Навука і тэхналогіі22

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

«Наша Ніва» ўжо рабіла інструкцыю, як ачысціць свой профіль у Instagram, а таксама разбіралася з месенджарамі Telegram, Viber і WhatsApp. Гэтым разам паклапоцімся пра бяспеку ў класічных сацсетка — VK, Facebook і «Аднакласніках».

«Укантакце»

Сярод старых сацсетак найбольшай папулярнасцю ў беларусаў карыстаецца расійскі VK. 

Першае, з чаго можна пачаць, — гэта выгляд старонкі. У бягучых умовах варта рабіць так, каб мага менш людзей маглі бачыць размешчаную інфармацыю. Але варта разумець, што проста зрабіць профіль закрытым — недастаткова, бо не вядома, хто можа атрымаць доступ да акаўнта кагосьці са спісу вашых сяброў. Таму, каб максімальна сябе засцерагчы, трэба націснуць на круглае фота вашага профілю, а затым перайсці ў «Налады» > «Прыватнасць». Там амаль ва ўсіх палях лепей выбраць варыянт «Толькі я», каб нават ніхто з вашых сяброў не бачыў, на якія групы вы падпісаныя, якія вы захоўваеце фота, відэа і г.д. 

Наступны крок для бяспекі — пошук каментароў, якія вы пакідалі пад рознымі допісамі. Для гэтага ў VK прадугледжаны даволі зручны і просты механізм. 

Каб знайсці пакінутыя вамі каментары і іншыя рэакцыі, трэба перайсці ў «Навіны» і ўжо там у меню з правага боку праглядаць патрэбныя вам віды актыўнасцяў. 

Націснуўшы на «Каментарыі», у вас з'явіцца ўвесь спіс публікацый, пад якімі вы некалі пакідалі каментар. Пры неабходнасці вы можаце яго выдаліць. Таксама ў VK ёсць магчымасць прагледзець і іншую вашу актыўнасць. Абраўшы ў меню «Рэакцыі», вы ўбачыце не толькі ўпадабаныя вамі запісы, але і каментары іншых карыстальнікаў, якія вы ацанілі падабайкай. 

Наступны крок да бяспекі — прагляд вашай «Сцяны», на якой не толькі вы, але і іншыя карыстальнікі маглі пакідаць допісы. Выдаляць «экстрэміцкія» допісы варта нават у тых выпадках, калі вы зрабілі свой профіль максімальна закрытым. 

Апошні вельмі важны крок — ачыстка гісторыі перапісак. 

Інтэрфэйс VK дазваляе хутка выдаляць размову, але такім чынам вы выдаляеце яе толькі з гісторыі стасункаў для свайго акаўнта. Аднак VК дае магчымасць выдаляць адпраўленыя вамі паведамленні не толькі ў вас, але і ў суразмоўцы. Для гэтага трэба ўвайсці ў чат, выбраць патрэбнае паведамленне, націснуць на «Выдаліць» і абраць варыянт «Выдаліць ва ўсіх». Ваш суразмоўца больш не будзе бачыць змест паведамлення і нават інфармацыю аб тым, што вы яго выдалілі. Адзінае, што ў яго застанецца, — гэта тыя паведамленні, якія ён дасылаў вам.

Пасля гэтага можна выйсці з дыялогу ў агульны спіс і ўжо там выдаліць саму размову.

Яшчэ адзін раздзел, які варта праверыць на наяўнасць «небяспечнага» кантэнту — «Закладкі». Там сабраны допісы, якія вы калісьці вырашылі захаваць, каб не згубіць у будучыні.

Facebook 

Як і VK, амерыканскі Facebook дазваляе схаваць ад карыстальнікаў амаль усю інфармацыю, размешчаную ў вашым профілі, але разбірацца з усімі наладамі тут крыху цяжэй. Добра, што ўсе гэтыя складанасці кампенсуюцца наяўнасцю памочніка, які хоць і не заўжды простай мовай, але накіроўвае карыстальніка ў патрэбны раздзел меню.

Каб перайсці ў меню з наладамі, вам трэба націснуць на кружок са стрэлкай ▼, абраць «Налады і прыватнасць» > «Прыватнасць». І як і ў выпадку з VK, максімальна абмяжоўваем спіс людзей, якія могуць бачыць змест вашай старонкі.

