Чаму ў Беларусі адключаюць гарачую ваду летам, а ў Польшчы — не
Летні сезон асацыюецца ў беларусаў не толькі з вакацыямі і адпачынкам, але і са штогадовым планавым адключэннем гарачай вады. Для многіх рэлакантаў у краіны ЕС становіцца шокам, што там няма «двух тыдняў з тазікам». Чаму ж у Беларусі адключаюць гарачую ваду, а ў той жа Польшчы — не, тлумачыць «Еўрарадыё».
У Беларусі карыстаюцца сістэмай цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, якая была пабудаваная яшчэ ў Савецкім Саюзе. На жаль, яе распрацавалі без уліку ўмоў эксплуатацыі, таму тэрміны старэння выявіліся значна карацейшымі. На сёння цеплатрасы, пракладзеныя дзесяцігоддзі таму, маюць патрэбу як мінімум у рэгулярнай праверцы. А праводзіць яе без адключэння вады немагчыма.
У большасці краін свету планавых адключэнняў гарачай вады няма акурат такі праз адсутнасць сістэм цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння. Звычайна ў дамы цэнтралізавана падаецца толькі халодная вада, якая на месцы падаграваецца бойлерамі. Лакальныя воданагравальнікі і катлы стаяць або ў кватэрах, або ў падвалах шматпавярховых дамоў.
Чаму ж у Беларусі не заменяць наяўную сістэму?
Палітык і блогер Аляксандр Кныровіч больш за 20 гадоў кіраваў у Беларусі групай будаўнічых кампаній «Сармат» і дакладна знаецца на трубах.
«Калі ставіць за мэту пераўладкаваць сістэму з цэнтралізаванай на размеркаваную, то гэта абыдзецца ў некалькі сотняў мільёнаў даляраў дакладна, а магчыма, што і ў мільярд. Таму што трэба ўсе гэтыя магутныя цэнтралі разбурыць і на іх месцы ў кожным раёне ці квартале паставіць такія маленькія асобныя цеплацэнтралі.
Пры цяперашняй уладзе гэта цалкам немажліва. Калі нешта зменіцца і ў Беларусі будзе дэмакратыя, то з дапамогай еўрапейскіх фондаў гэта стане магчыма. Размеркаваная сістэма, вядома, больш устойлівая. А цэнтралізаваная — гэта ўсё спадчына Савецкага Саюза», — кажа ён
Пра тое, што ў агляднай будучыні няварта чакаць замены цяперашняй сістэмы, пагаджаюцца і ўлады ў каментарах дзяржаўных медыя. І гэтак жа тлумачаць прычыну: дорага.
Быў месяц, стала два тыдні
Цяпер гарачую ваду адключаюць на два тыдні. Дзяржаўныя медыя падносяць гэта як дасягненне, маўляў, прагрэс у параўнанні з тым, што было да 2006 года, калі без гарачай вады жылі цэлы месяц!
Па словах Кныровіча, тэрмін прафілактыкі можна скараціць яшчэ:
«У чым заключаецца гэты працэс: на асобныя кавалкі гэтай трубы падаецца ціск і глядзіцца, дзе яна парвалася, дзе ёсць нейкія праблемы. На гэты працэс патрэбны тыдзень — не болей. Але ёсць і тэхнічныя абмежаванні: менш за тыдзень гэта не можа быць, але да тыдня гэты працэс маглі б скараціць. Гэта ўсё у руках Белэнерга і сістэмы ЖКГ. Калі б яны атрымалі загад зверху, то яны б гэта зрабілі. Праблема ў людзях — у той сістэме, якую яны пабудавалі».
У Еўропе пакуль найгоршая сітуацыя з адключэннем гарачай вады ў Малдове: там яна можа не падавацца тэрмінам ад аднаго да двух месяцаў. У Латвіі і Чэхіі адключэнне можа працягвацца ад некалькіх гадзін да тыдня, у Эстоніі — ад аднаго да двух дзён.
Каментары
А значыть тарыфы будуть такия што увогуле герачай не будем мыццца.. бо нихто зп не павысить явна