Стала вядома, хто той айцішнік, якога днямі затрымалі па вяртанні з Польшчы. А таксама тое, як яго адсочвалі
У мінулую пятніцу праўладныя каналы паведамілі пра яго затрыманне. Сёння прапагандысты расказалі, хто той айцішнік і як яго затрымалі.
Мінчуку Яўгену Ціханаву 40 гадоў. Ён скончыў акадэмію МУС больш за 15 гадоў таму і паспеў папрацаваць участковым, але звольніўся па ўласным жаданні. Пасля, па інфармацыі з яго сацсетак, нейкі час пажыў у Еўропе, у Італіі.
Мужчына пазней перайшоў у IT. Калі верыць яго старонцы ў Linkedin, апошні час працаваў на пасадзе старшага інжынера па кантролі якасці праграмнага забеспячэння (Senior Software QA Engineer) у кампаніі SK hynix memory solutions. Разам з кампаніяй мужчына пераехаў у Польшчу.
Яго затрымалі пры спробе ўезду ў Беларусь — мужчына хацеў прыехаць на дзень нараджэння маці і аформіць даверанасць, а таксама ўзяць даведку пра адсутнасць судзімасці.
Згодна з паведамленнямі ГУБАЗіК, яго паставілі на так званы «кантроль мяжы». Выглядае так, што пры гэтых мерапрыемствах чалавек можа не ведаць пра магчымасць затрымання (да яго сваякоў не прыходзяць, а яго нідзе не шукаюць), калі ён за мяжой, але адразу пасля перасячэння мяжы яго затрымаюць.
Супраць Яўгена Ціханава, як паведамляецца, заведзеная крымінальная справа за каментарыі ў тэлеграме пра сілавікоў і Лукашэнку па трох артыкулах.
Гэта не першы выпадак затрымання людзей пры вяртанні іх у Беларусь. Пра такія выпадкі становіцца вядома ледзь не штотыдзень — многія з тых, хто вяртаецца, на жаль, пасля папаўняюць спісы палітвязняў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары