Літва ўводзіць новыя абмежаванні на транзіт тавараў праз Беларусь і Расію
Пры транзіце грузаў у Літву праз тэрыторыю Расіі або Беларусі з 3 ліпеня трэба будзе паказаць «дэкларацыю вытворцы». Гэты дакумент будзе пацвярджаць, што вытворца ведае, хто канчатковы пакупнік, паведаміла прэс-служба літоўскай мытні.
Гэтае патрабаванне распаўсюджваецца на 57 відаў тавараў, якія могуць, на думку літоўскага боку, выкарыстоўвацца ў вайсковых мэтах. І дэкларацыя ў гэтым выпадку павінна пацвердзіць, што гэтыя тавары ідуць менавіта ў трэцюю краіну транзітам.
Фактычна ў гэтым выпадку вытворца бярэ на сябе адказнасць. Ён павінен не толькі пазначыць у мытнай дэкларацыі прадаўца і пакупніка ў трэцяй краіне, але і пацвердзіць, што тавары не будуць перапрададзеныя ў Расіі і Беларусі.
Літоўская мытня спрабуе змагацца такім чынам з паралельным імпартам санкцыйных тавараў. З 5 чэрвеня кантроль за такімі таварамі ў Літве ўжо быў узмоцнены. Таксама літоўцы абяцалі больш уважліва правяраць грузы з лагістыкай, якая не мае эканамічнага ці іншага разумнага абгрунтавання.
Каментары