Грамадства1414

«Полк Каліноўскага прыйдзе вызваляць Беларусь — ты будзеш рады»? Што пытаюцца і што глядзяць у тэлефоне — расказвае чалавек, які нядаўна праходзіў мяжу

У чэрвені праверкі на мяжы, выглядае, сталі яшчэ больш строгімі. Адзін з тых, хто трапіў на допыт па вяртанні ў Беларусь, падрабязна апісаў, што ў яго пыталіся і што правяралі. Расказваем, што цікавіць сілавікоў, а таксама аналізуем, хто можа трапіць на такую праверку і як абараніць сябе.

«Адкуль едзеце? Што там рабілі? У каго жылі? Што ва ўладзе не падабаецца?»

Гісторыю свайго сябра, які вяртаўся з Еўропы, даслаў нам адзін з чытачоў. Чалавека, які трапіў на паглыбленую праверку, у 2020-м судзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у ланцугу салідарнасці. Рэдакцыі вядомыя імёны, але іх не раскрываем у мэтах бяспекі.

«Я загадзя папярэдзіў кіроўцу, што пайду першы, бо мяне будуць доўга даглядаць. Ён гэта ведае ўжо і зрабіў аб'яву, каб такія беларусы, як я, ішлі наперадзе, як і ўкраінцы. Цяпер украінцаў доўга дапытваюць таксама. Я так зразумеў, што цяпер да ўкраінцаў яны ставяцца як да патэнцыйных тэрарыстаў.

Памежніца забрала мой пашпарт і сказала пачакаць за будкай з рэчамі. Потым прыйшла яшчэ адна памежніца і яны прагналі рэчы праз рэнтген. Пасля мяне правялі ў будынак памежнага пункта.

Забралі тэлефоны і пашпарты і аднеслі ў кабінет з процьмай лаваў і сталом, дзе сядзелі два мужчыны ў цывільным, імаверна, супрацоўнікі КДБ ці контрразведкі. Адзін з мужчынаў пачынае задаваць правакацыйныя пытанні:

— Адкуль едзеце? Што там рабілі? У каго жылі? Як часта так ездзіце? За што былі затрыманыя ў 2020-м? Чаму выйшлі тады на пратэст? Што вам не падабалася ва ўладзе? А цяпер нешта не падабаецца? Дзе жывяце ў Мінску? Дзе працуеце? А дзяўчына ваша як?

Паралельна лазіць у тэлефоне. Паролі нават не запісвае, проста кажа штораз увесці, калі штосьці блакуецца. Шукаў, здаецца, за што зачапіцца і раскруціць мяне.

Праглядаў усё: галерэю, браўзеры, Play Market, каб там, можа, не было якой «Новай Беларусі», гісторыю браўзера, сметніцу, гісторыю далучэння прыладаў, альбомы, нататкі, кантакты, сацыяльныя сеткі. Потым сказаў у тэлеграме ўвесці пароль. Там лазіў па захаваным, чатах, думаю, праверыў таксама боты. Але не было да чаго прычапіцца, і я так адказаў на пытанні:

— Выйшаў у 2020-м, бо не мог стрываць гвалту ў Беларусі і бачыў збітых людзей пасля Акрэсціна. Пасля арышту перастаў хадзіць. Мне не падабаецца, што мяне пастаянна дыскрымінуюць праз гэта: цяжка ўладкавацца на прадпрыемства, пастаянна могуць затрымаць ні за што, на мяжы вось цяпер даглядаюць, як злодзея, хоць «заслужанае пакаранне» я ўжо адбыў.

У фінале ён спрабаваў мяне падлавіць: «Але ж вы дагэтуль цікавіцеся палітыкай: тэлеграм у вас чысты, дзе навіны чытаеце?» Але тут я таксама мог адказаць з чыстым сумленнем:

— Нідзе не чытаю, бо ўжо не магу зразумець, што забароненае, а што не, а навіны апошнім часам заўжды дрэнныя, і я на іх не ўплываю.

Потым пачаў знянацку распытваць пра Украіну:

— Ці ёсць у вас сябры з Украіны? Вашы знаёмыя ёсць у Палку Каліноўскага? Калі яны прыйдуць вызваляць Беларусь, то вы ж будзеце рады?

— Ва Украіне нікога няма, як і знаёмых у Палку. Я ўвогуле супраць гвалту, але гэта ў любым разе фантастычны план (пра заход ПКК у Беларусь. — НН), бо ў рэальнасці аніякая краіна не дазволіць, каб з яе тэрыторыі здзейнілі напад на іншую, — адказаў я.

На што кадэбіст:

— Гэта будзе не напад, а вызваленне Беларусі, вы што, не ведаеце?

Я адказаў нешта няўцямнае, але быў, мякка кажучы, здзіўлены пастаноўкай пытання. У выніку ён сказаў, што «дазваляе мне ўехаць» і аддаў пашпарт з тэлефонам.