Каб адшукаць пакінутыя вамі каментары, падабайкі і іншыя віды актыўнасцяў, трэба перайсці ў «Журнал актыўнасці». Там захоўваюцца ўсе вашы дзеянні, пачынаючы ад гісторыі пошукавых запытаў і прагледжанага кантэнту да напісаных каментароў і пастаўленых падабаек. 

Механізм выдалення паведамленняў у Facebook стандартны. Тут таксама можна выдаляць цалкам чат, але толькі ў сябе — у суразмоўцы застанецца поўная гісторыя перапіскі. Каб выдаліць адасланае вамі паведамленне, давядзецца заходзіць у дыялог, націскаць на «Выдаліць» і абіраць варыянт «Адмяніць адпраўкі для ўсіх». Пасля чаго замест адпраўленага раней паведамлення ў чаце застанецца надпіс «Вы скасавалі адпраўку паведамлення».

«Аднакласнікі»

Галоўнае адрозненне «Аднакласнікаў» ад Facebook і VK у тым, што пастаўленая падабайка (клас) раўназначная рэпосту — допіс адлюструецца і на вашай старонцы. 

Але абноўлены інтэрфэйс сацсеткі дазваляе паставіць «Прыватны клас», што зробіць яго не бачным для іншых карыстальнікаў.

Каб адшукаць раней пастаўленыя «класы», трэба ўвайсці ў браўзеры ў сацыяльную сетку і націснуць на сваё фота, размешчанае ў верхнім правым куце. У меню, якое з'явіцца, націсніце на сваё імя. 

Потым трэба ў профілі перайсці ва «Усё».

Шлях да пакінутых вамі каментароў ляжыць у адзеле «Абмеркаванні».

Разабраўшыся з падабайкамі і каментарамі, можна перайсці да наладаў выгляду старонкі. Для гэтага трэба зайсці ў «Налады» і абраць раздзел «Публічнасць». Адзінае, што адразу кідаецца ў вочы, — даволі сціплы спіс пунктаў, якія можна схаваць ад усіх карыстальнікаў. Таму ў пунктах, дзе няма магчымасці абраць варыянт «Толькі я», пакідайце «Толькі сябры». 

Што тычыцца ачысткі перапіскі, то яе механізм амаль цалкам такі самы, як ў VK і Facebook. Без дамоўленасці з суразмоўцай, сацсетка дазваляе выдаліць толькі адпраўленыя вамі паведамленні. Пасля чаго можна выдаліць і сам дыялог, але ўжо толькі з вашага боку.

Меры засцярогі з рэпостамі і раздзелам «Захаваныя» у «Аднакласніках» мусяць быць такімі самымі, як і ў іншых дзвюх сетках.

Чытайце таксама: 

Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі

Telegram і не толькі — як правільна пачысціць месенджары, каб не трапіць пад рэпрэсіі

Каментары2

  • Янка
    06.02.2024
    Прынамсі пра сеткі VK, Аднакласнікі і іншыя расейскія сервісы парада можа быць толькі адзінай - спыняць карыстанне імі.
  • Эксперд
    17.07.2024
    VK, Аднакласнікі і Тэлеграм - выдаліць і забыцца пра іх назаўжды. У Instagram і Facebook не выкарыстоўваць сапраўднае імя і прозвішча, не посціць асабістыя фотачкі, а лепш таксама выдаліць іх (прынамсі, з тэлефона, якім вы карыстаецеся ў Беларусі).

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі4

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

Гадзіннік смерці: новая мабільная праграма прадказвае час вашай смерці5

Ва Уздзе вырасцілі здаравенны гарбуз незвычайнай формы7

Беларусы адкрылі ў Польшчы аўтасэрвіс з запамінальнай назвай5

Як выглядае і колькі каштуе самае дарагое лецішча ў Беларусі2

Трамп прапанаваў Канадзе ўвайсці ў склад ЗША25

Гродзенскім студэнтам на экскурсіі ў турме расказалі пра «самыя камфартабельныя ўмовы»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →