Былому дылеру Bosch у Мінску забаранілі выкарыстоўваць лагатып кампаніі і далі штраф за яго ўжыванне
Як стала вядома расійскаму тэлеграм-каналу Mash, кампанія Bosch пачала рассылаць уладальнікам сваёй франшызы ў Беларусі і Расіі патрабаванні пазбавіцца ад фірмовых лагатыпаў і заплаціць няўстойку за іх ужыванне.
Mash апублікаваў у якасці доказу відэа са скаргай ад аднаго з уладальнікаў франшызы Bosch у Беларусі.
На відэа 35-гадовы прадпрымальнік з Мінска і ўладальнік дызельнага цэнтра Bosch «Сэрвіс дызельных сістэм» (Мінск, вул. Магілёўская, 33) Яўген Ліхтаровіч расказвае, што кампанія Bosch выслала яму афіцыйны ліст з патрабаваннем пазбавіцца ад усіх яе шыльдаў і лагатыпаў.
Акрамя таго, прадпрымальніку вынеслі штраф за выкарыстанне фірмовых знакаў кампаніі ў памеры 100 тысяч рублёў (у відэа мужчына не ўдакладняе, якіх менавіта рублёў — беларускіх ці расійскіх).
«Днямі наш дызельны цэнтр атрымаў ліст ад кампаніі Bosch з іскавымі патрабаваннямі дэмантаваць фірмовыя шыльды і лагатыпы, а таксама кампенсаваць няўстойку за іх ужыванне на суму 100 тысяч рублёў. Хачу адзначыць, што ўсе гэтыя шыльды і лагатыпы, як і дарагое абсталяванне, былі зробленыя і набытыя за наш уласны кошт. І гэтыя выдаткі ніяк не былі нам кампенсаваныя самой кампаніяй», — скардзіцца беларускі прадпрымальнік у відэа.
Як піша Mash, такія ж скаргі прыходзяць і былым дылерам у Расіі: у Калінінградзе, Барнауле, Казані і многіх іншых гарадах.
Нямецкі канцэрн Bosch — адзін з найбуйнейшых вытворцаў і пастаўшчыкоў прамысловых, бытавых і аўтамабільных тавараў у свеце. Пасля пачатку расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну Bosch спыніў свае пастаўкі ў Беларусь і Расію, а таксама разарваў кантракты са сваімі дылерамі ў гэтых краінах.
Каментары