Потым мытнік дагледзеў заплечнік, склаў пратакол пра мытны агляд і адпусціў. Кіроўцы кажуць, што так цяпер даглядаюць вельмі шмат людзей і частка з іх пасля едзе на суткі або на крыміналку».

Па звестках іншага чытача, на мяжы падчас допыту могуць цікавіцца таксама ахвяраваннямі пацярпелым ад гвалту праз «Байсол» і стаўленнем да структур беларусаў у эміграцыі.

Таксама на мяжы людзей здымаюць на відэа ў твар. 

Каго на мяжы адпраўляць на допыт і надгляд?

Мяркуючы па расказах, пільна даглядаюць людзей, якіх затрымлівалі па «палітычных» артыкулах, а таксама грамадзян Украіны.

Па нашых звестках, пачалі больш пільна даглядаць таксама тых, хто мае ВНЖ, карту паляка ці дазвол на працу ў краіне ЕС або доўга не быў у Беларусі.

Па звестках «Медыязоны», дагляды пачаліся ў машынах дальнабойнікаў: некаторыя з іх атрымалі суткі або буйныя штрафы за беларускую нацыянальную сімволіку.

А як абараніцца?

Па-першае, калі вы ўжо вырашылі ехаць, то варта падрыхтавацца да допыту маральна. Вы мусіце ведаць, што адказаць на пытанні пра палітыку.

Па-другое, няварта браць з сабой за мяжу або з-за мяжы беларускую нацыянальную сімволіку. Якраз за гэта затрымлівалі і каралі дальнабойнікаў.

Па-трэцяе, пачысціце ваш смартфон (або майце асобны для перасячэння мяжы) ды вашы акаўнты. Пра гэта мы пісалі адмысловыя гайды.

Прыводзім на іх спасылкі ніжэй.

У нататках і кантактах, вядома, няварта захоўваць нічога, што можа падацца сілавікам падазроным. Калі вам лянота займацца чысткай акаўнтаў, то, магчыма, прасцей за ўсё будзе стварыць новыя, цалкам чыстыя акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках, а тыя выдаліць.

Каму ездзіць у Беларусь асабліва небяспечна? Аналізуем затрыманні 

На гэта пытанне складана адказаць дакладна, але можна вылучыць некалькі катэгорый.

Па-першае, гэта людзі, якія «засвяціліся» на фота з пратэстаў у Беларусі і за мяжой або былі пакараныя за ўдзел у пратэстах. Яны амаль напэўна ёсць у базах беларускіх спецслужбаў. З апошніх гучных выпадкаў — дзяўчына, якая прыехала ў Беларусь, каб памяняць пашпарт, але супраць яе завялі крымінальную справу, а з больш даўніх выпадкаў — сям'я фатографаў, якая вярнулася ў Беларусь на лячэнне (яны выходзілі на акцыі за мяжой).

Другая частка затрыманых — гэта людзі, якія пакідалі каментары ў сацыяльных сетках ці месенджарах. Такіх выпадкаў некалькі толькі за апошнія пару месяцаў, апошні з іх — затрыманне айцішніка пасля вяртання з Польшчы.

Супраць гэтых людзей аб'яўляюць мерапрыемства, якое называецца «кантроль мяжы». То-бок яны не ведаюць, што іх шукаюць, але іх затрымліваюць па вяртанні.

Апошняя катэгорыя — гэта ўкраінцы. Нягледзячы на вясёлкавыя рэпартажы з дзяржТБ пра тое, як іх чакаюць і прымаюць, паступаюць паведамленні пра тое, што да іх цяпер, мякка кажучы, асаблівае стаўленне.

Вядома пра некалькіх ўкраінцаў, якія цяпер за кратамі па абвінавачаннях у «шпіянажы» і «агентурнай дзейнасці». 

Пільную ўвагу могуць таксама выклікаць людзі, якія чакаюць на міжнародную або дадатковую ахову ад краіны ЕС. Да таго ж па вяртанні ў Беларусь яны страцяць свой статус і не будуць мець магчымасці атрымаць такую ахову.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Какнноп
    06.06.2023
    Уся Беларусь прагне вызвалення!
  • дуся
    06.06.2023
    Латэнтны беларус,грошай? сына дай або сам ідзі
  • ром
    06.06.2023
    Давайтя… вызваляйтя нас))) а мы пасмотрым😁
    Я бы их не вызваляу.. нашто?? Абсеруть усе-роуна

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»29

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?3

Чэргі з аўтобусаў на межах Беларусі зноў зніклі

Вельмі моцны пажар на нафтабазе ў Пермскім краі Расіі

Бывай, Еўропа! Беларусы канчаткова перасаджваюцца на кітайскія аўто20

На Нобелеўскую прэмію міру сёлета прэтэндуе 286 кандыдатаў

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць1

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка12

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»29

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →