненняў між рознымі калоніямі і СІЗА паказвае, што сітуацыя залежыць і ад асабістай пазіцыі начальнікаў устаноў.
У некаторых ІЧУ палітвязняў утрымліваюць ва ўмовах, роўных катаванню. На Акрэсціна ў камерах, разлічаных на дваіх-шасцярых чалавек, садзяць па 10—25 чалавек.
У калоніях палітвязняў беспадстаўна змяшчаюць у ШІЗА, збіваюць, пазбаўляюць перадач, знішчаюць выходную і ўваходную карэспандэнцыю, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму.
Маюць месца здзекі па нацыянальнай прыкмеце: беларускамоўных вязняў прымушаюць размаўляць і перапісвацца па-руску.
Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі. Так, пра Міколу Статкевіча нічога не вядома ўжо 135 дзён.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінуты базавыя нормы законнасці і маралі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНяволя, вайна і выгнанне раскрылі ў многіх беларусах суперздольнасці
«Што было ў турме, застаецца ў турме». Вязні і палітвязні з «нізкім сацыяльным статусам»? Што пра гэта вядома
«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў
Каментары